20 жніўня 1898 г. у Ваўкавыску ў сям’і калежскага рэгістратара са старшынствам Ваўкавыскага Казначэйства нарадзіўся савецкі ваеначальнік, генерал-лейтэнант авіяцыі (1944 г.) Аляксандр Міхайлавіч РАФАЛОВІЧ.

У красавіку 1918 года добраахвотна ўступіў у шэрагі РСЧА. У гады грамадзянскай вайны ваяваў на некалькіх франтах, быў кантужаны.

Пасля вайны працягнуў службу ў РСЧА. У 1921 годзе скончыў тэарэтычную школу Паветранага флоту, у 1923 годзе — Ваенную тэарэтычную школу лётчыкаў. Камандзір звяна, эскадрыллі, атрада. У 1936 г. скончыў Ваенна-паветраную інжынерную Акадэмію імя Жукоўскага, з 1939 г. выкладчык Акадэміі. Член ВКП(б) з 1927 года.

Вялікую Айчынную вайну сустрэў у званні палкоўніка на пасадзе начальніка штаба ВПС 6-й арміі, затым начальнік ВПС 6-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту. 27 сакавіка 1942 г. прысвоена званне генерал-маёра авіяцыі. З 1943 года служыў на пасадзе начальніка Паветрана-стралковай службы ВПС РСЧА. 1 ліпені 1944 г. прысвоена званне генерал-лейтэнанта авіяцыі. Удзельнік парада Перамогі 1945 года. У 1946-1950 гг. начальнік катэдры Ваенна-паветранай Акадэміі.

Звольнены ў адстаўку ў 1950 годзе. Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Багдана Хмяльніцкага ІІ ступені, медалямі «XX гадоў Працоўна-Сялянскай Чырвонай Арміі», «За абарону Масквы», «За абарону Кіева», «За баявыя заслугі» ( 1967 г.), «За перамогу над Германіяй», «800 гадоў Москвы» і іншымі.

Памёр 2 чэрвеня 1971 г. Пахаваны на Новадзявочых могілках.