Колькасць дзяржаўных служачых у Беларусі за 2011—2015 гады скарацілася амаль на 14% — пра гэта сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У штогадовым зборніку «Праца і занятасць» за 2015 год, які апублікаваў Белстат, паведамляецца, што на 1 ліпеня мінулага года ў краіне налічвалася 48 тыс. 463 дзяржслужачыя. Найбольшая іх колькасць — амаль 12 тысяч — працаўладкавана ў Мінску. У той жа час у абласцях на дзяржаўнай службе знаходзяцца ад 5,5 тыс. да 6,5 тыс работнікаў.

Пры гэтым адзначаецца, што апублікаваныя звесткі аб дзяржслужачых «не ўтрымліваюць інфармацыю» аб працаўніках міністэрстваў абароны, унутраных спраў, КДБ і іншых сілавых ведамстваў.

На 1 ліпеня мінулага года на дзяржслужбе знаходзілася амаль 34 тыс. жанчын і 14,5 тыс. мужчын. Пры гэтым кіруючыя пасады займалі 2.933 мужчыны і 3.544 жанчыны. У той жа час галоўнымі спецыялістамі ў дзяржорганах былі пераважна прадстаўніцы жаночага полу (13.837), мужчыны такую пасаду займалі радзей (3.639).

Такім чынам, паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць дзяржслужачых (без уліку работнікаў сілавых структур) за 2011—2015 гады знізілася на 13,8% — з 56.232 на 1 лістапада 2011 года да 48.463 на 1 ліпеня 2015 года.

Практыка скарачэння работнікаў органаў дзяржкіравання з мэтай павышэння заробкаў актыўна праводзіцца ў Беларусі апошнія пяць гадоў. Так, у 2012 годзе, пасля рэзкай дэвальвацыі рубля 2011 года, апарат ўрада было вырашана скараціць на 20%.

На Усебеларускім народным сходзе ў чэрвені 2016 года Аляксандр Лукашэнка зноў закрануў тэму заробкаў дзяржслужачых і даручыў Адміністрацыі прэзідэнта падрыхтаваць прапановы па скарачэнні колькасці работнікаў дзяржапарату ў паўтара-два разы.

БелаПАН