Старшыня рэспубліканскай рады Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч просіць начальніка Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкаму Андрэя Кунцэвіча патлумачыць, чаму Эдуард Акулін, Зьміцер Бартосік і Леанід Дранько-Майсюк — непажаданыя асобы на адкрыцьці мэмарыяльнага знаку ў гонар знакамітай мэцэнаткі беларускай культуры Магдалены Радзівіл.

Урачыстасць мае адбыцца 23 верасня ў вёсцы Дуброва, што ў Асіповіцкім раёне.

Непажаданымі на ўрачыстасьці назвала бардаў ды літаратараў, як вынікае са звароту кіраўніка Таварыства, начальнік аддзелу ідэалягічнай працы Асіповіцкага райвыканкаму Ірына Раманчук. Асіповіцкі ідэолаг патлумачыла сваю пазыцыю Антону Астаповічу ў тэлефоннай гутарцы.

«З вуснаў начальніка аддзелу Раманчук прагучалі ўскосныя абвінавачаньні на адрас дадзеных асобаў, што яны выступаюць на нейкіх „ня тых“ пляцоўках, пра якія яна асабіста ведае», — піша ў лісце Кунцэвічу Антон Астаповіч.

«У сувязі з гэтым Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры прынятае рашэнне аб няўдзеле ў мерапрыемстве па ганаровым адкрыцці мэмарыяльнага знаку», — інфармуе кіраўнік таварыства.

«Просім Вас, паважаны Андрэй Міхайлавіч, як начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі, растлумачыць, якія пляцоўкі для выступу з’яўляюцца „тымі“, у сэнсе, пасля выступаў на якіх можна браць удзел у мерапрыемствах пад эгідай Асіповіцкага райвыканкаму. Дадаткова просім растлумачыць, ці існуе ў Рэспубліцы Беларусь цэнзура і па якіх прыкметах, калі яна існуе, творчыя асобы не дапускаюцца да гледача», — піша кіраўнік таварыства чыноўніку з Магілёўскага аблвыканкаму.

Мэмарыяльны знак на месцы былой сядзібы Жорнаўкі рыхтавалі супольнымі намаганнямі. Да справы прычыніліся і Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, і Асіповіцкі райвыканкам, і мясцовыя краязнаўцы. Упарадкавалі тэрыторыю, завезлі і ўсталявалі валун, вырабілі шыльду, якую прымацуюць да валуна напярэдадні адкрыцця.

«Адкрываць у такіх умовах мэмарыяльны знак ня лічым магчымым, — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Антон Астаповіч. — Толькі на парытэтных пачатках, толькі з удзелам нашых прадстаўнікоў і прадстаўнікоў партнэрскіх арганізацыяў мы бачым магчымасьць давесьці справу да лагічнага фіналу».

Кіраўнік Таварыства не ўяўляе, якім будзе адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку.

Атрымаць камэнтар да канфліктнай сытуацыі ў Асіповіцкім райвыканкаме карэспандэнту Свабоды пакуль не ўдалося.

Радыё Свабода