• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

Пароль: Целеш

22 ліпеня 2016 г. у Ваўкавыскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі нашага вядомага земляка — мастака, педагога, філакартыста, грамадскага дзеяча, члена саюзаў мастакоў Беларусі і Латвіі Вячкі Целеша «Адсюль наш род, тут мой прычал».

Прызнавацца ў любові да роднага краю можна па-рознаму: у вершы, прозе, песьні… А можна прысьвяціць сваё жыцьцё, ці хаця б вольны час, вывучэньню гісторыі роднай зямлі, а здабыткі гэтых досьледаў выкласьці ў кнізе, сцвярджае беларускі літаратурны крытык, паэтка, перакладчыца Марына Весялуха. Менавіта пра veseluhaадно з такіх прызнанняў і пойдзе сёння гаворка. Прапануем вашай увазе рэцэнзію крытыка на кнігу славутага земляка:

Гэтую кнігу складана будзе знайсці ў кнігарні. Адразу ж пасля выхаду яна стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Прычына таму — не толькі абмежаваны наклад. Выданне прызначана для ўнутранага сямейнага выкарыстання членамі роду Целешаў. Але пагартаць яе ці проста пазнаёміцца з агульнай канцэпцыяй і структурай, думаю, будзе карысна кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і, хоча скласці ўласны радавод. Менавіта такі своеасаблівы майстар-клас і прапануе чытачу мастак, краязнаўца Вячка Целеш у выданні «Адсюль наш род, тут мой прычал» (Мінск: Кнігазбор, 2013). Падчас свайго нядаўняга візіту на радзіму Вячаслаў Міхайлавіч завітаў да нас у рэдакцыю і распавёў пра адметнасці стварэння кнігі, яе своеасаблівыя рысы і ў цэлым адзначыў тэндэнцыю зацікаўленасці ўласным радаводам не толькі ў Беларусі, але і ў Латвіі.

Ад паштовак пачатак

— Па адукацыі я мастак, выкладчык, скончыў Латвійскую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, але яшчэ з самага дзяцінства гісторыя — маё вялікае захапленне. Спачатку ўсё зводзілася толькі да разглядвання старых манет, але пазней, калі я ў 1958 годзе прыехаў у Рыгу, пабачыў прыгожы еўрапейскі горад са старажытнымі дамамі, з вежамі цэркваў і касцёлаў, то цалкам захапіўся яго мінуўшчынай. Пачаў збіраць паштоўкі з краявідамі Старой Рыгі. Спачатку самастойна, а крыху пазней трапіў у адно месца, дзе нелегальна збіраліся калекцыянеры. Раней не было антыквараў, забаранялі калекцыяніраваць старыя рэчы. Толькі маркі можна было збіраць. Там жа я ўбачыў старыя паштоўкі з відамі Рыгі канца ХІХ — пачатку ХХ ст. На гэтых выявах было бачна, як людзі апраналіся ў той час, які быў транспарт. Мяне гэта вельмі захапіла.

Напэўна, па натуры я ўсё ж не толькі мастак, але і даследчык мінуўшчыны. Калі бачу ў музеі старыя рэчы, гартаю старажытныя рукапісы, кнігі, праглядаю старыя часопісы, то маю вельмі прыемныя адчуванні. Прыкладна з 1968 года я захапіўся справай калекцыяніравання паштовак. Мае ўласныя зборы паступова папаўняліся, а на малюнках трапляліся не толькі краявіды Старой Рыгі, але і выявы беларускіх гарадоў.

Калі Уладзімір Караткевіч прыязджаў на адпачынак да нас у Латвію, у Дубулты, мне выпала магчымасць з ім пазнаёміцца. Я паказаў пісьменніку старыя паштоўкі з краявідамі Оршы, ён быў у вялікай радасці і захапленні. Пазней Уладзімір Сямёнавіч пазнаёміў мяне з Адамам Мальдзісам, у яго была досыць багатая калекцыя паштовак з відамі Мінска, некаторыя з іх я нават атрымаў у падарунак ад шаноўнага даследчыка.

Калекцыяніраванне мела і выдавецкі плён: выйшлі альбомы «Мінск на старых паштоўках», «Рыга на старых паштоўках», а кніга «Гарады Беларусі на старых паштоўках» ужо вытрымала аж тры перавыданні, цяпер рыхтуецца чацвёртае. Адметна таксама, што альбомы — гэта выданні, падрыхтаваныя на навуковай даследчай аснове. Кожнае лета я ездзіў па гарадах, ішоў у мясцовы музей, глядзеў іх паштоўкі, паказваў свае, шукаў мясціны, адлюстраваныя на старых выявах, параўноўваў з сучаснай рэчаіснасцю. Таму лічу, што гэтыя кнігі — знаходка для краязнаўцаў. Паступова ўвёў «моду» на падобныя праекты: ужо пабачылі свет альбомы паштовак з выявамі Масквы, Санкт-Пецярбурга, іншых гарадоў.

Вытокі таленту і… сям ’і

— Калі справа з калекцыяніраваннем была нібыта завершана, я пачаў цікавіцца звесткамі пра вытокі свайго роду. Больш за тое, у мяне заўсёды пыталіся, ці маю продкаў-мастакоў. Я казаў: «Не», — бо не ведаў… Але потым, калі мой дзядзька прыязджаў з Канады ў 1980-х, яму задаў гэтае пытанне. Высветлілася, што яго дзед — то бок мой прадзед, які быў дзякам у царкве, — высякаў з вапняка прыгожыя крыжы, надмагіллі. Адзін з такіх крыжоў я бачыў у дзяцінстве. Напэўна, ад сваяка мне і перадаўся талент.

