20 верасня ў Гродзенскай дыяцэзіі адбыліся рэкалекцыі для мужчын, якія правёў спадар Дональд Турбіт, каардынатар «Служэння Абнаўлення» (Renewal Ministry) для Польшы і Украіны, а таксама кіраўнік і сузаснавальнік міжнароднага каталіцкага руху «Мужчыны святога Юзафа».

Дональд Турбіт наведвае Беларусь і парафію Езуса Журботнага ўжо другі па ліку раз, каб разам з невялікай групай мужчын з Гродзенскай дыяцэзіі падзяліцца досведам сваёй веры і разам памаліцца. Са спадаром Дональдам Беларусь наведалі таксама яго найбліжэйшыя супрацоўнікі: Дзік Кернан з ЗША і Анджэй Левэк — каардынатар руху мужчын св. Юзафа ў Польшчы.

Уладзімір Крупенка, адзін з тых, хто прымаў удзел у рэкалецыях для мужчын, падзяліўся сваім уражаннем:

«Падчас гэтых рэкалекцый, на маю думку, нічога вялікага не адбылася. Аднак былі дадзены добрыя адказы на актуальныя пытанні, якія датычаць мужчын і мужчынскага служэння. Асабліва для мяне, гэты выезд быў вельмі карысным. Кажуць, што з кім павядзешся ад таго і набярэшся. Там я сустрэў такіх мужчын, у якіх ёсць чаму павучыцца, і я кажу не толькі пра тых, хто вёў гэту сустрэчу. Файна было бачыць у святыні толькі мужчынскі пол. Дадзенае відовішча ўжо стала дзівоцтвам, але калі ў мяне запытаюць пра сапраўдных мужчын, «Ці існуюць яны?», я змагу цвёрда адказаць, што так, я нават з імі гарбату піў».

Спадар Турбіт цягам 20 гадоў служыў пажарнікам у Роуд-Айлендзе, 30 год вёў уласны бізнес. Яны з жонкай маюць трое дзяцей і трынаццаць унукаў. Сп. Турбіт вядзе місіі і канферэнцыі ва ўсёй Новай Англіі, Усходняй Еўропе, Афрыцы, В’етнаме. Яго місіянерскае служэнне скіравана найперш да мужчын. Таму рух “Мужчыны св. Юзафа”, які ён каардынуе, ставіць перад сабой дзве асноўныя мэты: прывесці мужчын да асабістых стасункаў з Богам і наладзіць добрыя ўзаемаадносіны паміж мужчынамі-католікамі. Групы мужчын, якія прыналежаць да гэтага руху існуюць ужо ў многіх краінах, такія як Польшча, ЗША, Канада, Беларусь…

grodnensis.by