15 красавіка 1900 г. у в. Вялікія Азяраны Гродзенскага павета, цяпер Ваўкавыскі раён, нарадзіўся праваслаўны святар, рэлігійны дзеяч, публіцыст Уладзімер ТАМАШЧЫК (у царкоўным жыцці Васіль).

Вучыўся ў школе ў Гродне. З пачаткам 1-й сусветнай вайны сям’я Тамашчыка эвакуіравалася ў глыб Расіі. Са снежня 1915 г. жыў у Омску, дзе скончыў сярэднюю школу (1920). У 1921 г. вярнуўся ў Беларусь. Жыў у маёнтку Дубляны пад Вялікай Бераставіцай. У 1920-я г. далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Арыштаваны польскімі ўладамі ў 1927 г., прыгавораны да 3 гадоў турмы. З 1930 г. у Чэхаславакіі. Вучыўся на агранамічным факультэце Пражскага політэхнічнага інстытута, пасля сканчэння якога ў 1934 г. запрошаны на пасаду асістэнта Пражскага інстытута заалогіі. Быў сакратаром старшыні Рады БНР В. Захаркі. У гады 2-й сусветнай вайны на кароткі час вярнуўся ў Дубляны. Пазней пераехаў у Беласток, дзе працаваў намеснікам рэдактара беларускай газеты «Новыя дарогі», удзельнічаў у нацыянальным падполлі. З 1944 г. у эміграцыі.

Пасля вайны жыў і працаваў у Мюнхене. Быў абраны старшынёй Цэнтральнага беларускага камітэта ў Нямеччыне. 23 красавіка 1949 г. у Канстанцы (Нямеччына) пастрыгся ў манахі і прыняў імя Васіль. 19 снежня 1949 г. у беларускай царкве св. Мікалая ў Розенгайме ўзведзены вышэйшымі духоўнымі ўладамі Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў сан епіскапа. У 1951 г. скончыў Украінскую багаслоўскую акадэмію ў эміграцыі. На свяшчэнным Саборы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў 1951 г. абраны адміністратарам БАПЦ у ЗША, Канадзе і Еўропе.

Наталля Арсеннева і Уладзімір Тамашчык перад выездам з Мінску ўлетку 1944 г.

З 2-й паловы 1951 г. у ЗША. Жыў у Нью-Ёрку, дзе арганізаваў епіскапальны цэнтр БАПЦ у Паўночнай Амерыцы. Некаторы час узначальваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Выступаў з малітвамі ў Сенаце ЗША у сувязі з угодкамі абвяшчэння БНР. Быў асабіста знаёмы з прэзідэнтамі ЗША Л. Джонсанам і Р. Ніксанам. Садзейнічаў арганізацыі новых прыходаў БАПЦ і школ беларусаведы.

Памёр загадкавай смерцю ў сваёй бруклінскай кватэры 9 чэрвеня 1970 г. Ягонае цела знайшлі толькі на сёмы дзень пасля смерці. Па адной з версій быў забіты.