1 красавіка 1877 г. у в. Дабрасельцы Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губерні (цяпер Зэльвенскі раён) нарадзіўся беларускі палітычны дзеяч, публіцыст Васіль Іванавіч ЗАХАРКА.

Атрымаў хатнюю пачатковую адукацыю. Скончыў Лыскаўскую настаўніцкую семінарыю. З 1895 г. настаўнік царкоўнапрыходскай школы. Вытрымаў экзамен па праграме юнкерскага вучылішча і расійскай гімназіі. У 1898—1902 гг., 1904—1917 гг. на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (22 кастрычніка 1917 г.), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. На 1-м Усебеларускім з’ездзе (1917) абраны членам Рады з’езду. Арыштаваны бальшавікамі ў студзені 1918 г.

З 21 лютага 1918 г. у складзе Народнага сакратарыята (урада) БНР. З 21 лютага 1918 г. скарбнік у складзе Народнага сакратарыяту БНР. 23 сакавіка 1918 г. быў упаўнаважаны Народным сакратарыятам атрымаць грошы, асыгнаваныя Мінскай гарадской думай. Вёў перамовы з нямецкімі ваеннымі ўладамі па справе грошаў, канфіскаваных 25 лютага 1918 г. 1 мая 1918 г. абраны сябрам фінансавай камісіі Рады БНР. Член ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. Пасля займаў розныя міністэрскія пасады. З мая 1918 г. кіраўнік друкарні Народнага сакратарыяту БНР. У красавіку 1918 г. разам з М.Касцевічам быў абраны Мінскай думай сябрам міравога суддзі. Член камісіі па пераходу Беларускага тэатру пад загад Народнага сакратарыяту БНР і Надзвычайнай бежанскай калегіі. 23 ліпеня 1918 г. ўвайшоў у склад кабінету Я. Серады, заняўшы пасаду народнага сакратара фінансаў. 28 жніўня 1918 года быў дэлегаваны ў Кіеў атрымаць рэшту грошай з украінскай дзяржаўнай пазыкі ўраду БНР. Міністр фінансаў ва ўрадзе А.І.Луцкевіча. У снежні 1918 г. – у Вільні.

Прыехаў у Гародню ў сярэдзіне снежня 1918 г. 15-16 снежня 1918 г. ў якасці ганаровага госця прысутнічаў на Гарадзенскім беларускім сялянскім з’ездзе. Выконваў абавязкі кіраўніка канцылярыі міністэрства беларускіх спраў Літвы. Сябра Гарадзенскага БНК і клубу «Беларуская хатка». У снежні 1918 г. ўдзельнічаў у перамовах БНК з Гарадзенскай управай. 30 снежня 1918 года разам з П.А.Крэчэўскім сустракаўся з камандаваннем нямецкай 10 арміі па пытанню аб перадачы зброі беларускай міліцыі. Будучы ў Гародні падаў разам з А.І.Луцкевічам некалькі нотаў пратэсту ад імя ўраду БНР супраць захопу беларускіх зямель Польшчай.

З другой палове лютага 1919 года – ва Украіне, куды паехаў да А. Смоліча ў справе ўкраінскай пазыкі. У маі 1919 года – у Берліне. 22 траўня 1919 года звярнуўся да ўраду БНР з просьбай «звольніць яго ад абавязкаў кіравання грашовымі справамі з прычыны нездароўя». У чэрвені 1919 года – у Коўне ў якасці часовага намесніка старшыні ўраду БНР. З канца таго ж месяца быў зноў у Берліне, дзе фактычна выконваў абавязкі кіраўніка беларускага ўраду.

Пасля расколу Рады БНР 13 снежня 1919 г. В.Захарка быў абраны намеснікам старшыні Прэзідыўма Народнай Рады БНР. На паседжанні ўраду А.І.Луцкевіча 15 лістапада 1919 г. быў адхілены ад пасады міністра. А.А.Смолічу было даручана распачаць супраць яго судовы працэс (магчыма, у справе грошаў ураду БНР, якія В.Захарка адмовіўся перадаць А.Луцкевічу). Зноў прыехаў у Гародню 17 сакавіка 1919 г. з Берліна разам з Ю.Камарынцам. У гэты ж дзень удзельнічаў у святочнай вячэры ў беларускім клубе. Прысутнічаў на паседжаннях ураду БНР у Гародні 18 і 21 сакавіка. Выступіў 25 сакавіка 1919 г. на развітальнай вячэры, прысвечанай ад’езду Я.Варонка з Гародні. Як прадстаўнік ураду БНР удзельнічаў у адкрыцці І-га беларускага настаўніцкага з’езду Гарадзеншчыны 26 сакавіка. 5 красавіка В.Захарка ад імя Рады міністраў БНР апратэставаў заяву К.М.Цвіркі-Гадыцкага аб далучэнні Беларусі да Польшчы. 7 красавіка В.Захарка звярнуўся да нямецкага крэйзгаўптмана Гродна з заявай лічыць справу арыштаванага напярэдадні ў горадзе К.М.Цвіркі-Гадыцкага беларускай «унутранай дзяржаўнай справай». Выехаў з Гародні ў Берлін у пачатку красавіка 1919 г.

У канцы 1919 г. ў Мінску хаваўся ад арышту польскімі ўладамі. На пачатак 1920 г. – зноў у Берліне, у лютым 1920 г. – у Празе. Член аргбюро па скліканню дзяржаўнай канферэнцыі ў Рызе ўвесну 1920 г. Удзельнічаў у нарадзе прэзідыўма Рады БНР і ўрада В.Ю.Ластоўскага ў Рызе 30-31 траўня 1920 г. З 24 чэрвеня па 12 верасня 1920 г. быў у Маскве ў якасці старшыні Надзвычайнай дыпламатычнай місіі БНР. У канцы 1920 – пачатку 1921 гг. – у Рызе, з 1921 г. – у Коўне. Намеснік старшыні 1-ай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ў верасні 1921 г. З 23 жніўня 1923 г. – міністр фінансаў ва ўрадзе А.Цвікевіча. 1 лістапада 1923 г. выехаў у Прагу. Пасля 2-ой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне (10 кастрычніка 1925 г.) не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі. Застаўся ў эміграцыі ў Празе, захаваўшы непарыўнасць традыцыі БНР. 12 снежня 1925 г. года абраны старшынём таварыства «Беларуская рада» ў Празе. Намеснік старшыні Рады БНР, з 8 сакавіка 1928 — 6 сакавіка 1943 г. Прэзідэнт Рады БНР.

Па некаторых звестках, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Праводзіў актыўную кампанію зваротаў і петыцыяў у Лігу Нацый і іншыя міжнародныя органы ад імя БНР. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926), «Беларусь — роль і значэнне на ўсходзе Еўропы» (не апублікавана). Памёр 14 сакавіка 1943 г. у Празе. Пахаваны ў Празе на Альшанскіх могілках.