На сайце talaka.by пачаўся збор грошай на выданьне і распаўсюд кнігі гісторыка Вячаслава Шведа «Рэквіем паўстанцам 1863–1864 гг. (Гродзенская губэрня)».

За першы дзень на новую кнігу сабрана 189 рублёў. Каб надрукаваць выданне, патрабуецца 4500 рублёў.

Доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед распавёў Свабодзе, што ён не звяртаўся ў выдавецтвы:

Не было сэнсу і не спрабаваў. Звярнуўся толькі ў выдавецкую ініцыятыву «Гарадзенская бібліятэка». Нажаль, цяпер менш мажлівасцяў, хаця некаторая дапамога была паабяцаная. Таму, калі мне прапанавалі такім чынам - зборам, то я пагадзіўся. Думаю, нам удасца выдаць кнігу народным спосабам. Гэта яшчэ раз будзе сведчыць пра зацікаўленасць чытачоў у гісторыі паўстання, пра тое, што гістарычная памяць у нас ёсць.

Вячаслаў Швед кажа, што кніга напісаная на матэрыялах перш за ўсё Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі ў Гародні і Віленскага гістарычнага архіву. Геаграфія кнігі - Гарадзенская губэрня. Аўтар таксама працаваў з мэмуарамі, дзёньнікамі, успамінамі, з кнігамі, якія сталі цяпер бібліяграфічнай рэдкасцю.

Паўстаннем была закончана першая палова ХІХ стагоддзя, барацьба за незалежнасць выйшла на новы ўзровень, кажа гарадзенскі гісторык.

Ён кажа, што за апошні час з’явіліся новыя кнігі пра паўстанне. Выйшла грунтоўная праца Дзмітрыя Матвейчыка з Мінску, які перакапаў менскі архіў і напісаў біяграфічны слоўнік паўстанцаў Мінскай губэрні.

Вячаслаў Швед

Мая кніга раскрые другую частку Беларусі, найбольш актыўную ў тым паўстанні. У кнізе будзе найперш аповед пра людзей, якія ў ім удзельнічалі, гэта рэквіем паўстанцам. Але мяне цікавілі лёсы і кіраўнікоў, і тых, хто змагаўся са зброяй у руках у атрадах, і тых, хто ўдзельнічаў у маніфэстацыях, насіў сымбалі паўстанцкія або дэманстратыўна - чорную вопратку.

Далей - біяграфічны слоўнік. Адзначаныя асобы, якія самі ўдзельнічалі ці дапамагалі паўстанцам, ежу давалі, вопратку.

Высветліць лёсы паўстанцаў дапамаглі таксама звесткі з сібірскіх архіваў, што ёсць у сеціве.

У кнізе ёсць дадаткі: спісы тых, хто сьпяваў патрыятычныя песні, хто ўдзельнічаў у касцельных шэсцях.

Я стараўся назваць як мага больш прозвішчаў. Частку з іх ніхто раней не ўспамінаў.

Вельмі мала хто зазіраў у гэтыя матэрыялы ў архіве. А калі зазіралі, то толькі зусім нядаўна. Напрыклад, Аляксандар Радзюк, гарадзенскі даследчык паўстання. Ён даў згоду быць рэцэнзэнтам маёй кнігі.

З пошукам і падборам ілюстрацый дапамагае іншы гарадзенскі гісторык — Андрэй Вашкевіч. Іх будзе 250.

З кастрычніка 2016 году Вячаслаў Швед стаў пэнсіянэрам. Пэнсіі выпісалі 315 рублёў, кажа ён, пазней дабавілі яшчэ дзесяць. У 2013 годзе ў Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы з ім не працягнулі кантракт.

Гісторык надалей вядзе навуковыя даследаваньні, удзельнічае ў канфэрэнцыях, супрацоўнічае з Варшаўскім унівэрсытэтам.

Тэмай ягонай доктарскай дысэртацыі было грамадзка-палітычнае жыццё ў Беларусі ў канцы ХVІІІ - першай палове ХІХ стагоддзя. Іншая тэма яго навуковых пошукаў - гісторыя Гародні.

Радыё Свабода