27 снежня 1901 года ў в. Збляны Ваўкавыскага павета нарадзіўся савецкі генетык і селекцыянер, першы загадчык кафедры генетыкі і цыталогіі раслін Ціміразеўскай акадэміі Антон Раманавіч Жабрак.

Сваю адукацыю Антон Раманавіч пачаў у царкоўна-прыходскай навучальні, потым працягнуў вучобу ў Слонімскім рэальным вучылішчы, якое рыхтавала настаўнікаў пачатковых школ і давала права паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Аднак скончыць яго перашкодзіла Першая сусветная вайна. Антон Раманавіч працягнуў сваю адукацыю ў рэальным вучылішчы г. Шацка, якое скончыў у 1917 г. Пасля дэмабілізацыі з Чырвонай Арміі ў 1921 г. ён паступіў у Пятроўскую (з 1923 г. Ціміразеўскую) сельскагаспадарчую акадэмію.

Будучы студэнтам трэцяга курса, Жабрак удзельнічаў у студэнцкім гуртку пры кафедры селекцыі, якую з 1920 па 1927 гады узначальваў прафесар Сяргей Жэгалаў, адзін з найбуйнейшых савецкіх генетыкаў-раслінаводаў. Праз год, калі Антон Раманавіч быў ужо на чацвёртым (выпускным) курсе акадэміі, Жэгалаў запрасіў яго ў аспірантуру. Увесну 1925 г. Жабрак, скончыўшы акадэмію, быў залічаны ў аспірантуру пры кафедры селекцыі. Адначасова ён паступіў у Інстытут чырвонай прафесуры. У 1928 г. скончыў аспірантуру і атрымаў прызначэнне на пасаду дацэнта кафедры. У 1930-1931 гг. ён прайшоў стажыроўку ў лабараторыі прафесара Калумбійскага універсітэта, вядомага амерыканскага генетыка Л. Дэна, а затым у Каліфарнійскім тэхналагічным інстытуце ў лабараторыі Томаса Ханта Моргана, стваральніка храмасомнай тэорыі спадчыннасці і лаўрэата Нобелеўскай прэміі.

Па вяртанні ў 1931 г. Жабрак стаў прафесарам кафедры, а затым узначаліў створаную кафедру генетыкі і цыталогіі раслін Ціміразеўскай акадэміі. Да канца 1935 г. Антон Раманавіч падвёў вынікі сваіх даследаванняў пра ўплыў ўзросту на стан генатыпу, якія ён пачаў яшчэ падчас навуковай стажыроўкі ў ЗША. 7 студзеня 1936 г. на пасяджэнні вучонага савета МСГА Антон Раманавіч абараніў доктарскую дысертацыю «Стан генатыпу пры ўзроставай мадыфікацыі арганізма». Па сутнасці, гэта было першае даследаванне па генетыцы антагенезу. 23 лютага 1936 г. УАК СССР прысвоіла Жабраку навуковую ступень доктара біялагічных навук.

Канец трыццатых гадоў дваццатага стагоддзя - час гарачых дыскусій па праблемах генетыкі, у якіх актыўны ўдзел прымаў і прафесар Жабрак. На кафедры генетыкі і цыталогіі раслін праводзіліся вопыты па праверцы розных сцвярджэнняў паслядоўнікаў «Мічурынскай» генетыкі. Жабраком былі сінтэзаваны віды пшаніцы з удзелам найбольш перспектыўных для практычнага выкарыстання відаў пшаніцы адназярнянкі, пшаніцы Цімафеева і інш. Гэтыя працы актыўна абмяркоўваліся ў акадэміі і ў газеце «Тимирязевка».

У гады Вялікай Айчыннай вайны, падчас эвакуацыі акадэміі, Жабрак праводзіць вопыты і на палях Ціміразяўкі. За гэты перыяд ім сінтэзаваны новыя формы паліплоідных раслін.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Жабрак ад імя БССР удзельнічае ў падпісанні Статута ААН.

На пасляваенны перыяд даводзіцца яго публікацыя ў 1945 годзе ў часопісе «Science» адказу на артыкулы Сакса і Дэна аб становішчы генетыкі ў Савецкім Саюзе, крытыкуе працы Лысенка і прыводзіць у прыклад лабараторыі, якія займаюцца генетыкай. Гэтая публікацыя ў 1947 годзе прывяла да судоў гонару ў Ціміразеўскай акадэміі і Беларускай Акадэміі навук.

На жнівеньскай сесіі УАСГНІЛ ў 1948 г. Жабрак разам з рэктарам Ціміразяўкі і яшчэ некалькімі навукоўцамі спрабавалі супрацьстаяць «Мічурынскай» генетыцы. Нягледзячы на ўсе іх спробы генетыка як афіцыйная навука была зачынена. Жабрак звольнены з Ціміразяўкі.

Потым Жабрак працаваў прафесарам кафедраў батанікі ў Маскоўскім лесатэхнічным інстытуце і Маскоўскім фармацэўтычным інстытуце.

У першым нумары часопіса «Генетыка» за 1965 год апублікаваны яго артыкул «Грэгар Мендэль і законы спадчыннасці». Гэта апошняя праца прафесара А.Р. Жабрака. Ён памёр 20 мая 1965 года.