• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

Мастак Сяргей Грыневіч малюе Украіну, каб прачнулася Беларусь

Мастак Сяргей Грыневіч — пра эўрапейскі гапак Украіны, касьмічны «мусар» зь Беларусі ды цэнзарскія нажніцы ад «мастацтвазнаўцаў у цывільным».

Сяргей Грыневіч наракае, што ягоныя запасьнікі цяпер напаўпустыя — нядаўна завяршылася вялікая пэрсанальная выстава ў гішпанскай Сарагосе, адкуль творы разьляцеліся па прыватных калекцыях. Зрэшты, працы ў папулярнай майстэрні, якая месьціцца ў самым цэнтры старадаўняй Горадні, не залежваюцца пры любым раскладзе — сьмелыя экспэрымэнты майстра вабяць аматараў жывапісу з усіх куткоў сьвету.

Крамлёўская «гуманітарка» і дзень Перамогі

Спадар Сяргей — бадай, адзін зь нямногіх беларускіх мастакоў, хто не цураецца рэпартажнасьці і трымае руку на пульсе геапалітычных падзеяў.

0C672BE4-2E28-4DAB-ABBA-74B4F6521AE7_w640_r1_s

Сярод прыярытэтных тэмаў апошняга году — вайна на ўсходзе Ўкраіны. Адна зь першых рэфлексіяў у гэтым кантэксьце — расейская «гуманітарная дапамога» «свабодалюбнаму Данбасу». Назва і зьмест красамоўныя — «Эшалён»: чыгуначныя плятформы перакідваюць танкі, каб падтрымаць «русский мир», у самаабвешчаныя «дээнэры» ды «элэнэры». Цяпер карціна экспануецца на выставе да… 70-годзьдзя Перамогі ў Вялікай айчыннай вайне:

— Так, гэта я намаляваў дзесьці год таму, калі вайна ва Ўкраіне ўжо ішла поўным ходам. Таму гэта як бы адгалосак тых падзеяў, мая асабістая рэфлексія.

— Наколькі ведаю, карціну ўзялі на выставу да 70-годзьдзя Перамогі?

— Ну, напэўна, палічылі, што з майго боку гэта будзе, як кажуць, меншае зло. Бо тое, што я ім прапаноўваў, было б яшчэ больш радыкальна.

«Эшалён» з «гуманітаркай»

«Эшалён» з «гуманітаркай»

— Ці варта чакаць, што супрацьстаяньне Ўкраіны ваеннай і прапагандысцкай экспансіі Крамля будзе і надалей знаходзіць увасабленьне ў творах мастака?

— Ня ведаю, плянаваць нешта цяжка. Але я і так даволі шмат увасабляю, як бачыце, пэўныя рэфлексіі ўсё ж маюць месца. Дарэчы, у мяне ёсьць адна карціна, якая наўпрост адсылае да тых падзеяў. Яе, дарэчы, дагэтуль ніхто яшчэ ня бачыў….

Гапак у атачэньні зорак Эўразьвязу

«Гапак»: «шпагат» у Эўропу

«Гапак»: «шпагат» у Эўропу

Убачанае сапраўды ўражвае: украінец у нацыянальных шараварах застыў у «шпагаце». Фонам — залатыя зоркі сьцяга Эўразьвязу. Хіба можна выразьней адлюстраваць цывілізацыйны выбар украінскага народу?

— Такая вось нібыта вясёлая карцінка, называецца яна „Гапак“. Ніхто дагэтуль ня бачыў, дый, можа, яшчэ і не пара. Спадзяюся, яе сапраўдны час яшчэ надыдзе…

— То бок Украіна ў вас адназначна эўрапейская?

— Прынамсі хацелася б, каб так сталася. Можа, дасьць прыклад і іншым. Але каб гэтая карціна стала актуальнай, украінцы яшчэ павінны прайсьці вельмі цяжкі шлях, ён для Ўкраіны фактычна толькі пачаўся. То бок гэта, хутчэй, такі аптымізм са сьлязьмі на вачах.

З «Цэнзарскіх нажніц»: «Гарадзенская турма»

З «Цэнзарскіх нажніц»: «Гарадзенская турма»

— А Беларусь бачыце ў эўрапейскіх зорках? Не абавязкова ў танцы — у нейкім іншым выглядзе?

