18 студзеня 1891 г. у в. Дуляўцы Ваўкавыскага павета нарадзіўся беларускі грамадска-палітычны дзеяч Фабіян Мацвеевіч ЯРЭМІЧ.

Нарадзіўся як першанец у сялянскай каталіцкай сям’і Мацея і Юзэфы з Маршалкаў. Закончыўшы царкоўна-прыхадскую школу, пайшоў у свет шукаць лепшай долі. Маці яго памерла заўчасна. Бацька паўторна ажаніўся і паявіліся наступныя дзеці: Болесь, Юзік, Вікця, Ядвіся, Уршуля і Аміля.

Фабіян затрымаўся ў Гародні, дзе знайшоў працу пры ўсталяванні тэлефонаў і электрычнага абсталявання. Навучыўшыся гэтага фаху, стаў нядрэнным спецыялістам у гэтай галіне, што дазволіла яму працаваць у розных месцах Расеі, між іншым у Пецярбургу. Там здаў экзамен з 4 клясаў і паступіў у электратэхнічную школу, якую закончыў у 1912 г. Атрымаў пасаду старшага назіральніка на піцерскай тэлефоннай станцыі, на якой прычакаў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Тады пераехаў у Вільню, з якой родам была ягоная жонка Апалонія (Польдзя), дачка агранома Урбана. У 1919 г. стаў там начальнікам тэлефонна-тэлеграфічнай станцыі. Быў ім да 1922 г.

Прыехаўшы ў Вільню, уключыўся ў беларускі нацыянальны рух. У снежні 1917 г. удзельнічаў у І Усебеларускім з’ездзе ў Менску, у 1918-1921 гг. дзейнічаў у Радзе БНР. У 1919 г. абраны старшынёй новастворанага Беларускага нацыянальнага камітэта. Прысутнічаў на Беларускім з’ездзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны ў чэрвені 1919 г. Увайшоў у Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Запісаўся ў Таварыства беларускай школы – у верасні 1921 г. быў 54-м на спіску членаў. Заангажаваўся ў дзейнасць адноўленага ў 1922 г. Беларускага грамадзянскага сабрання (БГС) – яшчэ даваеннай беларускай арганізацыі. Разам са Станіславам Валейшам і Гасанам Канапацкім увайшоў у часовы ўрад, які падрыхтаваў агульны сход БГС на 16 ліпеня 1922 г. На ім была абрана Рада старшынь, у якую ўвайшоў і Ярэміч, побач з Браніславам Тарашкевічам, Уладзіславам Самойлам, Гасанам Канапацкім ды іншымі.

У сувязі з выбарамі ў Сейм у 1922 г. беларускія дзеячы ў Вільні 9 жніўня заснавалі Беларускі цэнтральны выбарны камітэт, якім кіраваў Антон Луцкевіч. Тарашкевіч да 1925 г. лічыў Ярэміча яго самым верным ад’ютантам. Стаў членам управы камітэта і адначасна кандыдатам у дэпутаты са спіска нацыянальных меншасцяў № 16. Увайшоў у палату разам з іншымі беларускімі пасламі. 11 беларускіх паслоў і 3 сенатара стварылі ў польскім парламенце Беларускі клуб, якім кіраваў Тарашкевіч. У сувязі з заснаваннем БСРГ з 1925 г. дайшло да расколу ў клубе. Грамадоўцы стварылі ўласны клуб, а апошнія дэпутаты асталіся ў Беларускім клубе (кс. Адам Станкевіч, Васіль Рагуля) і на старшыню абралі Ярэміча. Ён выступаў супраць супрацоўніцтва з польскімі партыямі.

Працаваў у сеймавай адміністрацыйнай і турэмнай камісіях, у падкамісіі па справах высвятлення адміністрацыйных злоўжыванняў на ўсходніх крэсах.

У скліканні 1922-1928 гг. Ярэміч13 разоў прамаўляў з сеймавай трыбуны. За кожным разам ставаў у абарону беларусаў, беларускага школьніцтва ды супраць злоўжывання польскай адміністрацыі, у абарону Грамады, супраць выдачы ейных паслоў суду, хаця яе прыхільнікам не быў і яе заснаванне лічыў шкодным для беларускай справы. Таму з паслом Рагулем у сакавіку 1926 г. стварылі Беларускі сялянскі саюз. З 6 снежня 1925 г. Ярэміч пачаў выдаваць два разы на тыдзень газэту “Сялянская ніва”. Выдавалася яна да 7 ліпеня 1930 г. На працягу амаль 5 гадоў выйшла 199 нумароў, некаторыя канфіскаваліся паліцыяй, а рэдактары падпадалі пад судовую адказнасць, уключна з выдаўцом. Улетку 1926 г. па ініцыятыве Ярэміча і кс.Адама Станкевіча ў Вільні заснаваўся Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Быў адным з заснавільнікаў беларускай друкарні імя Ф. Скарыны ў Вільні. У 1927 г. прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў пачалі выдаваць чатырхмоўны (польска-нямецка-французска-ангельскі) часопіс Natio. У выдавецкім камітэце апынуўся і Ярэміч.

