• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

Як новы вулічны музыка з Ваўкавыску скарыў сэрцы гродзенцаў

Як новы вулічны музыка з Ваўкавыску скарыў сэрцы гродзенцаў

Васіль Навумік выйшаў іграць на пешаходную вуліцу Гродна летам 2017 года. За тры месяцы акардэаніст стаў адным з найбольш упадабаных вулічных музыкаў на так званым мясцовым Брадвеі. Hrodna.life даведаўся, чым Васіль прыцягвае да сябе людзей.

Васіль родам з Ваўкавыска. Там ён доўгі час працаваў настаўнікам музыкі. У апошнія гады мужчына перабраўся жыць у Гродна. Яшчэ да прыезду ў абласны цэнтр Васіль падарожнічаў па розных гарадах Еўропы, дзе на цэнтральных вуліцах забаўляў людзей сваім уменнем іграць на акардэоне.

«Я нясу акардэоннае мастацтва народу. Я зразумеў, што людзі вельмі любяць гэты інструмент, і стараюся максімальна выкласціся, каб людзі атрымалі задавальненне ад маёй ігры. Ды і па народу ў розных гарадах відаць, а ў Гродне тым больш, што ён засумаваў па жывой музыцы, – распавядае Васіль. – За апошні час у нас у Гродне утварыўся самы сапраўдны музычны Брадвей і ён не горшы,чым у іншых еўрапейскіх гарадах. Я быў там у многіх месцах: Гродна цяпер ідзе амаль на адным узроўні з імі».

Апошнім часам Васіль іграў у Польшчы, дзе на вуліцы можна зарабіць нядрэнныя грошы. Але мужчына кажа, што выступае не дзеля заробкаў, а для задавальнення. Іншым разам музыка іграе, а пасля пачынае падпяваць на французскай мове – гэта вельмі эфектыўна прыцягвае людзей.

«Мне падабаецца прыносіць задавальненне і ўсмешкі людзям. Заўважаю часта, што на людзей мая ігра дзейнічае: яны спяваюць, атрымліваюць асалоду і нават танцуюць. Заўважыў, што на Захадзе людзі больш любяць, калі для іх я іграю класіку, а ў Гродне чамусьці людзям па душы больш джаз. Я іграю музыку розных напрамкаў, магу народнае, а магу і рок».

З іншымі музыкамі на вуліцы Савецкай у Гродне Васіль сябруе. У яго ніколі з імі не ўзнікае спрэчных пытанняў – хто і дзе будзе граць.

«У нас ва ўсіх розная музыка, так што ў гродзенцаў у гэтым плане ёсць выбар».



Комментарии

Анонимный пользователь 2017/08/24 20:49 / Ответить

БРАВО !!! Это здорово !!!


Комментарии от авторизованных пользователей видны всем пользователям сразу, анонимные только после модерации!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Добавить комментарий