volpa__

Мястэчка Воўпа стаіць на рацэ Ваўпянка, недалёка ад яе ўпадзення ў Рось – якая з’яўляецца прытокам Нёмана. Ёсць меркаванні, што сама назва мястэчка мае балцкае паходжанне. Аб гэтым кажуць мясцовыя краязнаўцы – А. Цыхун і А. Белакоз.

У гэтым зручным для жыцця месцы, людзі сяліліся здаўна. Археалагічныя даследванні, праведзеныя Ф.Гурэвіч (славянска-літоўскі атрад балтыйскай археалагічнай экспедыцыі, што працавала ў другой пал. 50-х гг.ХХ ст.) даказваюць існаванне селішчаў ХI-XIVст. на ўдаленні 1.5-2 км. ад сучаснага населенага пункта. Два селішча ў месцы зліцця Росі і Ваўпянкі – дзе цяпер раскінулася водасховішча (т. зв. “Кавалёўскае”, па назве бліжайшай вёскі – Кавалі). Дарэчы, на водасховішчы працуе невялічкая Ваўпянская ГЭС – з дарогі, што ідзе з Воўпы на Масты на яе адкрываецца вельмі прыгожы від.

volpa_1

Верагодна селішчы праіснавалі не так доўга, бо раскопкі далі толькі рэшткі жоўтай і шэрай керамікі. Пазнейшае мястэчка ўтварылася недалёка, на перакрыжаванні дарог на Масты, Ваўкавыск і Гудзевічы.

Першыя звесткі пра мястэчка адносяцца да 1449г. – калі Воўпа належaла Вялікаму Князю Казіміру Ягелончыку. 3 лістапада таго ж года ён падарыў вёску і двор Воўпа (Wolpa) свайму пасцельнічаму Алехну Судзімонтавічу. У лісце было запісана, што дараванне застаецца за ім, ці яго нашчадкамі, калі ж іх не будзе – вяртаецца да Караля і Вялікага Князя. Пад 1483г. значыцца, што той жа Казімір далучыў да валоданняў Судзімонтавіча (а ён ўжо – Віленскі ваявода і канцлер ВКЛ) возера, што распалагалася каля двара Дубна, з ваўпянскага трымання.

У лютым 1492г. Воўпа з навакольнымі землямі была прададзена жонцы Караля і Вялікага Князя Літоўскага Казіміра за 1 тыс.коп грошаў. Той факт, што Воўпу з землямі прадавалі не адзін чалавек, а двое (Алехна, тут ён згадваецца як Алехна з Косовы (Kosowy) і Мікалай з Танчына (Tanczyna), гаворыць пра тое што не ўсе ваўпянскія землі знаходзіліся ў Судзімонтавічаў. У тым жа годзе, у кастрычніку, Вялікі Князь Аляксандар Казіміравіч вярнуў Воўпу Судзімонтавічам, а дакладней, дачцы Алехны – Сафіі, якая была жонкай князя Аляксандра Юр’евіча Гальшанскага, Віленскага кашталяна, таксама былога канцлера пры каралі Казіміры. Такім чынам ёсць падстава казаць, што Воўпа лічылася спадчынным трыманнем Судзімонтавічаў.

volpa_2

Менавіта пры князі Аляксандры Юр’евічы з’яўляюцца ўмацаванні ў Воўпе – т.зв.замак. Умацаванні былі невялікія і верагодней за ўсё драўляныя. Цяпер у Воўпе нічога не нагадвае былых абарончых збудаванняў, не захаваліся яны і ў памяці людзей. Адзінае, што можа казаць на карысць месцазнаходжання замка – т.зв.”баранья гара” – невялікае ўзвышша ў трохстах метрах на поўнач ад мястэчка (злева ад трасы што, ідзе на Ваўкавыск). Зараз тут знаходзяцца пабудовы калгаса. Ваўпянскі замак згадваецца і пад 1517 г. калі Кароль і Вялікі Князь Жыгімонт Казіміравіч сваёй граматай пацвердзіў дараванне свайго папярэдніка Сафіі Гальшанскай жонцы Аляксандра Юр’евіча. Пазнейшых згадак пра замак мы не знайшлі.

