• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

Гісторыя вуліцы Баграціёна

Гісторыя вуліцы Баграціёна

У Гродне пачалі вешаць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц. Вуліцы Савецкая, Леніна і Ажэшкі ў сераду 15 лютага сталі першымі ў цэнтры Гродна, якія абзавяліся адмысловымі шыльдамі з гістарычнымі назвамі вуліц. Іх устаноўкай займаецца гарадская ЖКГ. Плануецца, што астатнія 16 вуліц, уключаных у першы этап, атрымаць такія ж шыльды ў бліжэйшы час.

Спадзяемся, што калісьці і ў Ваўкавыск прыйдзе гэты трэнд, нягледзячы на недахоп грошай ў мясцовым бюджэце.

А пакуль, як і абяцалі, распавядзем пра гісторыю вуліцы Баграціёна ў Ваўкавыску. Вялікі дзякуй за гэта ваўкавыскаму краязнаўцу Мікалаю Быхаўцаву.   

Сучасная вуліца Баграціёна, на якой знаходзіцца ваенна-гістарычны музей імя таго ж расійскага палкаводца, з’явілася на пачатку XIX стагоддзя. На вядомай мапе Ваўкавыска 1798 года, якая памешчана ў другім томе энцыклапедыі гісторыі Беларусі ў артыкуле пра Ваўкавыск, гэтай вуліцы яшчэ няма. Няма яе і на мапе, складзенай у маі 1810 года. Таму не існавала яшчэ і сядзібы, у якой месціцца сучасны музей, і ў якой быццам бы знаходзіўся штаб Баграціёна. А вось сядзіба плябаніі Ваўкавыскага касцёла, якая разам з касцёлам знаходзілася на другім боку сучаснай вуліцы Суворава, насупраць сучаснага касцёла, на мапах пазначана. Менавіта ў плябаніі   знаходзіўся штаб 2-й Заходняй арміі, якой кіраваў Баграціён.

У першыню вуліца без названня паказана на мапе 1823 года, але далей за раку Ваўкавыя яна не цягнулася.

Дарэчы, адным з першых тут пабудаваўся ваўкавыскі павятовы  землямер, дваранін Іван Ігнацьевіч Дабравольскі, які ўпершыню прыгадваецца ў 1841 годзе. Яго нашчадкі ў асобе Соф’і Дабравольскай у 1914 годзе валодалі па вуліцы ўжо трыма дварамі. Можа таму, што на вуліцы пражываў вельмі ўплывовы чыноўнік-дваранін, вуліцу і назвалі Дваранскай. Тым болей, што да забудовы горада землямер Дабравольскі  меў непасрэднае і галоўнае дачыненне. Упершыню назва вуліцы Дваранская прыгадваецца ў лютым 1863 годзе.

Назва Дваранская праіснавала да  1912 года, калі яе перайменавалі ў сувязі з мерапрыемствамі ў гонар 100-гадовага юбілея вайны 1812 года, калі ў Ваўкавыску знаходзіўся адзін з галоўных расійскіх палкаводцаў гэтай вайны генерал Баграціён.

Цалкам вуліца Баграціёнаўская пазначана на мапе 1913 года, калі яна працягнулася амаль да самай чыгункі Баранавічы-Ваўкавыск.

У 1914 годзе на вуліцы Баграціёнаўскай знаходзіўся 31 двор, 2 з якіх належылі яўрэям. Адзін дом належыў плябаніі Ваўкавыскага касцёла. Спачатку вуліцы  існавала павятовая (уездная) турма, у якой на той час сядзела 35 арыштантаў, з якіх 4 жанчыны.

З прыходам польскай улады ў 1919 годзе  вуліцу перайменавалі на вуліцу 3 Мая, у гонар  Канстытуцыі Рэчы Паспалітай, прынятай у 1791 годзе. Але ўжо праз год, калі Чырвоная армія падчас наступлення на Варшаву на два месяцы акупавала Ваўкавыск, 17 жніўня 1920 года бальшавікі далі вуліцы названне Карла Лібкнехта, у гонар дзеяча германскага і міжнароднага камуністычнага руху, загінуўшага ў 1919 годзе. Праз два месяцы, калі польскае войска зноў заняла Ваўкавыск, мясцовыя ўлады вярнулі вуліцы назву 3 Мая.

Пасля прыхода ў Заходнюю Беларусь «вызваліцеляў», у лютым 1940 года з 75 вуліц, існуючых на той момант у Ваўкавыску, бальшавікі перайменавалі 25, у тым ліку вуліцу 3 Мая. Ёй надалі назву Баграціёна.

Дакладна невядома, як яна называлася ў  нямецкую акупацыю 1941-1944 гадоў. Улічваючы, што тады акупанты дазволілі вярнуць назвы вуліц, якія былі да 1940 года, то хучэй за ўсё яна зноў называлася 3 Мая.

Апошняе перайменаванне ў вуліцу Баграціёна адбылося ў ліпені 1944 года пасля прыходу другіх саветаў. Падчас ваенных падзей у адрозненні ад цэнтральных вуліц, вуліца Баграціёна  значна не пацярпла.

Такім чынам, на працягу свайго існавання вуліца мяняла назву 8 разоў, што сведчыць аб  пакутнай нашай гісторыі. За выключэннем новага будынка музея, узнікшага да 2005 года, на ёй, у аснаўным, захаваліся старыя забудаванні.

Фота Мікалай Быхаўцаў



Комментарии от авторизованных пользователей видны всем пользователям сразу, анонимные только после модерации!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Добавить комментарий

Последение комментарии

В те времена былинные…

Спасибо за статью и фотографии. С ностальгией вспоминала те времена. На фотографии узнала наши две г...


Бой в деревне Ятвезь

Оно конечно – смерть фашистам , но а как же МИРНЫЕ ЖИТЕЛИ ???? Разбомбили остатки деревни , да...


Люстрадзён на сёньня

Я считаю что для того то бы твоим именем назвали улицу города, то человек должен для этого города и...