У 2016 годзе будзе праведзена рэканструкцыя гарадской плошчы, у рамках якой плануецца ўзвесці абеліск – помнік XVIII стагоддзя, — паведамляе Свіслацкая газета.

Ён быў узведзены ўладальнікам мястэчка графам Вінцэнтам Тышкевічам на рыначнай плошчы. Абеліск сімвалізаваў славу Свіслачы, упрыгожваў яе і абараняў ад няшчасцяў.

Углядваючыся ў старыя фотаздымкі Свіслачы, не перастаеш здзіўляцца задумцы графа. 20-мятровы абеліск з пазалочаным шарам і шпілем у сонечны дзень можна было ўбачыць за шмат кіламетраў.

swislacz_abelisk

Аб гэтым збудаванні складзена шмат легенд і паданняў. Па адным з іх – гэта велізарны громаадвод, дзякуючы якому не трэба было хвалявацца за драўляныя пабудовы, якія часта загараліся ад маланкі, і за ўраджай збажыны падчас спякоты. Па другім паданні абеліск сімвалізаваў знакамітыя Успенскія кірмашы, якія з шырокім размахам праходзілі штогод на цэнтральнай плошчы мястэчка, пачынаючы з 1791 года.

На плошчы ў гандлёвыя дні размяшчаліся сотні фурманак з таварам, завіхаліся тысячы людзей з розных куткоў Беларусі і шматлікіх краін. Падчас гандлю мястэчка ажывала: шпацыруючыя саноўныя асобы, стракатая вопратка замежных купцоў, публічныя атракцыёны з каруселямі і маскарадамі, танцы, спевы… Свіслач сапраўды “была падобна да Варшавы” – як пісаў Леон Патоцкі. Доўжылася ўсё гэта роўна месяц: з 25 жніўня па 25 верасня.

Існавала і легенда, у якой гаворыцца, што калі закладваўся першы камень пад абеліск, Тышкевіч быццам бы сказаў такія словы: “Пакуль гэты слуп будзе стаяць у Свіслачы, мястэчка будзе разбудоўвацца, багацець, квітнець і славіцца…”

Наогул, да паданняў і легенд можна адносіцца па-рознаму, бо не ў легендзе справа. Гаворка ідзе аб тым, каб аднавіць адзін з каштоўных помнікаў архітэктуры XVIII стагоддзя, якім ганарылася Свіслач.

Тых, каму неабыякава гісторыка-культурная спадчына, старажылаў, у памяці якіх жывуць успаміны пра даваенную Свіслач, тых, хто ў сямейных альбомах захаваў фотаздымкі пра былы выгляд рыначнай плошчы і помніць месцазнаходжанне абеліска, запрашаюць аказаць дапамогу ў зборы матэрыялаў і дакументаў для аднаўлення гістарычнага помніка, каб захаваць нашчадкам памяць. Бо той, хто не помніць сваёй гісторыі, асуджаны на жыццё без будучыні.