• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

Люстрадзён на сёньня

14 красавіка 1920 г. у вёсцы Страшава каля Гарадка на Беласточчыне нарадзіўся партызан і франтавік, беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч, сябар і паплечнік Васіля Быкава Аляксей Нічыпаравіч КАРПЮК.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам польскага ордэна «Віртуці Мілітары». Заслужаны работнік культуры БССР (1980). Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт». Лідар вольнадумнай інтэлігенцыі ў Гародні ў 1960-1980-х, падтрымліваў кантакты з пісьменнікамі-дысыдэнтамі ў СССР.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, бацька быў сябрам КПЗБ. У 1934 г. скончыў семігодку і ў 1938-1939 гг. навучаўся ў польскай гімназіі ў Вільні, а пасля яе закрыцця ў 1939-1941 гг. — у Наваградскім педагагічным вучылішчы. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. У час выканання дыверсіі на чыгунцы ў канцы 1942 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 г. уцёк з лагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 г. быў камандзірам партызанскага атрада імя К.Каліноўскага на Гарадзеншчыне. У 1944-1945 гг. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Нямеччыны. Двойчы паранены. Скончыў аддзяленне ангельскай мовы Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1949 г.). Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага рана (1949-1951), дырэктарам Біскупцоўскай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951-1953), у Гарадзенскім педінстытуце (1953-1955), у абласной газеце «Гродзенская праўда» (1955-1957), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1961 г. — загадчык агенцтва «Інтурыст» (Гародня), з 1965 г. — сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР, з 1970 г. — упаўнаважаны УААП па вобласці, у 1977-1981 гг. — дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гародні, з 1978 г. — зноў сакратар абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1953 г.

А.Карпюк вядомы як аўтар твораў пра жыццё Заходняй Беларусі ў 1-ай пал. 19 ст. — тэме, якая дазваляла ва ўмовах савецкай цэнзуры раскрываць некаторыя старонкі нацыянальнай гісторыі (аповесць «Данута», раман-быль «Вершалінскі рай» ды інш.). Вакол А.Карпюка ў Гародні ў 1960-1970-х узнік своеасаблівы клуб вольнадумнай інтэлігенцыі. У розныя часы з гэтым асяродкам кантактавалі Васіль Быкаў, Данута Бічэль-Загнетава, Вольга Іпатава, Браніслаў Ржэўскі. Сам Карпюк пашыраў забароненую ў БССР літаратуру, ліставаўся з А. Салжаніцыным, які перадаў яму для магчымай публікацыі сваю п’есу «Свеча на ветру» ды апавяданні «Правая кисть» і «Как жаль!»; кантактаваў з сям’ёй Геніюшаў. Тэлефонныя размовы Карпюка пачалі праслухоўваць, у ягонай кватэры рабіліся тайныя вобыскі. Аднойчы нехта папярэдзіў пра мяркуемы вобыск — тады Карпюк знішчыў лісты А.Салжаніцына, самвыдат (напрыклад, раман Я. С. Гінзбург «Крутой маршрут» і г.д.). Паводле ўспамінаў жонкі Карпюка, «нелегальную прадукцыю… ўначы склалі і ўтапілі, … але нешта і захавалася».

20 чэрвеня 1969 г. старшыня КДБ СССР Ю. Андропаў накіраваў у ЦК КПСС сакрэтны ліст, дзе гаварылася: «Комитет государственной безопасности Белоруссии располагает данными о политически нездоровых настроениях белорусских писателей — члена КПСС Карпюка и Быкова… Карпюк нелегально распространяет среди своих знакомых различные пасквили в виде книги Гинзбурга-Аксёнова “Крутой маршрут“ и другие. Отрицательно воздействует на молодёжь… Комитетом госбезопасности Белоруссии с санкции ЦК компартии республики готовятся мероприятия, направленные на предотвращение возможных враждебных акций названных лиц». 21 красавіка 1972 г. Карпюк быў выключаны з КПСС па абвінавачванні ў нацыяналізме, кулацкім паходжанні, хлусні пра сваё мінулае — лагерныя дакумэнты (цяпер на месцы гэтага лагера, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, створаны музей) былі сфальшававаныя афіцэрамі КГБ Фаміным і Клімовічам. У 1970-1972 ня мог нідзе ўладкавацца на працу. Карпюк прабіваўся да П.Машэрава, і той дапамог яму — у красавіку 1973 г. Карпюку далі вымову (за выступы супраць афіцыйнай палітыкі партыі) і аднавілі ў партыі. Назіранні за Карпюком усё адно працягваліся, але, як сведчаць сучаснікі, «не было ніводнага якога-небудзь прадстаўнічага пісьменніцкага форуму ў Беларусі, дзе б не выступаў Карпюк… ён не саромеўся казаць праўду», «не было ни одного собрания в Союзе писателей, на котором не выступил бы Карпюк и не „врезал“ бы по первое число какому-нибудь освиневшему главначпупсу — партийному или литературному». Сын А.Карпюка Іван напісаў у траўні 1976 г. ліст, адрасаваны Андропаву, дзе гаварылася, што яму, выдатніку МІФІ, не даюць уладкавацца на працу, бо на ім нейкае таўро.

