• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

Пра што дапытвалі Ларысу і Яна Геніюшаў: рэдкія дакумэнты

Пра што дапытвалі Ларысу і Яна Геніюшаў: рэдкія дакумэнты

Роўна 70 гадоў таму, 5 сакавіка 1948 году, у Чэхаславаччыне на патрабаванне СССР былі арыштаваныя доктар Ян Геніюш і яго жонка паэтка Ларыса Геніюш. Трэцім па гэтай жа справе праходзіў Аляксандр Калоша. Сёння мы можам расказаць больш падрабязна пра гісторыю Геніюшаў поглядам архіўных дакумэнтаў, піша Радыё Свабода.

Спробы выманіць Ларысу Геніюш у СССР пачаліся адразу пасьля прыходу Чырвонай арміі ў Прагу. У кватэру неяк заявіліся два савецкія агенты. Цытую далей паводле кнігі мэмуараў «Споведзь»:

«Яны мне паказаліся такія страшныя, што здаецца, каб жывога Гітлера ўбачыла, дык ня так спалохалася б... Што ж, увайшлі ў хату. Я іх папрасіла сесьці. Пачалася гутарка. "Мы вас вельмі просім вярнуцца ў Беларусь. Вы тут бедна так жывяце, а ў нас Алесь Кучар зарабляе адзінаццаць тысяч рублёў на месяц, вось і вам дамо столькі ж. " — "А што вы зрабілі з нашымі пісьменьнікамі ў 37-м годзе, ці я вам патрэбна на тое ж?" — кажу ім. "Мы чакалі вайны", — адказвае афіцэр. "Што ж, вы зноў можаце чакаць вайны і рабіць тое самае." На гэта ён мне нічога не адказаў, толькі пачаў прасіць і ўгаворваць, каб мы вярнуліся ў Беларусь.»

Няпрошаныя візыты і ўсё большы ціск прымусілі Геніюшаў разам з сынам Юркам на цэлы тыдзень зачыніцца ў кватэры. Амаль кожны дзень настойліва званілі, але яны нікому не адчынялі. На выпадак, калі б пачалі ламаць дзьверы і вывозіць іх сілай, мелі падрыхтаваныя тры ін’екцыі... А «вызваліцелі» на ўсякі выпадак чакалі ўнізе, пад вокнамі з нацягнутым брэзэнтам, каб лавіць Геніюш жывой, калі раптам скочыць з вакна. Калі, нарэшце, затворнікі выйшлі на людзі, зьбегліся чэхі з цэлага раёну Голешавіцэ, каб бараніць сваю любімую «пані доктараву». Але абаранілі ненадоўга.

З архіву камітэту дзяржбясьпекі пры міністэрстве ўнутраных спраў ЧССР. Запыт пра выданьне Геніюшаў зь пячаткай «патрэбны арышт».

З архіву камітэту дзяржбясьпекі пры міністэрстве ўнутраных спраў ЧССР. Запыт пра выданьне Геніюшаў зь пячаткай «патрэбны арышт».

Пасьля няўдалых спробаў выкраданьня Геніюшы, паводле сяброўскай парады, зьехалі з Прагі. Паэтка таксама зьвярнулася да чэхаславацкага прэзыдэнтаЭдварда Бэнэша з просьбай пра наданьне грамадзянства. У 1947-м грамадзянамі Чэхаславаччыны сталі ўсе трое. Гэта была частковая гарантыя бясьпекі, аднак у лютым 1948-га да ўлады ў Чэхаславаччыне ў выніку ўрадавага крызысу прыйшлі камуністы. Ужо 5 сакавіка Геніюшы былі арыштаваны ў горадзе Вімпэрку і кінутыя ў скляпеньні мясцовага замку. У чэскіх архівах захаваліся пратаколы допытаў, праведзеныя ў гэты дзень як зь Янам, так з Ларысай Геніюш (публікацыя стала магчымая дзякуючы працы дасьледчыцы Францішкі Сокалавай).

Паколькі савецкія органы патрабавалі выданьня Геніюшаў як «ваенных злачынцаў» і «удзельнікаў антысавецкіх нацыяналістычных арганізацый», чэскія сьледчыя высьвятлялі ў арыштаваных менавіта гэтую інфармацыю.

Фрагмэнт пратаколу допыту Яна Геніюша.

Фрагмэнт пратаколу допыту Яна Геніюша.

Дык якім чынам Ян Геніюш патрапіў на тэрыторыю акупаванай Беларусі падчас вайны і што там рабіў? На гэтае пытаньне адказваюць абое, працытую найбольш падрабязны адказ Ларысы Геніюш:

«Калі я выходзіла за яго замуж, мой муж яшчэ вучыўся ў Празе. Потым працаваў памочнікам лекара ў доктара Градзіла ў Празе, па вул. Na Poříčí 14, быў там дзесьці да 1942-га году. Потым Oberlandrat (нямецкі ўрад Пратэктарату Чэхіі і Маравіі) загадаў усім беларускім лекарам ад’ехаць на Беларусь. Мой муж увесь час цягнуў, адгаворваўся рознымі прычынамі, каб ня ехаць, аднак па яго прыйшло гестапа з чэскім ахоўнікам. Так яму прыйшлося ад’ехаць у Менск, адкуль яго паслалі ў Баранавічы. Там ён працаваў скураным доктарам у клініцы. Быў там некалькі месяцаў, потым яго перавялі ў Слонім, дзе ён быў участковым доктарам. У траўні 43-га яго пазбавілі функцыі і яму была забароненая лекарская практыка на тэрыторыі Беларусі. Яго зноў накіравалі ў Прагу... Мой муж хацеў у Слоніме застацца зь любові да свайго народу.»

