На тэлеканале Белсат у тэлепраграме «Аб’ектыў» паказалі сюжэт пра сядзібы у вёсках Падароск і Краскі.

Кошт пытання – $ 10 000. Гісторыя ж пытання – больш за паўтара стагоддзя. Распрадаюць улады не толькі беларускія прадпрыемствы, але і айчынную спадчыну. Сёння ў Горадні завершыўся аўкцыён дзеля продажу аб’ектаў на тэрыторыі вобласці. Выстаўленая на продаж сядзіба Бохвіцаў, а раней – Чачотаў, якая месціцца ў Ваўкавыскім раёне, свайго пакупніка гэтак і не знайшла.

Нікому не патрэбная Бацькаўшчына. Асірацелыя палацы ды шляхецкія сядзібы, напаўзабытыя ды напаўразбураныя. Кінутыя ў часы ліхалецця колішнімі гаспадарамі, новых гэтыя помнікі беларускай мінуўшчыны, збольшага, гэтак і не займелі.

АЛЕСЬ КРАЎЦЭВІЧ, ГІСТОРЫК:
“Нашае нацыянальнае заканадаўства ў галіне аховы помнікаў на тое і існуе, каб на яго ўсе плявалі, пачынаючы з тых начальнікаў, якія мусяць яго выконваць. Няма аніводнага выпадку на тэрыторыі Беларусі – як незалежнай, гэтак і з часоў БССР – каб каго-небудзь крымінальна пакаралі за разбурэнне помнікаў”.

Сённяшняя спроба знайсці новага гаспадара для сядзібы Бохвіцаў ды Чачотаў у Падароску скончылася анічым. Інвеставаць у занядбаны помнік архітэктуры ахвотнікаў не знайшлося, хоць стартавы ўнёсак і складаў толькі 86,5 млн руб. Сума для шляхетнае сядзібы – мізэрная. Але і тут ёсць свае пасткі.

АНДРЭЙ ВАШКЕВІЧ, ГІСТОРЫК:
“Укладанне грошай у гістарычна-культурную спадчыну – гэта, канечне, не толькі тыя грошы, за якія будынак набываецца, але яшчэ і рэканструкцыя – аднаўленне будынку. Гэтая сума, як правіла, на парадак большая”.

Паводле заканадаўства, акрамя фінансавых, новы гаспадар мусіць узяць на сябе і іншыя абавязкі.

АЛЕСЬ КРАЎЦЭВІЧ, ГІСТОРЫК:
“Калі прадаваць помнік, які мае гістарычную, мастацкую вартасць, то толькі на пэўных умовах. То бок гаспадар, які купляе палац, не мае права яго знесці ды пабудаваць бардэль або нейкі найсучаснейшы гатэль. Не, ён мусіць захаваць аблічча гэтага аб’екту”.

І толькі тады, пры строгім выкананні прынятых новым гаспадаром абавязкаў, асірацелыя сядзібы ды палацы зноўку ажывуць, упэўненыя і адмыслоўцы, і мясцовыя жыхары.

ТАЦЦЯНА КАЛАДЗЕНСКАЯ, БЫЛАЯ НАСТАЎНІЦА Ў ПАДАРОСКУ:
“Мне здаецца, і добра. Хай бы хто зрабіў прыгожа. Добрае месца – і рэчка, і ўсё”.

І прыклад ёсць. Зусім побач, у вёсцы Краскі, летась быў прададзены палацава-паркавы комплекс. Пакупнік – расейскі бізнесовец, які выклаў за помнік $ 100 000, ужо распачаў рэстаўрацыйныя працы. Хто ведае, можа хоць гэтак не патрэбная беларусам спадчына будзе ўратаваная…

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”