2 сакавіка 1896 г. у мястэчку Поразава Ваўкавыскага павету нарадзіўся каталіцкі святар, рэлігійна-грамадскі дзеяч, выдавец Станіслаў ГЛЯКОЎСКІ (псеўд.: Stasiuk z-nad Niemna; Stasila).

У 1913 г. скончыў гарадское вучылішча ў Ваўкавыску. У 1914 г. паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1921 г. Пасвечаны ў святары 29 траўня 1921 г. у Вільні. У 1923 г. паступіў у Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме, дзе атрымаў навуковую ступень доктара тэалагічных навук. У 1927 г. вярнуўся на радзіму, працаваў вікарыем у вёсцы Тжцяннэ Кнышынскага дэканату, у Ваўкавыску і пробашчам у Трычоўцы Беластоцкага дэканату.

З 1929 г. ксёндз Глякоўскі жыў і працаваў у Вільні, прыпісаны да парафіяльнага касцёла Святога Яна. Ён быў прызначаны настаўнікам Закону Божага (прэфектам) у сярэдніх школах горада, у т.л. ў Віленскай беларускай гімназіі (1933-39). У віленскім касцёле Святога Мікалая ён часта адпраўляў набажэнствы для беларусаў і велікодныя рэкалекцыі для вучнёўскай моладзі, апекаваўся скаўтынгам у беларускай гімназіі, працаваў у камісіі дапамогі беларускай студэнцкай моладзі, выступаў з дакладамі ў Беларускім студэнцкім саюзе. Член Беларускага навуковага таварыства і Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні. Удзельнічаў у стварэнні восенню 1936 г. беларускай секцыі Каталіцкай Акцыі. Але, нягледзячы на благаслаўленне архібіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, улады не дазволілі ажыццявіцца гэтай задуме.

Значную ўвагу надаваў выдавецкай дзейнасці. У снежні 1933 г. уваходзіў у склад кіраўніцтва Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні, дзе стала працаваў да вясны 1939 г., арганізуючы выпуск рэлігійнай літаратуры. Акрамя таго, у 1934-35 г., сумесна з Язэпам Найдзюком, выдаў на свой кошт тры зборнікі Міхася Машары («На сонечны бераг», «Смерць Кастуся Каліноўскага» і «Напрадвесні»), «Казку аб рыбаку і рыбцы» Вінцука Адважнага (ксяндза Язэпа Германовіча) і іншыя творы. Арганізаваў і фінансаваў выпуск часопіса для дзяцей «Пралескі». Публікаваўся ў газеце «Беларуская крыніца», часопісе «25 сакавіка» і інш.

Восенню 1938 г. ксёндз Глякоўскі быў прызначаны вікарыем парафіі святога Яна ў Вільні, але напярэдадні акупацыі горада Чырвонай Арміяй ён выехаў у Каўнас. Пасля далучэння Вільні да Літвы (у канцы кастрычніка 1939 г.) вярнуўся ў Вільню і тут працаваў да лета 1941 г.

Падчас нямецкай акупацыі ў Мінску святар у касцёле святых Сымона і Алены. Займаўся рамонтам касцёлаў, арганізаваў беларускае каталіцкае душпастырства; пачаў выдаваць беларускамоўную каталіцкую літаратуру. Арыштаваны паліцыяй 15 снежня 1941 г. падчас канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў у Мінску. Дакладная дата, месца і акалічнасці смерці застаюцца невядомымі.