Так я вырашыў збіраць звесткі пра дзеда, астатніх родзічаў, каб скласці генеалагічнае дрэва. Але калі пачаў больш адрасна займацца справай, то заўважыў: у нас трэцяя частка вёскі — Целешы. А адкуль яны? Значыць, мы ўсе родзічы. Так і атрымалася.

Працаваў у архівах Гародні, Вільнюса… Хадзіў па хатах, запісваў гісторыі сем’яў усіх Целешаў — нашых сучаснікаў. Паступова «збіраўся» ланцужок. У гэтай працы мне вельмі дапамагла мая сястра Вера. Працэс вельмі складаны: патрэбна не толькі шмат працаваць у архівах, але пісаць, тэлефанаваць у розныя месцы, занатоўваць успаміны. З вёскі Краснае Сяло (цяпер г. п. Краснасельскі), што на Ваўкавышчыне, Целешы разляцеліся паўсюль: прадстаўнікі нашага роду жывуць у Таронта, Хабараўску, ва Украіне, у Польшчы, натуральна, і ў Беларусі, у нашым родным Краснасельскім.

Радавод — гэта наша гісторыя, дзе распавядаецца пра дзядоў і прадзедаў, згадваецца маленства і мінулае. Мне хацелася апісаць і мясціны, дзе я нарадзіўся, хадзіў у школу, дзе вырас. Цяпер там цалкам усё змянілася. Спачатку я планаваў даследаваць толькі гісторыю сваёй сям’і, але ў выніку справа ператварылася ў шырокае вывучэнне ўсяго роду. Над кнігай працаваў тры гады, з іх два літаральна не адыходзіў ад камп’ютара…

Летапіс роду — гісторыя вёскі

— Кніга «Адсюль наш род, тут мой прычал» — не для публічнасці. Гэта прыватнае жыццё кожнага Целеша, па сутнасці, фамільная кніга. Я арыентаваўся, каб усе, пра каго пісаў, атрымалі гэтае выданне, прачыталі, перадалі сваім дзецям і такім чынам захавалі памяць пра нашых продкаў. Мы павінны памятаць бацькоў, дзядоў, прадзедаў, прыходзіць на могілкі, распавядаць пра сваіх продкаў дзецям і ўнукам. Каб ведалі, адкуль іх карані, любілі сваю малую радзіму. Я жыву ў Латвіі ўжо больш як 50 гадоў, гэта ўжо другая радзіма, але ўсё ж мае карані, мая любоў — на беларускай зямлі.

Мне надзвычай прыемна, што многія Целешы чакаюць гэтую кнігу, асабліва маладыя. Вельмі важна, што ў працы дапамагалі многія сваякі. Напрыклад, траюрадная сястра, якая жыве ў Мінску, нават знайшла ўспаміны свайго дзеда, які нарадзіўся ў ХІХ ст., служыў у пана, быў у царскім войску. Гэта было цікава, каштоўна і нечакана.

Назад, у 1795 год

— У Латвіі таксама сёння цікавяцца сваімі радаводамі, але кнігі выдаюць у асноўным толькі пра дзеда-прадзеда, іх братоў. Такія выданні выходзяць вельмі малымі накладамі — 20-30 асобнікаў, і ў кнігарнях вы іх дакладна не знойдзеце. Адметна таксама, што большасць кніг, прысвечаных генеалогіі, распавядае пра радаводы князёў, шляхту. А яны мелі свой афіцыйна зарэгістраваны герб, сваё радавое дрэва. Гэтую інфармацыю і сёння лягчэй знайсці. Але такога шырокага даследавання, дзе ахоплена гісторыя больш як 50 сем’яў, па сутнасці ніхто не праводзіць.

Я напісаў пра сялян. Мае прапрадзеды былі прыгоннымі сялянамі, а вёска належала графу Патоцкаму. Мае продкі жылі ў курных хатах… Сам жа радавод я прасачыў аж да 1795 года. У нас не было свайго сямейнага герба. Але я распрацаваў экслібрыс – як герб. У цэнтры — целеш, кавалак адпілаванага ліпавага бервяна, бо каля хаты амаль у кожнага Целеша раслі ліпы. На выяве адна ліпка расцвіла, тут жа з’явілася і пчолка: з аднаго боку, мае продкі былі працавітыя, але ёсць і больш прыземленае тлумачэнне — яны аж з ХІХ ст. заўсёды мелі вуллі.

Спадзяюся, што маё даследаванне натхніць і прадстаўнікоў іншых родаў, падкажа шлях да складання ўласнага радаводу, напісання фамільнай кнігі.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Радыё Свабода


Только авторизованные пользователи могут оставлять комментарии!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Последение комментарии

Умения по изготовлению свадебного каравая в Волковысском районе войдут в госсписок ценностей

И как же вашей бабушки была фамилия (ну или имя отчество хотя бы)?


Умения по изготовлению свадебного каравая в Волковысском районе войдут в госсписок ценностей

Моя бабушка в Моисеевичах была первая каравайница. И мы маленькие помогали лепить сахарные цветы. И,...


Юные волковысские танцоры призеры областного танцевального конкурса

Учитель Радион, так а деньги почему не вернули потом? Это во-первых. А во-вторых, успехам всем рады,...


Юные волковысские танцоры призеры областного танцевального конкурса

Учащиеся всех школ города и района постоянно выезжают на олимпиады, конкурсы, фестивали с правильно...


Юные волковысские танцоры призеры областного танцевального конкурса

Хорошо, что доехали домой целы и невредимы.Кто-нибудь вообще контролирует водителей-перевозчиков дет...


Скокі ва ўсе бокі

И не только "Империя" лауреат 2 степери - http://vgdk.by/novosti/item/skoki-va-se-boki.html