22 ліпеня 2016 г. у Ваўкавыскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі нашага вядомага земляка — мастака, педагога, філакартыста, грамадскага дзеяча, члена саюзаў мастакоў Беларусі і Латвіі Вячкі Целеша «Адсюль наш род, тут мой прычал».

Мы працягваем знаёміць з рэцэнзіямі на кнігу. Гэтым разам гэта будзе рэцэнзыя прафесара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купала Аляксея Пяткевіча.

Мой род – мая Радзіма

Памяць аб продках

Сёння многія пішуць і друкуюць успаміны. Час такі. Пачалі больш шанаваць магілы, на якіх ставяць добрыя помнікі. Абвастрылася пачуццё развітанняў і стратаў. Што да мемуарнай літаратуры, то яна цяпер вельмі розная ў жанрава-стылёвых адносінах. Найбольш пашыраная форма – маналог пра перажытае, які ўключае і гісторыю ўласнага лёсу, і лёсаў іншых, хто так ці інакш замацаваўся ў душэўнай памяці аўтара. Такі аповед нязменна нясе ў сабе і аўтарскую эмацыйную рэакцыю на згаданыя факты і падзеі. Бо чыя ж душа не адгукнецца, калі даводзіцца вяртацца на ўласныя даўнія сцежкі. Але ёсць досыць рэдкі від мемуарнай літаратуры, дзе аўтар азіраецца ў гісторыю свайго роду, стварае разгорнуты радавод. Такі жанр трактуецца і як спецыяльная гістарычная дысцыпліна. Тут найбольш важныя факты пра лёс продкаў, непарыўнасць лучнасці пакаленняў, адшукваць якія нялёгка.

Падобны летапіс свайго роду падрыхтаваў Вячка Целеш, вядомы беларускі грамадска-культурны дзеяч у Латвіі, мастак, калекцыянер.Чытаць далей…

У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла яго кніга «Адсюль наш род, тут мой прычал». Яна ўражвае найперш багаццем матэрыялу: прасочана больш за 50 сем’яў Целешаў, генеалагічнае дрэва працягнутае ў канец XVIII стагоддзя. Гэта вынік нястомных шматгадовых роспытаў, ліставання, цяжкай працы ў архівах. Гэта духоўны подзвіг В. Целеша, які засведчыў глыбокую адданасць дзядам і прадзедам і выказаў сваёй кнігай адвечную ісціну пра тое, што самая вялікая любоў, на якую здольны чалавек і якая найлепш высвятляе яго сапраўдную ўнутраную сутнасць, гэта любоў да сваіх продкаў, да роднай зямлі. Яна, тая любоў, і сталася, напэўна, творчым рухавіком аўтара пры падрыхтоўцы кнігі.

Чытаць яе цікава не толькі Целешам, пра якіх і для якіх у першую чаргу ствараўся гэты пісьмовы помнік. Бо чытаючы, далучаешся да вялікай гісторыі людзей, дакранаешся да жывой сваяцкай сувязі пакаленняў. Цікава знаёміцца і з задумай аўтара, які пачынае гаворку з своеасаблівага эсэ «Мой дотык да гісторыі і генеалогіі», дзе распавядае пра пачаткі працы і дзеліцца роздумам-рэфлексіяй пра чалавечую памяць, не абмінаючы яе містычных уласцівасцяў. Між іншым заўважае: «Памяць пра нашых продкаў патрэбная нам не толькі таму, што гэта падзяка за падараванае нам жыццё, спадчыну, але і для супакаення іх душ». Да гэтага эсэ прымыкае яшчэ адно – «Маё прозвішча», дзе аўтар разважае пра значнасць прозвішча для чалавека, разглядае тыпы беларускіх прозвішчаў, іх рэгіянальнае размяшчэнне, высвятляе паходжанне ўласнага прозвішча. Затым у кнізе даецца разгорнутая гісторыя роднага паселішча – вёскі Краснае, сённяшняга гарадскога пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна. І ўрэшце – сам радавод, што пачынаецца з сябе, сваёй сям’і і блізкіх.

Сям’я – тая структурная адзінка кнігі, што складае аснову яе сістэмы. Рэтраспектыўна разгортваючы гісторыю сем’яў Целешаў, аўтар стварае іх радавод. Пры гэтым разглядаюцца розныя галіны радаводнага дрэва.

Шмат якія гісторыі сем’яў уражваюць драматызмам свайго лёсу. Войны, змены ўладаў і палітычных рэжымаў балюча адбіваліся на жыцці шмат каго з Целешаў. Зведвалі яны рэпрэсіі, расстрэлы, уцёкі з бацькоўскіх мясцінаў. Некаторыя аселі на жыхарства ў Польшчы, Расіі, Казахстане, Латвіі, Канадзе. Тыповая беларуская доля.

Асобная і пры гэтым вельмі арганічная частка выдання – фотаздымкі. Іх шмат, і яны займаюць трэцюю частку агульнага аб’ёму кнігі. Дзясяткі здымкаў прысвечаныя гісторыі Краснасельска, астатнія – фоталетапіс сем’яў Целешаў розных пакаленняў. Прыемна разглядаць гэтыя фота. Хаця на першы погляд, што тут цікавага? Застылыя позіркі, статычныя постаці – здымкі ёсць здымкі, тым больш аматарскія. Але калі прыгледзецца даўжэй і ўважлівей, як многа гавораць нам з далечыні свайго часу гэтыя абліччы і строі. Яны – сведчанні сваёй эпохі і свайго асяроддзя, яны распавядаюць пра нашую традыцыйную народную культуру і правінцыйныя густы і стылі, пра чалавечыя характары, пра адметную ментальнасць продкаў. Галоўнае ж у іх – ледзь улоўная сваяцкая повязь пакаленняў, што цягнецца паэтычным ланцужком фізічнай і маральна-псіхалагічнай падобнасці людзей. Гэта ж усё свае, Целешы… І кожны, хто зацікаўлена пагартае старонкі гэтых фотаздымкаў, хоць і падсвядома, але па-добраму пазайдросціць: во якая ладная і дружная грамада сваякоў сабралася разам. Разам мы заўсёды моцныя і прыгожыя. І як тут не задумацца аб нашай мінуўшчыне, нашым беларускім лёсе. Не, што ні кажыце, а фотаздымкі людзей з мінулага сёння вельмі красамоўныя. Тым больш у такой кнізе, як уласны радавод. Асобна тут яшчэ ідуць фотападборкі «Краснасельскія Целешы – доўгажыхары» і «Краснасельскія Целешы – творцы». Вельмі дарэчы ў кнізе гэтыя дадаткі: яны прыкметна аздабляюць сямейную эпапею Целешаў.

Свой тэкст аўтар заканчвае такімі словамі: «На гэтым завяршаецца гісторыя радаводу краснасельскіх Целешаў. Далей яе будуць дапаўняць тыя, хто неабыякавы да гэтай гісторыі». Спадзяванне добрае, зарыентаванае на вынік. Што ж, зробленае Вячкам Целешам не можа не натхніць нашчадкаў. Няхай жа яны будуць вартыя аўтара гэтай сур’ёзнай і разумнай кнігі. А ці станецца так, пакажа найлепшы знаўца нашай будучыні – час.