У першым нумары бягучага года Весніка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў серыі 1 “Гісторыя і археалогія. Філасофія. Паліталогія” змешчана праца кандыдата гістарычных навук, прафесара катэдры кіравання і эканомікі адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Сяргея Стрэнкоўскага “Самакіраванне гарадскіх паселішчаў Ваўкавыскага павета ВКЛ у XVI-XVIII стст.”

Пачынаем публікацыю на старонках сайта гэтай цікавай працы.

Самакіраванне гарадскіх паселішчаў Ваўкавыскага павета
ВКЛ у XVI-XVIII стст.

Станаўленне і развіццё самакіравання гарадсктх паселішчаў з’яўляецца неад’емнай часткай іх гістарычнага шляху. Менавіта ў ім знайшло ўвасабленне натуральнае імкненне гарадскіх абшчын да самастойнага вырашэння асноўных пытанняў свайго жыцця. Аднак, як вядома, для феадальнага перыяду быў характэрны партыкулярызм права, які прыводзіў да з’яўлення своеасаблівых рыс у развіцці самакіравання кожнага горада ці мястэчка. …вывучэнне гісторыі гарадскога самакіравання краіны немагчыма без дакладнага ведання яго асаблівасцей у пэўных паселішчах. На жаль самакіраванне гарадскіх паселішчаў Ваўкавыскага павета не стала самастойным аб’ектам даследавання для айчынных і замежных гісторыкаў. У асноўным звесткі пра яго мы можам знайсці амаль што выключна ў энцыклапедычных выданнях. Асобныя аспекты, напрыклад прывілеі на магдэбургскае права і інш. адлюстраваны ў працах З.Ю. Капыскага, Н.У. Місарэвіч. Разглядаючы стан Ваўкавыскага павета на падставе матэрыялаў тарыфы падымнага падатку, С. Кракоўскі коратка закранаў самакіраванне гарадоў і мястэчак, размешчаных на яго тэрыторыі. Шэраг звестак па ўстаўнаму і магдэбургскаму самакіраванню гарадскіх паселішчаў Ваўкавыскага павета прыводзіцца ў працах аўтара. Кароткія звесткі па гербах гарадскіх паселішчаў Ваўкавыскага павета, рамесніцкіх цэхах Ваўкавыска і Мсцібава прыведзены А.К. Цітовым. Гарадская геральдыка Ваўкавыскага павета адлюстравана таксама ў артыкулах А. Шаланды, які апублікаваў і канфірмацыйны прывілей Новаму Двару з Фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Генезіс мястэчак Ваўкавыскага павета ў агульным кантэксце гэтага працэса ў ВКЛ разглядаў С. Александровіч. Навукова-папулярны характар маюць артыкулы, прысвечаныя магдэбургскаму самакіраванню паселішчаў Ваўкавыскага павета ў гісторыка-дакументальных хроніках “Памяць” Ваўкавыскага і Свіслацкага раёнаў. Калі адпаведны артыкул па Свіслацкаму раёну ўтрымлівае толькі агульныя звесткі па магдэбургскаму праву ў Беларусі, то матэрыял Г.М. Сяменчука па Ваўкавыску ўтрымлівае таксама аналіз асноўных палажэнняў канфірмацыйнага прывілея гэтаму гораду, датаванага 1507 г., і акт, які сведчыць аб барацьбе паміж паспольствам і войтам. Пэўная колькасць звестак па самакіраванню гарадскіх паселішчаў Ваўкавышчыны была агучана падчас краязнаўчай канферэнцыі 22.12.1995 г.: С.А. Піваварчыкам адносна Мсцібава, І.Р. Кулевічам, а таксама В.В. Шведам і А.П. Госцевым адносна Ваўкавыска. Разглядаючы гісторыю каталіцкай парафіі, коратка закранае самакіраванне Поразава Ю. Макарчык. Пэўныя зветскі па гарадскім самакіраванні змешчаны ў краязнаўчым артыкуле С. Раманава, прысвечаным Новаму Двару. Побач са сфрагістычным матэрыялам асобныя пытанні гарадскога самакіравання Ваўкавышчыны закрануты Э. Рымшам.

