Чаму нельга кідаць у жоўтыя скрыні пластыкавыя бутэлькі з-пад алею? З такім пытаннем да нас звярнуўся чытач з Ваўкавыска, якому ў рукі трапіў буклет аб прынцыпах раздзялення хатніх адкідаў.

Адказ мы накіравалі магілёўскаму прадпрыемству “РеПлас-М”, які перапрацоўвае большую колькасць ПЭТ-бутэлек Беларусі. Аказваецца, бутэлькі ад алею завод перапрацоўвае. І нават можна не адкручваць накрыўкі ад бутэлек, як гэта патрабавалася раней.

— ПЭТ-бутэлькі з-пад алею мы перапрацоўваем – як правіла, іх не болей за 1% ад агульнай масы, таму гэта ніяк не ўплывае на якасць пластыку. То бок канкрэтна для нашай тэхналогіі гэта не праблема. А ПЭТ-бутэлек нам не хапае – даводзіцца дакупаць другасную сыравіну за мяжой. Мы пастаянна пра гэта кажам беларускім прадпрыемствам, але частку ПЭТ-бутэлек яны ўсё роўна экспартуюць. Хаця кошты ў нас канкурэнтныя, — патлумачыў намеснік дырэктара па агульных пытаннях прадпрыемства «РеПлас-М» Максім Баравікоў.

Таксама мы спыталі, ці трэба здымаць накрыўку ў ПЭТ-бутэлькі перад тым, як кінуць яе ў жоўтую скрыню.

— Мы перапрацуем і накрыўкі, тэхналогіі дазваляюць. Адзінае пажаданне, хоць і неабавязковая ўмова – сціснуць бутэльку. Гэта значна спрашчае сартыроўку і перапрацоўку.

Чаго дакладна нельга кідаць – ПЭТ-бутэлькі з-пад бытавой хіміі і ПЭТ-бутэлькі з-пад малочнай прадукцыі.

— На бутэльках з-пад малочнай прадукцыі наклеены этыкеткі з ПВХ, якія не перапрацоўваюцца. З-за гэтых этыкетак каля 4 тысяч тон ПЭТ-бутэлек у год у Беларусі выкідваецца на сметнік, а маглі б перапрацоўвацца.

— Мы падымалі гэтае пытанне, але пакуль яно не вырашана. Увесь свет змяніў матэрыял для этыкетак, каб бутэлькі можна было перапрацаваць, — дадаў Максім Баравікоў.

ПЭТ-бутэлькі з-пад малочнай прадукцыі, на якіх этыкеткі папяровыя, выкідаць трэба ў жоўтыя кантэйнеры.

ЗЯЛЁНЫ ПАРТАЛ ГРОДЗЕНШЧЫНЫ