Наступным ўладальнікам Воўпы быў сын Сафіі і Аляксандра – Павел (памёр ў 1555г.). Праўда П. Баброўскі, а за ім і “Slowniк geograficzny” згадваюць, што князь А. Гальшанскі падарыў Воўпу каралеве Боне, жонцы Жыгімонта Казіміравіча (яна заснавала ў мястэчку стараства). Ад яе ўжо і перайшла Воўпа да Паўла-Аляксандра, князя Гальшанскага.

volpa_3

На гэты час – г.зн. на 20-я гг. ХVI ст. – Воўпа, разам з Дубнам і Старым Дворцам уваходзіла ў староства, самае вялікае ва ўсім ваўкавыскім павеце. Па колькасці насельніцтва, староства пераўзыходзіла ваўкавыскае, мсцібаўскае, ялоўскае і жыліцкае разам узятыя. Для развіцця гандлю выкарыстоўвалася даволі зручнае месцазнаходжанне Воўпы, недалёка ад Нёмана (старое яго русла было на 1.5-2 км. бліжэй цяперашняга). Штогод даход дасягаў 6 тыс. злотых.

Павел Гальшанскі, апошні з магутнага роду Гальшанскіх, біскуп Берасцейскі і Віленскі па свайму завяшчанню, састаўленаму ў 1533г., аддаваў свае валоданні, а сярод іх, акрамя Воўпы пералічваюцца і Данілаўцы, пасля сваёй смерці Вялікаму Князю і Каралю. Так яно потым і адбылося.

Знакаміты Сцяпан Баторый любіў паляваць ў навакольных з Воўпай лясах. Па адной з версій, апошняе яго паляванне прайшло ў гэтых жа ваколіцах. 4 снежня 1586 г., пасля 3-х дзённага палявання, па словах П.Баброўскага, Баторый адчуў сябе дрэнна і неўзабаве хутка памёр (12 снежня 1586г. у Гродне ў сваім замку). Цяпер ад тых пушчаў не засталося нічога. Мапа Гродзенскага павету ў XVI ст., састаўленая Янам Якубоўскім у к. XIX ст. паказвае Ваўпянскую пушчу таксама не каля Воўпы, а каля Гарадка (што цяпер на тэрыторыі Польшчы), адзелёную р. Нараў ад пушчы Белавежскай. Хутчэй за ўсё, тая пушча цягнулася аж да мястэчка і займала такім чынам даволі вялікі абшар.

Жыгімонт Ваза (1587-1632гг.) далучыў да ваўпянскага стараства дзве валокі агародаў і чатыры моргі сенажацяў (каля 48 га зямлі).

У пачатку XVII ст. староствам валодаў пан Вольскі, каронны мечнік, які асабіста дабіўся гэтага права ў Караля. Леў Сапега (1557-1633гг.) не раз абураўся засіллем палякаў у княстве, прычым у якасці прыклада прыводзіў Воўпу, на якую ён даўно „глаз палажыў”.У 1624г., пакінуўшы пасаду вялікага канцлера ён набыў Воўпу і Дубна (за 2 тыс. коп грошаў) свайму сыну – Каіміру Льву Сапегу (1609-1676гг.).

Праз 19 год Казімір прымаў тут Караля і Вялікага Князя Уладзіслава з яго жонкай Цэцыліяй Рэнатай, падчас іх падарожжа ў Вільню.

Недзе ў гэты час у Воўпе з’яўляюцца першыя яўрэі. Цікава, што акрамя традыцыйных гандлю і рамяства яны займаліся гадаваннем і рэалізацыяй тытуню.

volpa_4

13-гадовая вайна не абыйшла бокам Воўпу. Вялікі гетман Ян-Павел Сапега, з-за крызісу ў дзяржаве (амаль уся яна была захоплена рускімі войскамі), большую частку расходаўна баявыя дзеянні фінансаваў з уласнай кішэні. Для кампенсацыі расходаў, ён ў 1661 г. атрымаў ваўпянскае староства (дзяржаўная пазыка яму дасягнула 100 тыс. злотых). Такім чынам Павел Сапега павінен быў ліквідаваць свае расходы.

Ужо ў наступным годзе вайска канфедэрацыі (прыхільнікі Койданаўскай уніі 1660, падпісанай Янушам Радзівілам аб далучэнні ВКЛ да Швецыі), растралялі ў Воўпе польнага гетмана В. Гансеўскага, з-за здраду уніі (па іншай версіі гэта адбылося каля Астрыны).

Пасля вайны Воўпа яшчэ доўгі час заставалася у валоданні Сапегаў – да 1831г.