Асноўная частка. Можна адзначыць, што ў XVI ст. Ваўкавыскі павет ужо меў даволі развітую для сваёй тэрыторыі сетку гарадскіх паселішчаў, хоць і памеры іх былі адносна невялікімі, аб чым сведчыць памеры падаткаў, што спагняліся з іх у дзяржаўны скарб. Так, у вызначэнні колькасці коней, якія гарады выстаўлялі на вайну, у 1513 г. у адносінах Ваўкавыска адзначана 20 коней ці 15 коп грошаў, Поразава – 15 коней. У роспісе ардыншчыны за 10.06.1530 г. адзначаны абавязак выплаты Ваўкавыскам 15 коп грошаў, Поразавым – 5 коп грошаў (для параўнання: Гродно – 30 коп, Навагрудак – 20 коп). Па рэестру серабшчыны 20.11.1534 г. Ваўкавыск павінен быў унесці 30 коп грошаў (для параўнання: Гродна – 100 коп, Навагрудак – 30 коп). “Господарски плат” па рэестру 27.11.1551 г. з паселішчаў Ваўкавыскага павета вызначаны ў памеры: Поразаў – 20 коп грошаў, Мсцібаў (акрамя яэрэяў) – 20 коп. У рэестры аб высыланні коней на вайну 27.12.1552 г. для Ваўкавыска вызначана лічба ў 15 коней ці 15 коп грошаў, з Поразава – адпаведна 10 (дял параўнання: Гродна – 120 коп, Навагрудак – 100 коп). Непрывілеяваныя мястэчкі Ваўкавыскага павета ў 1567 г. унеслі “побору”: Мсцібаў – 30 коп грошаў, Воўпа – 8 коп (для параўнання: Лунна ў суседнім Гродзенскім павеце – 6 коп.).

Ужо гэтыя матэрыялы сведчаць, што на тэрыторыі Ваўкавыскага павета ў адзначаны вышэй час магдэбургскае права мелі толькі Ваўкавыск і Поразаў, што пацвярджаецца таксама фундацыйнымі і канфірмацыйнымі прывілеямі гэтых паселішчаў. У астатніх мястэчках павета існавала самакіраванне, не заснаванае на нямецкім праве, якое мы палічылі магчымым назваць “устаўным”.

У 1503 г. вялікі князь надаў магдэбургскае права Ваўкавыску, “хотечи осмотрети, штобы место наше Волковыиское в людех и обыходех наших множыло ся». Магдэбургскае права пашыралася і на тых, “которыи всхотять у том месте садити ся”, і датычылася людзей як каталіцкага, так і праваслаўнага веравызнання. У астатніх пытаннях прывілей адпавядаў агульным нормам у адносінах да грамат гэтага тыпу, якія склаліся ў ВКЛ, пачынаючы ад фундацыйнага прывілея Берасцю 1390 г. Скасоўваліся правы, якія перашкаджалі магдэбургскаму, суд і ўлада над жыхарамі горада службоўцаў дзяржавы. Судовая ўлада ў поўным памеры перадавалася войту. Асаблівасцю ваўкавыскага прывілея было тое, што мяшчане праз свае органы ўлады маглі вырашаць любыя судовыя справы, за выключэннем “гвалту, пожогу, разбою, всильства”, якія вялікі князь “на себе взял и на врядники свои” (у Г.М. Сяменчука гэтае палажэнне прывілея трактуецца няслушна, як пракрыццё цэнтральнай уладай за свій кошт страт “вд вялікіх катастроф, якія закраналі Ваўкавыск”. Калі спрэчка заходзіла паміж мешчанінам і валашчанінам, суд павінны былі праводзіць у княжацкім двары дзяржаўца ці намеснік з войтам, калі ж паміж валашчанінам і мешчанінам, то разглядаць яе павінны былі войт з намеснікам у ратушы па магдэбургскаму праву. У гэтым можна заўважыць адчувальны ўплыў шрэдскага права. Вызначаўся пералік і памер судовых пошлін (вялікаму князю ішлі 2 грошы з судовых выракаў, в войту – трэці грош), павіннасцей і падаткаў з мяшчан на карысць вялікага князя і двара (захоўваліся павіннасці на час прыезда вялікага князя, а таксама 2 дні талакі на пашні і 2 на жніве, рамонт става, дача падвод паслам і ганцам, абавязак хадзіць у Бярэсце “в заставу”, “на службу свою на войну ходити”, выплата серабшчыны і ардыншчыны). Як і жыхары іншых прівілеяваных гарадоў кожны год мяшчане плацілі па 30 злотых, а таксама пэўныя сумы з “плат корчомных”. Усталёўваліся гарадскія прыбыткі: “вси ятки мясные, и воскобойня, и вага, и померне, и постригальне”, а таксама шынкаванне півам, мёдам і віном, “которое немецким языкем завецца шротарство”. Мяшчанам пакідаліся ранейшыя таргі, а таксама ўсталёўваўся кірмаш на дзень Святога Мікалая ўвосень. Пацвярджальныя прыілеі Жыгімонта Вазы дадаюць, што фундацыйны прывілей надаваў Ваўкавыску магдэбургскае права “ровнуючи во всих волностях з местом Виленским”.

Працяг будзе