— Не, пакуль што яна там ня бачыцца. Але калі ўдасца Ўкраіне, то, напэўна, гэта будзе добрым арыенцірам у тым ліку і для Беларусі. Хоць, як паказвае досьвед, добрым прыкладам беларусаў асабліва не спакусіш. Скажам, у той жа Польшчы цяпер усё зусім ня кепска — у Эўропе, бадай, адзіная краіна, якая плюсуе. Маю на ўвазе — у эканамічным сэнсе. Паўсюль крызіс, а ў Польшчы збольшага ўсё добра. Але для нашага шырокага грамадзтва нават гэта не пераканаўча, ня вераць.

З «Цэнзарскіх нажніц»: «Працэсія»

З «Цэнзарскіх нажніц»: «Працэсія»

— У Беларусі хіба што адзінкі мастакоў адрэагавалі на падзеі ва Ўкраіне — нават зь ліку тых, хто лічыць сябе праўкраінскім. Чаму?

— Некаторыя баяцца, некаторыя не баяцца. Але ёсьць такая канцэпцыя ў мастакоў, што наўпрост рэфлексаваць — гэта задача журналістаў, публіцыстаў, ня ведаю яшчэ каго. А мастацтва — яно больш шырокае, мастак як бы над бойкай. Хоць у гісторыі мастацтва дастаткова прыкладаў адваротнага стаўленьня, калі мастакі непасрэдна рэагавалі на тую ці іншую падзею. Таму тут такая дыскусія, якая пераможцаў ня мае. Асабіста мне ўсё ж неяк закарцела, і я некалькі карцін „на злобу дня“ намаляваў.

«Дуэль»: новы час, новая «зброя»

«Дуэль»: новы час, новая «зброя»

Крамольная бульба для Масквы і маскалёў

Тым часам на стэндзе вылоўліваю позіркам цэлы шэраг палотнаў з выявай лёгка пазнавальнага эўразьвязаўскага сьцяга. Пра зорны сэрыял — сам аўтар:

«Так, у мяне ёсьць некалькі працаў са сьцягам Уніі Эўрапейскай, досыць правакацыйных. Прыкладам, Напалеон, які сядзіць у сучасным офісным крэсьле на тле гэтага сьцяга. Бо Эўрапейскі Зьвяз — гэта ў пэўным сэнсе тое, чаго Напалеон і дабіваўся. Ці, скажам, Уол-Стрыт Бул: Нью-ёрскі бык, які сымбалізуе агрэсіўную фінансавую палітыку ЗША. Карціна называецца „Выкраданьне Эўропы“ — іхні „Бул“ замахнуўся на нашу Эўропу».

Напалеон Эўразьвязу

Напалеон Эўразьвязу

Творчасьць Сяргея Грыневіча даўно на адмысловым уліку ў байцоў нябачнага фронту. Ня так даўно мастака фактычна абвінавацілі ў спробе «ўбіць клін» у братэрскія адносіны народаў Беларусі і Расеі. Так, пад цэнзарскія нажніцы трапіла карціна пад назвай «На Москву»: усю прастору на палатне займае трактарны прычэп, з коптарам нагружаны адборнай бульбай і адрасам атрымальніка на борце. Што пільныя ідэолягі знайшлі крамольнага?

89BC51D5-DE63-4DB1-BE41-6134658B60CD_w640_s

— Што крымінальнага? Самае цікавае, што я нічога нават не прыдумляў. Калісьці езьдзіў на радзіму, а побач з нашым пасёлкам ёсьць вёска Ендрыхоўцы, дзе, дарэчы, нарадзіўся знакаміты мастак Станіслаў Жукоўскі. Была акурат восень, і там стаялі прычэпы, на якіх крэйдай было выведзена — „На Москву“. Пэўна, потым гэтую бульбу везьлі на чыгуначную станцыю ў Ваўкавыск, каб адправіць у Маскву ці ў Піцер. Бульба, мабыць, была адборная, але там гэта не адзначалі. Быў толькі канцавы адрас. Так што я тут нічога не прыдумаў.

— Той выпадак, калі рэалізм не прайшоў дзяржпрыёмку?