Скляпеньне замку ў Вімпэрку, дзе трымалі Геніюшаў

Скляпеньне замку ў Вімпэрку, дзе трымалі Геніюшаў

Свае тлумачэньні гэтага слонімскага моманту дае і Ян Геніюш:

«Немцы мяне выдварылі таму, што я меў прыватную практыку і працаваў супраць немцаў. Гэта я магу пацьвердзіць паперай з абласнога камісарыяту ў Слоніме, якая захоўваецца ў арыгінале ў маёй праскай кватэры па адрасе Прага 7, Heřmanova 7. Копію дакумэнту я падаваў разам з просьбай пра грамадзянства, якое мне ўжо было нададзенае.»

Дом на вул. д-ра Бэнэша, 161 у Вімпэрку, дзе жылі Ларыса і Янка Геніюшы

Дом на вул. д-ра Бэнэша, 161 у Вімпэрку, дзе жылі Ларыса і Янка Геніюшы

Паводле словаў Ларысы Геніюш, пасьля вяртаньня мужа ў Прагу яму пагражала, што яго пашлюць доктарам у адзін зь нямецкіх лягераў. Яна, аднак, усё «аббегала» і за «вялікі хабар» муж мог застацца ў Празе. Там ён па некалькі месяцаў працаваў заводзкім доктарам на розных прадпрыемствах. Потым, пасьля атрыманьня грамадзянства, зьявіўся варыянт ачысьціць сваю несьвядомую «віну». Паводле дэкрэтаў Бэнэша з чэска-нямецкіх памежных зонаў высяляліся этнічныя немцы, іх маёмасьць нацыяналізавалася, а ў апусьцелыя рэгіёны ўлады агітавалі перасяляцца. Далей гаворыць Ларыса Геніюш:

«У Вімпэрку мой муж меў лекарскую практыку ад кастрычніка 1947 году. Мы пакуль не пераехалі, бо меркавалі, што тут не застанемся. Майму мужу паабяцалі, што калі адпрацуе 6 месяцаў у памежжы, зможа зноў атрымаць практыку "пасярэдзіне" краіны (чэск. vnitrozemí). Мы плянавалі, што калі адбудзем 6 месяцаў у памежжы, дык вернемся назад у Прагу. У Вімпэрк мы самі не хацелі, хацелі ў Карлавы Вары ці Марыянскія Лазьні». Таму і сын Геніюшаў Юрка, якому тады было 12 гадоў, застаўся ў Празе пад апекай знаёмых і хадзіў у гімназію.

Подпіс Ларысы Геніюш пад пратаколам

Подпіс Ларысы Геніюш пад пратаколам

На пытаньне пра сваю палітычную дзейнасьць Ларыса Антонаўна адказвае сьцісла:

«Што да майго ўдзелу ў палітычным жыцьці, то ў маладосьці я ні ў чым ня ўдзельнічала. Таксама ў час акупацыі ў часе майго побыту ў Чэхаславаччыне я ня ўдзельнічала ні ў якой антысавецкай арганізацыі. У часе акупацыі я была аднак членам "Беларускага камітэту самапомачы", які меў адрас у Празе 5, там было ўсяго 12 асоб...»

Геніюш была старшынёй гэтага праскага камітэту і гэта яе дабрачыннасьць у часе вайны дапамагала не прапасьці дзясяткам землякоў. Каму — лекі, каму — грошы, каму — адзеньне, каму — папярэджаньне і парада, каму — абед, каму хоць цыгарэты ці жменя табаку... Але гэта ўжо па-за радкамі пратаколу.

Вімпэрскі замак сёньня. У скляпеньнях гэтага замку Геніюшаў трымалі ў 1948 годзе.

Вімпэрскі замак сёньня. У скляпеньнях гэтага замку Геніюшаў трымалі ў 1948 годзе.

І ў вімпэрскім зьняволеньні іх пачнуць адведваць былыя хворыя, якіх доктар лячыў. А 8 сакавіка сюды прынясуць торт, які Ларыса Антонаўна заказала раней, каб адзначыць дзень нараджэньня мужа. З гэтай апошняй салодкай да горычы кропкай мы пакінем іх у тыя сакавіцкія дні, калі ў арыштаваных мужа і жонкі яшчэ жыла надзея на чэскую салідарнасьць...



Комментарии от авторизованных пользователей видны всем пользователям сразу, анонимные только после модерации!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Добавить комментарий

Последение комментарии

Люстрадзён на сёньня

Любопытно было бы взглянуть на документы, коренной волковычанин )))


Люстрадзён на сёньня

Хватит клеветать на спец службы. Не знаешь - не пиши. У меня 7 поколений жителей Волковыска ,на всех...


«Прасіце Бога, каб нас уз’яднаў…» Шчыры расповед остарбайтэра з Падароску

кто автор, мне понравилось


В Волковыске проводятся раскопки захоронений

Да я тоже слышал .один мой знакомый говарил что его хотели вытащить. но не смогли .пригоняли танк...