Апошні каралеўскі прывілей, які даў Воўпе ў 1792г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ўстанаўліваў паводле Магдэбурскага права – магістрат (вышэйшы орган у мястэчку). Усе яго жыхары прызнаваліся вольнымі і падпарадкоўваліся вышэйзгаданаму магістрату. Мястэчка, акрамя таго атрымала свой герб – бабра на блакітным фоне, што адпавядала тагачаснай рэальнасці – у наваколлібыло шмат вады з балотаў (рэшткі іх захаваліся і цяпер)дзе жылі бабры. Цікава, але бабры ў Воўпе жывуць і па гэты дзень.Такім чынам, па сваім правам, заможныя жыхары Воўпы зраўняліся з насельніцтвам гарадоў (лічыліся мяшчанамі).

volpa_5

Яшчэ адзін эпізод, звязаны са старажытнай Воўпай, датычыцца яе касцёла. Самы першы быў пабудаваны ў 70-я гг. XV ст.першым з вядомых ўладароў Воўпы Алехнай Судзімонтавічам. Пазней – Павел, віленскі біскуп удзяляў шмат увагі ваўпянскай парафіі. Дастаткова вялікая (на той час налічвала 50 дымоў), парафія мела добры даход з навакольных вёсак і мястэчак.Так, напрыклад, для пабудавання(у 1526г.) і абслугоўвання прыюта для 4 пілігрымаў працавалі два фальваркі, мёд пастаўлялі з Гудзевіч (што за 10км ад Воўпы), акрамя таго карысталіся местачковым млынам і лесам.

Казімір Сапега, верагодней за ўсё, даў грошы на касцельны алтар (захаваўся да нашага часу,разам з фамільным гербам Сапегаў).

У 1753г. касцёл быў перабудаваны, але прастаяў нядоўга.Апошні – трэці касцёл, што стаіць ў Воўпе і цяпер пабудавалі ў 1773г. Гэта самы вялікі драўляны касцёл на Беларусі і адзін з самых вялікіх ў Польшчы.

У розныя часы тут служылі-Мікалай Дыцыюш (Dycjusz) – у будучым доктар тэалогіі, дэкан віленскага капітулу (др. пал.XVIст.),Мацей Кулігоўскі-аўтар “Дэмакрыта вясёлага” (к.XVIст.), Іосіф-Казімір Касакоўскі – родны брат апошняга гетмана-таргавічаніна. Пасля падзелаў РП уласнасць касцёла перайшла Віленскаму універсіэту. У 1799г. даход ад гэтых земляў саставіў 6,5тыс. злотых (тут працавала 283 селяніна).

volpa_6

Акрамя касцёла ў Воўпе былі драўляная сінагога і ўніяцкая царква (калі яны былі пабудаваны – невядома). Ёсць інфармацыя, што будаўніцтва сінагогі прыпадае на 1643 год. На жаль да нашага часу яна не захавалася (праіснавала да 28 чэрвеня 1941 года, калі амаль ўсё мястэчка было спалена нямецкай авіяцыяй) і мы маем магчымасць ацаніць яе прыгажосць толькі па перадваенным фотаздымкам. Што тычыцца ўніяцкага прахода, то на пачатак XIXст., а дакладней ў 1808г., ён налічваў 1552 селяніна, 92 мешчаніна і 9 шляхцічаў. Для прыкладу, у канцы таго ж стагоддзя (1893г.) праваслаўны і каталіцкі прыходы налічвалі 3021 і 2067 чалавек адпаведна; у самім жа мястэчку пражывала на 1886г. 1637 чалавек. Пры уніяцкім прыходзе дзейнічала і школка,але колькасць вучняў у ёй была невялікая – 18 у 1820г. і 36 у 1825г. Але ж трэба мець на ўвазе і тое, што значная колькасць жыхароў Воўпы складалі яўрэі, дзеці якіх навучаліся ва ўласнай школе пры сінагоге.

У 1819 г. мястэчка значна пацярпела ад пажару – згарэла 40 дамоў (на 1893г. ў Воўпе было 110 дамоў, таму смела можна казаць, што згарэла палова мястэчка). Негледзячы на гэту навалу ў Воўпе раскварціроўваюць салдат (што было тады адной з павіннасцяў). Гэта прывяло да скаргаў Гродзенскаму губернатару.Скаргі ад пацярпелых летам 1819г. жыхароў Воўпы, у першую чаргу яўрэяў падтрымаў, што цікава, кіруючы міністэрствам паліцыі імперыі граф Вязміцінаў (відаць, былі падыходы да яго ў ваўпянцаў). З-за раптоўнай смерці міністра пагарэльцы так і не дабіліся зняцця з іх подацей, адзінае што было ім паабяцана, так гэта выдача казённага лесу на пабудову жылля.