У 1989 г. Карпюк актыўна праяўляе сябе як публіцыст — ён публікуе шэраг артыкулаў са сваёй трактоўкай, далёкай ад афіцыёзнай ацэнкі, падзеяў 1939 г. Бюро Гарадзенскага абкаму КПБ прымае спецыяльную пастанову пра гэтыя артыкулы, дзе сцвярджаецца, што «Карпюком субъективно, односторонне показана освободительная миссия Красной Армии в сентябре 1939 года, по-своему трактуется отношение жителей к воинам и ход коллективизации в 40-50-е годы». Менавіта гэтая пастанова стала падставаю для напісання Васілём Быкавым артыкула ў абарону Карпюка. А.Карпюк стаў аб’ектам нападак у часопісе «Политический собеседник», дзе пра яго былі пададзеныя фальшывыя звесткі. Карпюк падаў у суд на аўтара артыкула і 2 красавіка 1991 г. выйграў працэс. Вярхоўны суд БССР 12 ліпеня 1991 г. пацвердзіў асноўныя пункты судовага выраку. 5 красавіка 1991 г. Карпюк выйшаў з КПСС, матывуючы гэта тым, што «разуверыўся ў прынцыпах марксізму-ленінізму ды прыйшоў да высновы, што ідэі яго ўтапічныя, …прыдуманыя бюракратамі ў кабінэтах», але партыйны білет пакінуў сабе «на памяць аб летуценьнях сваёй маладосьці».

Памёр 14.07.1992 г.

У друку дэбютаваў у 1953 г. аповесцю «У адным інстытуце». Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Данута» (1960), «Мая Гродзеншчына» (нарыс, 1960), «Пушчанская адысея» (1964), «Чаго мы варты» (бібліятэка газеты «Голас Радзімы», 1970), «След на зямлі: Скарбы і здабыткі маёй Гродзеншчыны» (1972), «Вершалінскі рай» (1974), «Ольга Корбут» (1977), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), «Сучасны канфлікт» (1985), «Дзве сястры» (казка, 1986), раман «Карані» (1988). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах у 1980 г. і 1990-1991 гг.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт».


Только авторизованные пользователи могут оставлять комментарии!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Последение комментарии

Бой в деревне Ятвезь

Оно конечно – смерть фашистам , но а как же МИРНЫЕ ЖИТЕЛИ ???? Разбомбили остатки деревни , да...


Люстрадзён на сёньня

Я считаю что для того то бы твоим именем назвали улицу города, то человек должен для этого города и...


Люстрадзён на сёньня

После таких высказываний Вовы, я совершенно согласен с Вами Анна....."Нет слов"


Люстрадзён на сёньня

Вова - а ты кто собственно, фамилию хоть напиши - НЕТ МЫ НАЗОВЁМ улицу именем ВИНИ И БУЛЬДОГА !!!


Ровно двадцать лет назад волковысская Смена-01 сыграла на своем поле с БАТЭ

В том сезоне и отец мой играл Виктор Дусенок.Ему в Борисове голову разбили во время игры.Так врачи Б...


Ровно двадцать лет назад волковысская Смена-01 сыграла на своем поле с БАТЭ

Можно добавить ещё одного игрока того матча Вадим Мацевило (в настоящее время игрок команды "ЧАЙКА"...


Ровно двадцать лет назад волковысская Смена-01 сыграла на своем поле с БАТЭ

ну хоть как-то мы вошли в положительную историю...