Дзень беларускага пісьменства зьяўляецца нацыянальным сьвятам. Ён праводзіцца штогод у першую нядзелю верасьня ў адпаведнасьці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 «Аб дзяржаўных сьвятах, сьвяточных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь».

У аснову канцэпцыі Дня беларускага пісьменства пакладзена ідэя прапаганды здабытку айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасьці духоўных традыцый Беларусі. Сьвята дае унікальную магчымасьць сустрэцца з жывым словам, удзельнікамі творчага працэсу стварэньня кніг, газэт і часопісаў.

Невыпадкова і тое, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года. Адукацыя, інфармацыя і культура — тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе сучаснасьць і будучыню. У гэты дзень мы аддаем даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства.

Традыцыйна сьвята праводзіцца ў гарадах, якія зьяўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукаваньня. Упершыню ён прайшоў у 1994 годзе ў Полацку. Сталіцамі Дня беларускага пісьменства былі таксама Тураў, Наваградак, Нясьвіж, Ворша, Пінск, Заслаўе, Мсьціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў.

На гэты раз у ХХІІ раз цэнтрам нацыянальнай культуры стаў горад Шчучын — радзіма вядомай беларускай паэткі Цёткі (Алаізы Пашкевіч).

Правядзеньне Дзён беларускага пісьменства ў малых гарадах спрыяе пашырэньню іх інфраструктуры, знаёміць жыхароў з матэрыяльнымі і духоўнымі помнікамі Беларусі.