9 сакавіка 1940 г. у в. Дзевяткаўцы Ваўкавыскага павета нарадзіўся польскі спартсмен, кідальнік дзіды, прызёр чэмпіянатаў Еўропы і Алімпійскіх гульняў Уладзіслаў НІКІЦЮК.

Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка Анатоля і Анастасіі, у 1960 г. скончыў сярэднюю школу ў Беластоку, у 1967 г. — Акадэмію фізічнага выхавання ў Варшаве, атрымаў ступень магістра. Уваходзіў у склад каманд кідальнікаў дзіды Spójni Беластока (1955-1956 гг.), Ягелоніі Беластока (1957-1960 гг.), AZS Варшавы (1961-1965 гг.), Узбярэжжа Гданьска (1966 г.) і Варшаўскай Гвардыі (1967-1973 гг.), выхаванец трэнера Зыгмунта Шэлеста. У 1959 годзе ён усталяваў рэкорд свету сярод юніёраў — 79,12 (12 ліпеня, Кракаў). 28-разовы ўдзельнік зборнай Польшчы ў міжнародных сустрэчах (28 спаборніцтваў, 9 асабістых рэкордаў), 7-разовы чэмпіён (1962, 1964, 1967, 1968, 1970, 1971, 1973) і рэкардсмен Польшчы ў кіданні дзіды з вынікам 86,10 (23 чэрвеня 1968 г. у Сааріярві). 4-кратны удзельнік чэмпіянатаў Еўропы (1962, 1966, 1969, 1971), бронзавы прызёр у Белградзе (1962 г. з вынікам 77,66) і срэбны ў Будапешце (1966) з вынікам 81,76, саступіўшы толькі Лусісу з каманды СССР (84,48). Акрамя таго, 2-разовы ўдзельнік фіналу Кубка Еўропы (1967, 1970). У 1969 г. стаў чэмпіёнам Вялікабрытаніі. У Стакгольме (1970) заняў першае месца з вынікам 82,46. Заслужаны майстар спорту. Трэнер варшаўскай каманды Гвардыя. Жанаты, жыве ў Варшаве.