— На мінулым зьезьдзе мастакоў ладзілася вялікая зборная выстава: сябры саюзу маглі выставіць у Палацы мастацтваў па адной карціне. Спачатку яе нават прыладзілі на „алтарнай сьцяне“, але потым усё ж вырашылі павесіць у куточку, у залі дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Урэшце прыйшла дэлегацыя „мастацтвазнаўцаў“ у цывільным на чале з намесьнікам міністра культуры і заявіла: альбо вісіць карціна, альбо выставы, а заадно і самога саюзу, ня будзе. Так што шырокая грамадзкасьць карціны не пабачыла. Хоць і ня ведаю, што тут такога: выклаў яе ў Фэйсбуку, і былі толькі станоўчыя водгукі. У тым ліку і з Расеі, у мяне там шмат знаёмых.

«Краявід з ручніком» дзяржаўнага значэньня

На асабістай старонцы ў Фэйсбуку Сяргей Грыневіч вымушаны быў стварыць адмысловую тэчку, якая так і называецца — «Цэнзарскія нажніцы». Яе зьмесьціва прырастае як сьвежымі працамі, так і тымі, якія ідэалягічныя куратары пераасэнсавалі на новы лад. Кандыдат у чорны сьпіс яшчэ на стадыі задумы — постмадэрнісцкі «Касьмічны «мусар»:

«Гэта такі постмадэрнісцкі сьцёб, карціна называецца «Касьмічны „мусар“. Зразумела, тут найперш гульня словаў. З аднаго боку, глябальная праблема — засьмечваньне касьмічнай прасторы. Зь іншага — новы „элемэнт“ на арбіце, супрацоўнік МУС, на жаргоне — „мусар“. У гэтай форме іх часьцяком называюць „касманаўтамі“, калі яны выходзяць на свае „спэцзаданьні“. Дык вось, мала таго, што „касманаўт“, дык яшчэ і „мусар“. Так што ўсё адно да аднаго: чаўнок „Буран“ пазбавіўся ад „мусара“ на іншаземнай плянэце і адляцеў, пакінуўшы інвэрсійны сьлед. Тут ужо элемэнт жывапіснасьці, як жа без прыгажосьці?»

Іншая праца на сілавую тэматыку — «Ластаўка», таксама з калекцыі «Цэнзарскіх нажніцаў». Суразмоўца кажа, што ўвасоблены вобраз — з рэальнага жыцьця:

«Такая вось праца з кайданкамі, „Ластаўка“ называецца. „Натхніўся“, калі мой знаёмы Пеця Новікаў трапіў пад міліцэйскую „раздачу“ і яго ў аддзяленьні „выхоўвалі“ менавіта так. Гэта так па-іхняму, пяшчотна „ластаўкай“ называецца».

«Ластаўка»: не сьпявае, але стогне

«Ластаўка»: не сьпявае, але стогне

А вось дзяржаўны сьцяг Беларусі, але ў чорна-шэрых тонах — гэта, аказваецца, «Краявід з ручніком». І праўда: у такім варыянце выглядае зусім арганічна, рыхтык прадукцыя Аршанскага льнокамбінату:

«Краявід з ручнікамі»

«Краявід з ручнікамі»

— Так, „Краявід з ручніком“. Ну а што, не ручнік? Самы натуральны, усё па-чэснаму…

— Ці рэальна дзе-небудзь выставіцца з такім „ручніком“? Казалі, што акурат рыхтуецца выстава ў Горадні.

— Вось пакуль думаю. Прынамсі, у Фэйсбуку — рэальна, пакуль яшчэ спадар Цукербэрг не забаніў. Калі сур’ёзна — ня ведаю. Але хутка спраўдзім. Хачу днямі падыйсьці да арганізатараў, каб у выпадку чаго быў час на замену. Бо так, яна ў пляне, але калі раптам „засякуць“, каб была магчымасьць выставіць нешта іншае.

