• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

Люстрадзён на сёньня

Люстрадзён на сёньня

16 лістапада 1888 г. у в. Шурычы Ваўкавыскага павету (цяпер Свіслацкі раён) нарадзіўся каталіцкі святар, беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч) ГАДЛЕЎСКІ.

Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912 г.) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916 г.). Пасвячоны ў святары 3 чэрвеня 1914 г. У гады вучобы ў духоўнай акадэміі быў сябрам культурна-асветнага гуртка беларускіх студэнтаў.

Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1916 г. Служыў вікарыем пры кафедральным касцёле ў Менску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. прымаў удзел у дзейнасці беларускіх культурна-адраджэнскіх, рэлігійных і палітычных арганізацый.

У сакавіку 1917 г. абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 г. Пасля абвяшчэння БНР у сакавіку 1918 г. уваходзіў у склад яе Рады. Да 26 траўня 1918 г. працаваў асобаўпаўнаважаным у камісіі па бежанскіх справах пры Радзе БНР.

Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газету «Крыніца». Выкладаў у Нясвіжскай беларускай семінарыі. На пачатку 1920-х гадоў пераехаў на Віленшчыну, дзе ў міжваеннае дваццацігоддзе шырока займаўся нацыянальна-рэлігійнай і культурна-асветнай дзейнасцю. З 1924 г. пробашч касцёла ў мяст. Жодзішкі Свянцянскага павета. У 1925 і 1927 гг. арыштаваны польскімі ўладамі, у 1927 г. асуджаны на 2 гады турмы.

З 1929 г. жыў у Вільні. Служыў капеланам у шпіталі, выконваў абавязкі прэфекта ў школе пры кляштары бернардзінак. Адзін з заснавальнікаў Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні (кастрычнік 1928 г.). У 1930 г. пераклаў на беларускую мову Новы запавет (выдадзены ў Вільні ў 1939 г.). У 1936 г. выйшаў з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, не пагадзіўшыся на яе рэарганізацыю ў Беларускае народнае аб’яднанне. Арганізаваў і ўзначаліў выданне газеты «Беларускі фронт», у якой шырока выступаў як публіцыст.

З пачаткам Другой сусветнай вайны пераехаў у Каўнас, з чэрвеня 1940 г. у Варшаве. У чэрвені 1941 г. увайшоў у створаны ў Берліне Беларускі нацыянальны цэнтр.

З верасня 1941 г. у Менску. У час нямецкай акупацыі быў прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941 г.), кіраваў працай над падрыхтоўкай праграм навучання для беларускіх пачатковых школ, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Правіў службу ў Чырвоным касцёле ў Менску.

Ад пачатку быў вялікім прыхільнікам немцаў, лічыў, што па сканчэнні вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва на Беларусі, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва з немцамі для мабілізацыі беларускіх патрыятычных сіл. Гадлеўскі разам з Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асветную працу, але іх планы былі перапыненыя нямецкім кіраўніцтвам, генеральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі. Быў адным з падпісантаў вядомай адозвы да беларускага народу, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расеі.

Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненні да беларускага народу. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску ў ноч на 24 снежня 1942 г. Акупанты прапанавалі яму працу ў Рызе, але той адмовіўся. Гестапаўцы мелі інфармацыю пра яго падпольную дзейнасць. Верагодна, яны мелі звесткі пра яго кантакты з савецкай разведкай, якой было прапанавана супрацоўніцтва ў антыфашыскім руху ў абмен на вызваленне ў СССР рэпрэсаваных і асуджаных беларускіх дзеячаў. Вінцэнт Гадлеўскі быў закатаваны гестапаўцамі без суда і адпаведнай дакументацыі працэсу. Той факт, што тады ніхто з Беларускай незалежнай партыі не быў арыштаваны, з’яўляецца доказам таго, што ксёндз Гадлеўскі перанёс усе катаванні і нікога не выдаў. Загінуў у Трасцянцы (пад Менскам).



Комментарии

Anonymouse7355 2011/11/19 01:22 / Ответить

складаная постаць нашай гісторыі, прыемна, што яго не забываюць. Але, на жаль, толькі спецыялісты.


Комментарии от авторизованных пользователей видны всем пользователям сразу, анонимные только после модерации!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Добавить комментарий

Последение комментарии

Сражение у Волковыска: в эти дни более 200 лет назад

Путаете Вы всё. Когда строили фок и силуэт ни каких костей уже не было. И не овраг а грунтовая дор...


Волковыск в старых фотографиях

Проект "Волковыск в старых фотографиях" действующий? Почти случайно забрела, увидела фото пробабушки...


Деревня Шнипово

где можно прочитать историю деревни?


Волковыск в старых фотографиях

wiktar, вы пишете "у нас". Вы сейчас живете в Волковыске? Не знаете случайно, сохранились ли книги р...