1 сакавіка ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (г.Менск)  адбылося адкрыцьцё выставы Сяргея Грыневіча «Жаночы кантэкст». У экспазіцыі — 13 работ, прысьвечаных жанчынам. Па словах мастака, у тым, што выстава адкрылася ў пачатку вясны і напярэдадні сьвята 8 Сакавіка, ёсьць элемент выпадковасьці.

Як піша interfax.by сёньня масавая культура навязвае нам устойлівыя вобразы і стэрэатыпы паводзінаў. З рэкламных білбордаў і глянцавых вокладак на нас глядзяць усмешлівыя, гладкія, шчаслівыя, адрэдагаваныя ў фоташопе твары. Тэлевізар стракаціць праграмамі пра здароўе, дыеты і моду. І вобраз загарэлай, лакіраванай жанчыны так глыбока пасяліўся ў нашай падсьвядомасьці, што мы і не ўяўляем іншай прыгажосьці. Тое, што думаюць пра нас іншыя, здаецца нам больш важным і аб’ектыўным за тое, што думаем мы пра сябе самі. Мы перасталі разлічваць на сябе, на свой густ і ўласныя жаданьні. Мы страчваем сваю індывідуальнасьць, страчваем культуру, ператвараючыся ў «людзей свету», касмапалітаў, і чамусьці вельмі гэтым ганарымся. «Чаму зараз не модна быць непаўторным, своеасаблівым?». Менавіта на гэтае пытаньне спрабуе адказаць адзін з самых вядомых беларускіх мастакоў Сяргей Грыневіч сваей выставай.

Грыневіч – той мастак, чыя творчая дзейнасьць не абмяжоўваецца адным жывапісам. Сёньня Сяргей працуе і ў галіне манументальнага мастацтва, вітража, росьпісу. У ягоных працах зьмешваюцца розныя накірункі, стылі і нават віды творчасьці, як у гарадзенскай культуры заўседы адбываўся сінтэз розных культур. Сам майстар бачыць сябе на памежжы традыцыйнага і сучаснага мастацтва. Яго цікавяць аптычныя эфекты, дынаміка, але больш за ўсе – колеры. Акцэнт на іх зусім не выпадковы. «Колер – гэта глубокі сімвал, які дапаўняе асноўны сэнс выявы. У маіх карцінах няма асобных вобразаў, есць цэлы космас знакаў і значэньняў», — гаворыць аб сваіх працах Грыневіч.

Мастак актыўна ўдзельнічае ў беларускіх і міжнародных праектах, дзе прадстаўляе нашу краіну і родную Гарадзеншчыну. Працы Сяргея бралі ўдзел у выставах у Польшчы, Гішпаніі, Украіне, Расеі, Ліцве, Францыі, Швейцарыі. Карціны майстра захоўваюцца ў шматлікіх прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжою, у прыватнасьці, яго творы ёсьць у адной з самых вядомых прыватных калекцый Заходняй Еўропы, якая належыць Фрыдрыху Кістэрсу (Швейцарыя), а таксама ў калекцях банкаў Cai (Іспанія), Raiffeisen (Швейцарыя), Приорбанк (Беларусь). А вось беларускія музеі не могуць пахваліцца падборкай яго карцін, як, зрэшты, і многіх іншых беларускіх мастакоў, даўно прызнаных за мяжой, але недаацэнены ў сябе на радзіме. Дзьве працы мастака, адну зь якіх ён падарыў, ёсьць у Музеі сучаснага мастацтва ў Менску і адна падораная — у Гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеі.

Уваход на выставу вольны: пн-пт – 11:00-22:00, сб, нядз.- 12:00-22:00.
Даведкi: (+375 17) 286-31-68

Фотарэпартаж з адкрыцьця выставы Сяргея Грыневіча «Жаночы кантэкст» магчыма паглядзець тут.

Даведка: СЯРГЕЙ ГРЫНЕВІЧ. Нарадзіўся ў 1960 годзе ў г. п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна. «Маляваць пачаў раней, чым хадзіць, — піша ён у эсэ «Хлапчук з мястэчка», апублікаваным у чатырнаццатай кніжцы альманаха «Маналёг». — У хаце нават жартавалі, што я спачатку сказаў «аловак», а потым ужо — «мама»<: > Я вельмі рана вызначыўся і ні хвіліны не сумняваўся, што буду мастаком». Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат ім. Ахрэмчыка, у 1983 г. — Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер — Акадэмія мастацтваў), аддзяленьне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. Працуе ў розных тэхніках манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (фрэска, вітраж і г. д.), а таксама ў галіне станковага жывапісу. Удзельнічае ў мастацкіх выставах з 1982 года. Член Саюза мастакоў Беларусі з 1988 года.