1AC02DF2-AA6E-4B2A-8A4B-0104CDDEDB40_w640_r1_s

«Фэстываль»: танцы за кратамі

Апроч звыклага жывапісу алеем на палатне, спадар Сяргей практыкуе росьпіс па шкле. Некаторыя працы вытрыманыя ў стылістыцы, якой філігранна валодае ягоны менскі калега Ўладзімер Цэсьлер:

Росьпіс па шкле

Росьпіс па шкле

«Толкам ня ведаю, куды гэта прыстроіць, але час ад часу раблю карцінкі на шкле. Вось, прыкладам, называецца „Рубай“ (RU — BY). Таксама гульня словаў з расейскай, гэта пра нашу „нерушымую дружбу“. Думаю, такое можна несьці, не „зарубаюць“. Увогуле напрошваецца нават сэрыя — з чорна-белага і чырвона-белага. Яшчэ з гэтай опэры: рэгістрацыйны нумар. Хто ў аўтамабільнай тэматыцы, асабліва тлумачыць ня трэба. Нулі — гэта значыць круты. Апошні нуль — гэта міліцыя. Увогуле ў нас сем рэгіёнаў зь лічбамі ад 1 да 7, а нуль аддалі сілавікам. Адпаведна, найкруцейшы нумар у краіне павінен быць у міністра ўнутраных спраў: 00 00 ОО-0. Гэта ўжо проста космас, самае крутое, што можа быць. Пакуль таксама не выстаўлялася, патрэбна нейкая нагода».

47D954EF-12E2-4BD3-A7BC-4FB17EE76B14_w640_s

На закуску — фэерычная карціна «Фэстываль». З аднаго боку, можа быць працягам сэрыі пра службу, якая «и опасна, и трудна», зь іншага — напрошваецца аналёгія пра танцы за кратамі: весялімся, але ў рамках дазволенага.

3AA445F3-F7B3-4E20-B594-DFBACAE746E8_w640_s

Сам Сяргей Грыневіч кажа, што запазычыў сюжэт з гарадзенскага Фэстывалю нацыянальных культур, але «рамачнасьць» імпрэзаў — справа звыклая для ўсёй краіны:

«Фэстываль нацыянальных культур — гэта тое, што, як і ў выпадку з прычэпам „На Москву“, бачыў на ўласныя вочы. Вядома, рэч збольшага рэпартажная, але ж прыгожа, праўда? Людзей на першым пляне, думаю, „калегі“ пазнаюць. Праца, якая кранае, абагравае сваёй значнасьцю. На заднім пляне, дарэчы, Дзяржаўны ансамбль танцу Рэспублікі Беларусь. Але такое можна ўбачыць паўсюль — быў у Полацку, дык тое ж самае. Як пісаў хлопцаў? Па памяці (сьмяецца). Было некалькі фатаздымкаў, некаторыя моманты трэба было адлюстраваць дакумэнтальна. Той, які ў цэнтры, — проста з галавы. А тыя, што справа-зьлева — гэта ўжо пэрсанажы канкрэтныя. Але тут нюансы ня так важныя, галоўнае — вынік…»

Сяргей Грыневіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў пасёлку Краснасельскім Ваўкавыскага раёну. Расказвае, што ад раньняга дзяцінства не сумняваўся ў выбары прафэсіі і пасьля Рэспубліканскай школы-інтэрнату імя Ахрэмчыка паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся на аддзяленьні манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва. Працуе ў розных манумэнтальна-дэкаратыўных тэхніках (фрэска, вітраж, росьпіс і г. д.), займаецца станковым жывапісам. Сябра Беларускага саюзу мастакоў. Карціны захоўваюцца ў шматлікіх прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. Сам майстар бачыць сябе на памежжы традыцыйнага і сучаснага мастацтва, яго цікавяць аптычныя эфэкты, дынаміка, але больш за ўсё — колеры.

Радыё Свабода



Комментарии

Васіль 2015/06/24 14:04 / Ответить

Сапраўдны сучасны мастак. Яго працы мне вельмі падабаюцца. Поспехаў табе, Сяргей!


Marina USSR 2015/06/25 04:58 / Ответить

Вам серьезно эти работы нравятся? Дома бы повесили такой плакат?


Комментарии от авторизованных пользователей видны всем пользователям сразу, анонимные только после модерации!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Добавить комментарий

Последение комментарии

Лауреаты конкурса искусств «Хрустальная лира»

Поздравляем с победой ! ! ! Как приятно осозновать то , что Волковысские коллективы достойно предст...


Паспяховая сельская дыскатэка: міф, які стаўся рэальнасцю

там че до сих пор бара нет??? а работать надо как минимум до 4 утра...


Лауреаты конкурса искусств «Хрустальная лира»

В очередной раз Волковысские танц.коллективы покорили олимп хореографического искусства на Республик...


Народны ансамбль песні і танца «Каларыт» выступіў у Польшчы

классно