Па благаславеньні архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія 14 студзеня а 16:00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (г. Менск, вул. Карла Маркса, 12) адбылося адкрыцьцё выставы унікальных фатаграфій протаіерэя Паўла Валынцэвіча (1875-1962).

Павал Валынцэвіч аддаў служэньню Царкве больш за 65 гадоў. Сьвятарскае служэньне ён пачаў у мястэчку Касута на Вілейшчыне, затым быў плябанам ў Сьвята-Мікольскім храме вёскі Узьмёны (цяпер Мёрскі раён Віцебскай вобласьці). Паўстагоддзя не расставаўся са здымачом, здымаючы тры пакаленьні сваёй сям’і, месцы, дзе жыў або бываў наездамі, будні бліжэйшага атачэньня. Іншымі словамі, фатограф-аматар зафіксаваў у сваім архіве хроніку жыцьця з 1900 па 1925 гады (пазьней, з перапынкамі, яшчэ каля 30 гадоў). Апошнія здымкі зробленыя ў Крэва, Сабакінцах, Шэрашава і Ваўкавыску, дзе ён скончыў сваё жыцьцё. Сямейныя сьвяты, будаўніцтва новага дома, адпачынак на рацэ і ў парку, пахаваньне, навучальныя заняткі сына, інтэр’ер кабінета, хрэсны ход — фатаграфіі зафіксавалі гісторыю свайго часу такой, якой яна была.

Асноўную частку экспазіцыі складаюць лічбавыя фатаграфіі, выкананыя з аўтэнтычных негатываў аўтара. Акрамя гэтага увазе наведвальнікаў прапанаваны лічбавыя копіі аўтарскіх фотаздымкаў з сямейнага архіва ўнучкі Паўла Валынцэвіча Людмілы Мікалаеўскай-Валынцэвіч.

Праекту папярэднічала вялікая дасьледчая праца ў рэспубліканскіх архівах па высьвятленьні біяграфіі аўтара. Унікальнасьць архіва прат.Паўла Валынцэвіча не толькі ў яго паўнаце (ён фарміраваўся год за годам, практычна без перапынку на працягу многіх гадоў), але і ў тым, як склаўся яго лёс. Шкло-матэрыял вельмі далікатны, негатывы часта фізічна не дажывалі да нашага часу. Фотаархіў а.Паўла ацалеў і сёньня мае выключную гістарычную каштоўнасьць.

У рамках выставы прадстаўлена каля 130 фотаработ.

Куратары выставы — Міністэрства культуры і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Аўтары праекта — Надзея Саўчанка, Ігар Сурмачэўскі, Дзмітрый Сярэбранікаў, Уладзімір Суцягін.

Выстава працягнецца да 3 лютага.