Падзеі Лістападаўскага паўстання, таксама закранулі Воўпу. 26 мая 1831г. генерал Д. Хлапоўскі (з атрадам у 800 чалавек) зрабіў засаду ў мястэчке. На яе трапілі рускія казакі, якія пасля бою вымушаны былі адыйсці. Хлапоўскі ж не затрымліваючыся ў Воўпе, накіраваўся на Ражанку – Ліду. Пасля падаўлення паўстання, пачалася канфіскацыя маёнткаў удзельнікаў паўстання. Вядома, што сярод паўстанцаў на Мастоўшчыне быў і князь Е.Сапега – хутчэй за ўсё, апошні ўладар Воўпы. Мястэчка (так жа як Зельва і іншыя ўладанні Сапегаў) было канфіскавана дзяржавай (усяго па Гродзенскай губерні канфіскавалі 60 шляхецкіх маёнткаў).

volpa_7

Як дзяржаўнае ўладанне, Воўпа здавалася ў часовую арэнду. Так у 1834 г. стараствам Воўпа і ўсімі прылягаючымі вёскамі валодаў ганаровы сматрыцель вучылішч Ваўкавыскага павету С. А. Кіркілла.

Вядома, што становішча сялян, у арандуемых дзяржаўных маёнтках,было значна горшае за становішча памешчыцкіх. Менавіта з гэтым была звязана і наступная справа. У пачатку 1846 г. М. Валадковіч, былы губернатар Слоніма, распачаў абарону дзяржаўных сялян “ад ліхаімства” з боку арандатараў. Пачаўшы са скаргаў графу Кісялёву, міністру дзяржаўных маёмасцей, ён у восень таго ж года арганізаваў гурток які ставіў мэту – перавод сялян з баршчыны на аброк. Па ініцыятыве Валадковіча, яго сябар – гродзенскі яўрэй Брук – выязжаў у навакольныя мясцовасці для распаўсюджання такіх ідэй. Бываў ён і ў Воўпе. Пасля арышту гурткоўцаў стала вядома, што ў іх планах была распрацоўка плану па якому сяляне “павінны былі авалодаць усімі землямі, карчмамі і мельніцамі Ваўпянскага маёнтка”. Але, нажаль, быстры арышт членаў гуртка не даў магчымасці скончыць нават падрыхтоўку гэтага плана. М.М. Улашчык адзначаў, што сяляне Ваўпянскага стараства змагаліся 30 год “за паляпшэнне свайго становішча [дабіваліся вяртання ім праў мяшчанства, набытага яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай – аўт.]”. Застаецца толькі здзіўляцца ўпартасці нашых продкаў, таму што падобныя размовы хадзілі сярод ваўпянцаў яшчэ напрыканцы 60-х гг. ХIХ ст.

Летам 1844 г. у Ваўпянскім старостве з-за моцных дажджоў і падзежу ската, з’явіўся ачаг сібірскай язвы. Па паведамленню земскага іспраўніка Юдзіна – хвароба перадалася ад жывёлы да людзей, у выніку чаго захварэў 21 чалавек. Адбылося гэта ў выніку таго, што сяляне, не жадаючы кад марнавалася дабро, здымалі скуры з памерлых жывёл, негледзячы на забарону рабіць гэта. Арандатар Эйсмант, зразумеўшы чым паграджае яму гэта эпідэмія, прыслаў у староства фельдшара Шырму. З яго дапамогай усе захварэўшыя людзі былі выратаваны. На наступны год сітуацыя паўтарылася, з тым толькі адрозненнем, што захварэўшых было 4 чалавекі. За своечасовае аказанне дапамогі захварэўшым Гродзенская лекарская ўправа вырашыла ўзнагародзіць фельдшара з чым і звярнулася да Гродзенскага губернатара Ф. І. Васькова. Але дзеянне чыноўнічага апарата аказалася настолькі бюракратычным, што справа дайшла да самаго міністра дзяржаўных маёмасцей і не была задаволена. У адказе Гродзенскай лекарскай управе між іншым адзначалася: “… за неимением в виду Министерства особых заслуг Ширмы, занимавшимся лечением крестьян Волпянского староства по найму арендатора не представляется уважительных причин к назначению Ширме какого–либо от казны вознаграждения”. Пра самаго Шырму нам вядома не шмат. Так у дакумантах аб справе эпідэміі адзначалася, што ён быў шляхцічам каталіцкага веравызнання.

