Раней мы раскрыў падрабязнасці гэтай знаходкі.

Калі іспанскі дырыжор Алексіс Сар’яна (Alexis Soriano) працаваў у Мадрыдскім каралеўскім архіве, ён не шукаў гістарычных сенсацыяў. Але выпадкова натрапіў на твор 1782 года пад назваю «Эвэрард ІІ – кароль Літвы».

Алексіс мае літоўскія карані, таму звярнуў увагу на дзіўны архіўны дакумэнт. «Я пабачыў гэтую назву ў сьпісе і спытаў у працаўніцы архіву: «Ці можаце паказаць мне гэтую партытуру?» Яна здзівілася: «А навошта вам гэта? Ніхто не прасіў гэты твор шмат гадоў». Я пабачыў ноты, яны былі ў выдатным стане, а музыка аказалася вельмі добрай», − распавёў ён на нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Вільні.

Натхніла гісторыя ВКЛ

Гэтую оперу напісаў кампазітар Жуан дэ Соўза Карваллю (Joao de Sousa Carvalho) з нагоды Дня народзінаў тагачаснага партугальскага караля Пэдра ІІІ. Напрыканцы ХVIII стагоддзя ў Заходняй Еўропе існавала мода на малавядомыя краіны, і таму аўтары твору звярнулі ўвагу на аддаленае Вялікае княства Літоўскае. Оперу паставілі толькі адзін раз, пасля чаго ноты музычнага твору пахавалі ў архівах.

Натуральна, падзеі ў оперы далёкія ад гістарычнай праўды, аднак там узгадваюцца такія персанажы нашай гісторыі як Аляксандр Ягелончык і аўтар вядомага трактату пра звычаі татараў, літоўцаў і масквіцінаў Міхалон Літвін. Падзеі разгортваюцца ў Ваўкавыскім замку ў перыяд не пазнейшы за ХVI стагоддзе.

Перакладчык тэксту на літоўскую мову Дайнюс Бурэ (Dainius Būrė) распавёў, што аўтары оперы захапляюцца моцаю княства, апісваюць зацятую палітычную барацьбу за ўладу, цесна пераплеценую з рамантычнаю лініяй. «У гэтай оперы Літва перажывае цяжкія часы змагання за ўладу. І традыцыйна тэмы ўлады і кахання – асноўныя ў сюжэце».

Опера ажыве

Займеўшы каштоўную знаходку, Алексіс Сар’яна звязаўся з літоўскімі музыкамі ды музейшчыкамі. Літоўцы з захапленнем успрынялі навіну ды вырашылі адрадзіць забытую оперу. Ужо сёлета ў снежні ў віленскім Палацы ўладароў спадар Сар’яна і аркестр «Віленская сімфаньета» зарганізуюць чарговы паказ оперы. «Эвэрард ІІ – кароль Літвы» прагучыць другі раз у гісторыі і ўпершыню пасля перапынку амаль на тры стагоддзі.

vokladka-znoydzenay-opery-pra-vkl