17 лютага 1896 года ў Ваўкавыску нарадзіўся амерыканскі лекар-гастраэнтэролаг Мошэ ЭЙНХОРН (па-ангельску: Moses Einhorn).

Быў шостым з сямі дзяцей Цві Гірша Эйнхона — сына ўладальніка аптэкі ў Ваўкавыску і Міхлі Каган. Адукацыю атрымаў у мясцовым хедэры, затым вучыўся ў рэальным вучылішчы ў Ваўкавыску. У 1908 г. бацькі адправілі яго ў Эрэц-Ісраэль, дзе ён у 1914 г. скончыў каледж «Герцлія» ў Тэль-Авіве.

У 1916 г. эміграваў у ЗША, пасяліўшыся ў Нью-Ёрку. У 1917-1919 гг. служыў у арміі, удзельнік Першай сусветнай вайны. У 1922 г. скончыў медыцынскі факультэт Нью-Ёркскага ўніверсітэта. Займаўся лякарскай практыкай, загадваў гастраэнтэралагічным аддзяленнем лякарні ў Бронксе. У 1925-1928 гг. працаваў у лякарні «Маўнт Сінай», у 1926-1936 гг. — у Бэт-Ізрэйел.У 1926 г. быў адным з заснавальнікаў «Асацыяцыі іўрытамоўных лекараў». У 1927 г. разам з Э. Гальдштэйнам заснаваў «Harofe Haivri» — адзіны медыцынскі часопіс на іўрыце за межамі Эрэц-Ісраэль і быў яго выдаўцом да свайго скону. Распрацоўваў слоўнік медыцынскіх тэрмінаў на іўрыце. Удзельнічаў таксама ў стварэнні медыцынскай бібліятэкі ў лякарні Каплана ў Рэхавоце, якая была адкрыта ў 1955 г. Ініцыятар стварэння медыцынскай бібліятэкі ў Тэль-Авіве (1962 г.), якая носіць яго імя. Апублікаваў шэраг прац па захворваннях страўніка і кішачніка. У 1964 г. мэрыяй Тэль-Авіва была створана прэмія імя Мошэ Эйнхорна ў галіне даследавання медыцыны.

Памёр 2 лютага 1966 г. у Нью-Ёрку.