У сярэдзіне ХIХ ст. у Воўпе была пабудавана новая драўляная царква. У 1854 г. пабудову яе ўзяўся фінансаваць найбольш заможны з мясцовых памешчыкаў Антон Вайчынскі (яго маёнтак знаходзіўся на тэрыторыі цяперашней вёскі Длугаполь, што ў 5 км ад Воўпы). Дарэчы, ён на той час быў камер–юнкерам Двара Яго Імператарскай Вялікасці і дырэктарам Гродзенскага папячыцельнага турэмнага камітэта. Але Вайчынскі не прадугледзеў тое, што Расія вяла ў той час цяжкую Крымскую кампанію. У выніку цэны выраслі амаль на ўсе тавары і памешчык панёс страты на 2.5 тыс. рублёў. Спачуваючы Вайчынскаму, які паскардзіўся на сваі страты, дзяржава вярнула яму прапаўшыя грошы.

Рэформа 1861 года не вырашыла ўсіх набалеўшых для сялян пытанняў, а ў першую чаргу – пытання аб зямлі. Як вынік гэтага, пачаліся хваляванні сялян. У Ваўпянскім павеце хваляванні пачаліся з ліпеня 1861 г. Сяляне фальваркаў Белавічы, Калядзічы, Парфяновічы і Пацэвічы адмовіліся выконваць згонную павіннасць і падпарадкавацца міравому пасрэдніку. У Белавічах сяляне, колькасцю да 100 чалавек, прыйшлі да свайго пасрэдніка графа Красіцкага і заявілі яму, што не верыць ніякай ўладзе акрамя свайго пісара з Воўпы, казённага селяніна і былога тысяцкага Івана Язерскага. Па паедамленням Гродзенскага губернатара Шпеера, Язерскі ездзіў па навакольнвм вёскам і тлумачыў сялянам сапраўдны сэнс рэформы. Для “заспакаення” падобных выступлянняў сялян у фальваркі былі пасланы войскі – рота Пскоўскага палка. Найбольш актыўныя з сялян атрымалі па 60 удараў плецьмі. Язерскі быў кінуты ў астрог.

Паўстанне 1863 г. таксама пакінула свой след ў гісторыі Воўпы. У лютым 1863 г. у палон да расійскіх войск трапіў нейкі яўрэй – Шывель Грынеберг. Па яго словах, ваўпянскі ксёндз Маркевіч, якога Шывель здаецца добра ведаў, “… бунтуе народ, ездзіў па вёсках і шляхта вёскі Гурнева згадзілась (маецца на ўвазе – далучыцца да паўстання)”. Па гэтаму даносу ў Воўпу быў накіраваны вайсковы атрад для правядзення вобыску ў Маркевіча. Але вобыск, праведзены пружанскім вайсковым начальнікам маёрам фон Крэмерам і салдатамі Неўскага палка не даў станоўчых вынікаў – не былі знойдзены ні зброя, ні забароненыя рэчы. Ксёндз Маркевіч застаўся на волі, хоць хутчэй за ўсё і быў звязаны з паўстанцамі. Фон крэмер жа працягваў душыць паўстанне з камандай таго ж Неўскага палка і 24 мая нават паспрабаваў разбіць буйны атрад інсургентаў на чале са знакамітымі Валерыем Урублеўскім і Ануфрыем Духінскім у Ружанскай пушчы, але няўдала.