Ярэміч і Пётр Мятла ў студзені 1926 г. з экскурсіяй польскіх дэпутатаў навецалі Савецкі Саюз. Былі таксама ў Менску. Ярэміч вельмі крытычна ацэньваў сітуацыю ў БССР, асабліва нацыянальную палітыку, паводле якой апалячваліся тамтэйшыя каталікі.

У Сейм 1928 г., пасля разгрому Грамады, Ярэміч увайшоў з дзяржайнага спіса № 18 Блока нацыянальных меншасцей. Зноў працаваў у адміністрацыйнай камісіі. У 1928-1930 гг. у складзе беларускіх паслоў быў ва ўкраінска-беларускім парламенцкім клубе. Пасля яго падзелу ачоліў беларускі клуб. За 2 гады 10 разоў выступаў з сеймавай трыбуны. У 1930 г., калі ніводзін з беларускіх нацыянальных дзеячаў не ўвайшоў у Сейм ды Сенат РП, з украінскага спіса № 11 быў абраны Ярэміч. Быў практычна адзіным прадстаўніком беларускага народа ў польскім парламенце. На працягу 5 гадоў 18 разоў выступаў у абарону правоў беларусаў у Польшчы, выказваўся пра здзекі ўлад, якія давялі да ліквідацыі беларускіх арганізацый. Пасля выбараў 1935 г. ужо не было ніводнага беларуса ў польскім парламенце. Ярэміч пабудаваў дом у Вілескай Калёніі (зараз Павільнюс). Даклаў таксама свае сродкі ў пабудову касцёла там жа. “Шлях моладзі” змясціў інфармацыю пра смерць ягонага бацькі Мацея, памерлага 15 студзеня 1939 г. у Дуляўцах і пахаванага на могілках ў Рэплі. Фабіян Ярэміч меў сына, які памёр малым, і дачку Валянціну, народжаную 2 верасня 1919 г. у Вільні.

Адносна жыцця і дзейнасці Ярэміча можна ставіць шмат пытанняў. Захаваліся яго палымяныя сеймавыя прамовы, якія сведчаць пра яго незалежніцкі характар і пра яго заангажаванне ў беларускі нацыянальны рух. Ярэміч выгадаваў прынамсі свайго наступніка. Забраў у Вільню свайго 16-гадовага пляменніка Язэпа Найдзюка з Бойдатаў, які дзякуючы яму стаў актыўным беларускім дзеячам і кіраваў беларускай друкарняй. Стаў хросным бацькам дачкі Язэпа Рэгіны, якая жыве ў Вільні.

Пасля верасня 1939 г. Ярэміч апынуўся ў Францыі. Вярнуўся адтуль у 1941 г., калі пачалася нямецка-савецкая вайна. Працаваў у адміністрацыі Менска і Барысава, дзе быў бургамістрам. Удзельнічаў у ІІ Усебеларускім кангрэсе ў чэрвені 1944 г. у Менску.

Пасля вайны вярнуўся ў Вільню, дзе быў арыштаваны і сасланы ў турму, сперш ў Оршу, а пасля ў Мардовію. Жонка з дачкой выехалі ў Варшаву. Адседзеўшы 10 гадоў, у 1956 г. вярнуўся ў родныя Дуляўцы, дзе падзякаваў сваім зводным братам і сёстрам за падтрымку ў ссылцы. Праседзеўшы год, паехаў па жонку ў Варшаву. Прабыў там пару месяцаў – у Польшчы яму не спадабалася. У Вільні меў жа свой вялікі дом, які дзяржава нацыяналізавала пасля яго арышту. З дапамогай мужа хроснай Рэгіны ўдалося вярнуць дом у сваю ўласнасць. Жыў там адзін. Адведвалі яго даўнія сябры.

Памёр 29 чэрвеня 1958 г. у сваім доме пасля цяжкай працы ў агародзе ад крывазліцця ў мозг. На пахаванне прыехала з Варшавы дачка Валя. Прыйшлі даўнія сябры – беларусы, палякі, літоўцы, расеяне і габрэі. Труна з ягоным целам была занесена на руках на Павіленскія могілкі. Пахаванне стала вялікай жалобнай народнай маніфестацыяй. Помнік Ярэмічу на могілках нядаўна зменены відавочна літоўскімі ўладамі. Ягонае прозвішча цяпер напісана «Ереміч».