Не мне вам казаць, шаноўныя чытачы маёй інтэлектуальнай старонцы, што сучасны педагог (і не толькі ён) часта не можа праявіць уласную ініцыятыву, а траціць увесь працоўны і вольны час на «срочно», «очень срочно», «время сдать вчера».

І як толькі выконваецца звышважнае заданне, трэба імкліва выконваць чарговы наказ, праект, акцыю, віктарыну…

Аднак ці не губляем мы ў гэтым навале каштоўнае, што патрэбна не хутка здаць і забыць, а разгледзець, пакаштаваць адзін раз, наступны… Прапанаваць іншым, паслухаць іх адчуванні, прапанаваць разам яшчэ.

Некалькі гадоў запар існаваў абласны ініцыятыўны праект, дзеля якога кожны сезон установы адукацыі (хто зацікавіўся) павінны былі выставіць дзясятку эрудытаў-аратараў (кожны раз новую).

Ведаеце, вельмі цяжка было школьнікам-ваўкавычанам супрацьстаяць лепшым гімназіям і ліцэям вобласці, аднак і прагрэс у развіцці дзяцей быў відавочны.

Праект скончыўся, нехта пра яго ўжо забыў, але знайшліся ў нас педагогі і кіраўнікі, якія не пажадалі страціць напрацоўкі, вопыт, традыцыі.

Спачатку на адкрытым мерапрыемстве у Краснасельскім РЦТДзіМ вядучыя супрацоўнікі ўстаноў адукацыі ўбачылі «у справе» аратараў-інтэлектуалаў. А кіраўнік Ваўкавыскага ЦТДзіМ Валынец Я.Г. арганізавала на сваёй пляцоўцы раённы турнір, на які 18 лістапада сышліся ўжо маючыя вопыт такіх бітваў школьнікі (прадстаўнікі вышэйназваных устаноў адукацыі) і толькі робячыя першыя крокі на шляху ўласнага якаснага маўлення, жэстыкуляцыі, аргументацыі, камандных навыкаў (усё пералічанае ацэньвалася па 6-бальнай сістэме).

Неабходна адзначыць цудоўную атмасферу, што ўсталявалася не толькі дзякуючы арганізатару-мадэратару-вядучай Марыне Бабіч, але і жюры, узначаленай Чарапок Г.І. Вельмі добразычліва дэбютантам такой формы спаборніцтваў тлумачыліся памылкі, адзначаліся хай і вельмі дробныя, але поспехі, пазітыўна адзначалася нават спроба адказаць.

І ведаеце, усе, хто выдаткаваў свой час на дадзенае мерапрыемства, ужо з другога разу паказалі значна лепшы вынік, калі пасля адзнак першага тура (3-4) пайшлі максімальныя балы (6). СШ № 2 Ваўкавыска, СШ № 2 г.п. Рось, і, зразумела, гадаванцы абодвух устаноў дадатковай адукацыі (дзе дзецям пашанцавала на ініцыятыўных кіраўнікоў і педагогаў) былі адзначаны як пераможцы і прызёры турніра. І было відавочна, як дзеці пераадольваюць самі сябе, развіваюць такую карысную здольнасць як уменне якасна весці дыскусію, слухаць аргументы суперніка, прыводзіць уласную контр-аргументацыю.

Вядучы беларускі спецыяліст па развіццю дзіцячага інтэлекту Зайцаў Я.В. адзначае недастатковую працу школы па развіццю камунікацыйных здольнасцей вучняў у межах сучаснай мадэлі школьнай адукацыі. Хочацца, каб у нас такой праблемы не існавала, а я кожны год ламаў сабе галаву, каго мне заахвоціць і падрыхтаваць на наступны сезон да «дэбат-батла». А пасля з гонарам назіраў сваіх гадаванцаў на экзаменах, канферэнцыях, турніраў і нават тэлевізійных экранах. У незалежнасці ад таго, хто перамог, а каго ацанілі ніжэй.

Пераможцы - каманда Краснасельскага ЦТДзіМ

Аляксандр Бубноў