• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

У Беларусі хутка загучыць “Радыё Марыя”

Аб адкрыцці беларускай рэдакцыі сусветна вядомай каталіцкай радыёстанцыі “Радыё Марыя” пачалі гаварыць яшчэ чатыры гады таму.

За гэты час, на жаль, справа рухалася вельмі павольна. Але цяпер, пасля нядаўняга сусветнага кангрэсу “Радыё Марыя”, на які былі запрошаныя прадстаўнікі Беларусі, з’явілася дакладная дата адкрыцця ў краіне каталіцкай радыёстанцыі. Плануецца, што ў красавіку 2016 года загучыць “Радыё Марыя – Беларусь”.

Праграмы радыёстанцыі, якая будзе вяшчаць на беларускай мове, дадуць магчымасць слухачам пазнаёміцца з хрысціянскім вучэннем, пачуць трансляцыі набажэнстваў з розных каталіцкіх храмаў па ўсёй Беларусі; будуць гучаць перадачы культурнай, хрысціянскай і сацыяльнай тэматыкі, музыка, рэпартажы пра важныя падзеі з жыцця Касцёла ў розных краінах свету. Таксама ў эфіры будуць інтэрактыўныя праграмы, падчас якіх слухачы змогуць атрымаць адказы на свае пытанні ў спецыяльна запрошаных гасцей.

Пакуль трансляцыя будзе весціся толькі ў сеціве Інтэрнэт, але ў перспектыве плануецца пашырэнне спосабаў вяшчання, паведаміў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Вячаслаў Гулевіч, кіраўнік “Радыё Марыя – Беларусь”.

“Цяпер вядзецца арганізацыйна-прававая праца па адкрыцці радыёстанцыі, і калі атрымаецца пачаць трансляцыю ў сакавіку-красавіку, вяшчанне спачатку будзе весціся ў фармаце інтэрнэт-радыё. Але каб зрабіць “Радыё Марыя” даступным для ўсіх слухачоў, ёсць ідэя распрацаваць радыё-бокс з магчымасцю далучэння да яго 3G-мадэма, каб адным дотыкам можна было ўключыць нашу радыёстанцыю. Гэта дазволіць тым людзям, якія не вельмі сябруюць з інтэрнэтам і не карыстаюцца смартфонамі, зручна далучыцца да “Радыё Марыя”. Таксама ёсць намер дамовіцца аб уключэнні радыё ў пакет кабельных аператараў, каб можна было слухаць нас праз тэлепрыёмнік. Абавязкова будзе створаны дадатак для смартфонаў, каб быць на сувязі з “Радыё Марыя”. Спадзяемся, што з Божай дапамогай усё атрымаецца, і ў хуткім часе трансляцыя пачнецца”, — адзначыў кіраўнік.

Духоўную апеку над новым радыё, па даручэнні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, вядзе кс. Аляксандр Тарасевіч, пробашч касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў Капылі. “Вядома, хацелася б дасягнуць той аўдыторыі, якая, па сутнасці, з’яўляецца першачарговай для “Радыё Марыя” ў любой краіне – гэта людзі сталага веку, якія маглі б слухаць малітву і святую Імшу не толькі раз на тыдзень. У нашай краіне ёсць такая магчымасць – кожную нядзелю па дзяржаўным радыё транслюецца святая Імша. А дзякуючы “Радыё Марыя” гэта можна будзе рабіць штодня, нават двойчы на дзень – так ёсць у нашых планах. А іншая мэта, не менш важная, якую дасягнуць будзе не так проста, — павышэнне ўзроўню ведаў аб Касцёле, хрысціянскай, каталіцкай духоўнасці. І, вядома, шмат людзей не веруючых будуць мець магчымасць сустрэцца з Касцёлам такім чынам”, — спадзяецца святар.

“Радыё Марыя” паўстала ў Італіі ў 1987 г. як асацыяцыя каталіцкіх святароў і вернікаў, мэтай якіх стала стварэнне радыё, якое зможа вынесці вучэнне Каталіцкага Касцёла за рамкі асобных парафій і зрабіць яе даступнай для ўсіх людзей, нават далёкіх ад Касцёла. Праз 11 гадоў, у 1998 годзе, італьянская асацыяцыя “Радыё Марыя” стала заснавальніцай Міжнароднай асацыяцыі “Сусветная сям’я “Радыё Марыя” (World Family of Radio Maria). Зараз Радыё вяшчае на пяці кантынентах, у 75 краінах свету, у тым ліку Расіі і Украіне. “Радыё Марыя” ва ўсім свеце з’яўляецца некамерцыйным, у яго эфіры не гучыць рэклама, вяшчанне магчыма дзякуючы працы валанцёраў і фінансавым ахвяраванням радыёслухачоў. Фармат праграм радыёстанцыі “Радыё Марыя – Беларусь” прызначаны не толькі для вернікаў, але і для шырокай аўдыторыі.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё



Комментарии от авторизованных пользователей видны всем пользователям сразу, анонимные только после модерации!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Добавить комментарий

Последение комментарии