Чым з‘яўлялася мястэчка ў канцы ХIХ ст. бачна з наступных лічбаў. На 1893 г. у Воўпе было 2027 жыхароў (у 1913 г. – 2698 чалавек). Тут былі парафіяльныя цэнтры каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, 2 праваслаўныя капліцы, сінагога (пра якую мясцовыя жыхары казалі, што ёй 300 год) і 2 яўрэйскія малітоўныя дамы. Акрамя таго – павятовая школка, 25 магазінаў, піваварня (рэшткі яе захаваліся да нашых дзён), 2 скураныя майстэрні і фарбарня. Кожную нядзелю праходзілі таргі на ваўпянскай плошчы, а кожны год збіраліся 5 кірмашоў (у дзень Божага Вазнясення, на дзевятым тыдні пасля Пасхі; на дзесятым тыдні пасля Пасхі; 15 кастрычніка і 29 кастрычніка). Ва ўладанні жыхароў мястэчка было 923,5 дзесяцін зямлі, 59,5 – належала царкве і 37,5 касцёлу. У пачатку ХХ ст. у Воўпе адчынілася і пачала сваю дзейнасць ссуда-зберагальнае таварыства. За 8 год існавання (з 1907 па 1914 гг.) сума капіталаў таварыства павялічылася ў 4 разы – з 11 да 46 тыс. рублёў, а колькасць членаў са 137 да 337 чалавек. Зразумела, што асноўную частку з іх складалі яўрэі. Найбольш заможныя з іх сяліліся ў двухпавярховых каменных дамах, што рапалагаліся вакол Базарнай плошчы. Цяпер такіх дамоў у Воўпе не захавалася.

Домаўладальнікі мястэчка і навакольных вёсак (т. я. – Агрызкі, Кульшычы, Данілаўцы, Тупічаны, Лазы, Старына, Палаўкі і інш.) мелі права голасу на сельскіх сходах Ваўпянскага валаснога праўлення, на якім вырашаліся ўсе важнейшыя пытанні.

Парад самай вайной з’явілася паштова-тэлеграфнае агенства і земская пачтовая пачтовая станцыя – усё за кошт насельніцтва. Былі намаганні арганізаваць вольна-пажарную каманду, для чаго сход жыхароўувёў спецыяльны падатак, але хутчэй за ўсё стварыць яе не паспелі. Былі таксама думкі арганізаваць земскую бальніцу са сваім лекарам, але ўлады абмежаваліся фельчарскім пунктам.

Цікава, што артыкулы пра Воўпу, якія друкаваліся ў “Нашай Ніве” пісаў Павел Аляксюк, тады яшчэ проста адзін з шматлікіх аматараў – карэспандэнтаў. Так у № 11 за 1910 год ён пісаў: “Мястэчка гэтае, як і ўсе вёскі, што ляжаць каля яго, беларускае, але толькі бяда, што народ круціць язык і чураецца сваёй мовы, а гаворыць так як каталік – дык на моду польскую, а як праваслаўны – па расейску”. Цяжка не згадзіцца з Алексюком, таму што і ў наш час людзі хутчэй прыпісваюць сябе да вялікіх народаў (рускіх ці палякаў) па свайму веравызнанню, а не па нацыянальнасці. Між іншым, Аляксюк называў Воўпу сваім родным мястэчкам. Мажліва з яе ваколіц паходзіў яго род.

volpa_8

Першая святовая вайна прынесла з сабою эвакуацыю насельніцтва у глыб Расіі, а афіцыйных устаноў у Калугу. Пра акупацыйны перыяд гісторыі Воўпы нам нічога не вядома, акрамя таго, што нямецкая ўлада захоўвалася тут да канца 1918 – пачатку 1919 гг. Вяртаўшыяся з эміграцыі сяляне яшчэ працавалі летам–восенню 1918 года на пастаўках сельскагаспадарчай прадукцыі ў нямецкае войска. Пасля заканчэння падзей Першай і Грамадзянскай войнаў ўся Заходняя Беларусь апынулася пад польскай ўладай. На 1921 г. ў мястэчку налічвалася 5115 жыхароў (амаль ў два разы болей, чым у 1913 г.), з якіх яўрэйскага насельніцтва было 941 чалавек. Адпаведна з новай палітыкай уладаў Воўпу пачалі лічыць польскім мястэчкам. Па перапісах 1919 і 1921 гг. бачна, што колькасць людзей, запісаўшыхся беларусамі, амаль не змянілася (746 і 739 чалавек адпаведна). Колькасць жа запісаўшыхся палякамі вырасла амаль на 50% (з 2612 да 3697 чалавек). Большасць вярнуўшыхся (715 чалавек) былі праваслаўнымі па веравызнанню.

Як і раней у Воўпе збіраліся кірмашы (15 чысла кожнага месяца). На кожны з іх плошча дзялілася на дзве часткі. У першай таргавалі жывёлай. У другой – вырабамі ўласнай гаспадаркі: збанамі, драўлянымі лыжкамі, упражжу, якую прывозілі з Крынак.

Зміцер Люцік, harodnia.com

Нравится(7)Не нравится(0)

Теги:

 

Комментариев нет

Вы можете оставить первый комментарий..

Оставить комментарий