10 сакавіка 1870 г. у Поразава Ваўкавыскага павета Гарадзенскай губерні нарадзілася акторка тэатра і кіно габрэйскага паходжаньня, заснавальніца Габрэйскага тэатра ў Варшаве Эстэр Рахель КАМІНСКАЯ (народжаная Хальперн), якая лічыцца «мацераю габрэйскага тэатра».

Нарадзілася ў сям’і Шымана Хальперна — кантара мясцовай сынагогі. Дэбютавала ў 1888 г. у трупе Абрагама Іцхака Камінскага, за якога выйшла замуж у 1893 г. У 1892 г. выступае на сцэне вядомага варшаўскага тэатра «Эльдарада». У 1893 г. трупа Камінскага атрымлівае дазвол выступаць у памяшканьні расейска-польскага варшаўскага тэатра Альгінскай. Тут Эстэр Рахель выконвае ролі ў мэлядрамах, камэдыях і апэрэтах.

У 1906 г. Абрагам Камінскі засноўвае свой тэатар у Варшаве. У 1908 г. Камінскія дамагліся аб’яднаць лепшых габрэйскіх актораў Варшавы ў «Літэрарышэ трупэ» («Літаратурная трупа»), якую неўзабаве ўзначаліла Эстэр Рахель. На яе загад у рэпэртуар трупы былі ўключаныя найноўшыя творы габрэйскіх аўтараў — Іцхока-Лейбуша Пэрэца, Якава Гордзіна, Давіда Пінскага і іншых, што заклала падмурак сур’ёзнага габрэйскага драматычнага рэпэртуару.

У 1913 г. Абрагам Камінскі заснаваў новы тэатар у Варшаве на вуліцы Абозная 1/3. Сродкі на яго былі здабытыя ў часе турнэ па Злучаных Штатах (1909-1910 гг.). У 1910 г. трупа разам з Эстэр Рахель гастралявала ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Кіеве і многіх іншых гарадах Расейскай імпэрыі, у 1913 г. — у Парыжы і Лёндане. У кіно пачала здымацца да Першай сусьветнай вайны.

Памерла 25 сьнежня 1925 г. У 1926 г. варшаўскі штотыднёвік «Дэр момэнт» апублікаваў яе ўспаміны — «Дэрнэр ун блумэн» («Церніі і кветкі»). Пахаваная на габрэйскіх могілках у Варшаве (участак 39).

Эстэр Рахель і Абрагам Камінскія мелі траіх дзяцей: Рэгіну, Іду і Юзэфа.