• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

В Испанию с нашим сайтом — третий рассказ от нашего читателя

А хочаце цудоўную кампанію і сабе, і сваім дзецям, пазнавальны і цікавы маршрут, цалкавітае пераключэнне са звычайнага ладу жыцця, што дазволіць вам нармальна адпачыць пасля напружаных месяцаў?

Беларускі педагог не з’яўляецца фігурай беларускага грамадства, якой б плацілі настолькі шмат грошай, каб хапала на замежны якасны курорт. Часцей за ўсё яго могуць прымусіць альбо начальства, альбо фінансавыя абставіны забяспечваць летам адпачынак чужым дзецям. Мне вельмі пашанцавала сябраваць з супрацоўнікамі ваўкавыскай станцыі юных турыстаў. Таксама дзякую Краснасельскаму ЦТДіМ і персанальна Канавалавай Святлане Аляксандраўне за адпачынак 2009. Маёй сям’і некалі атрымалася вельмі танна, але насычана правесці цудоўныя дні, калі мы паспрабавалі вандраваць па Беларусі. Упершыню гэта зрабілі з дапамогай Курловіча Уладзіміра Аляксандравіча (зямля яму пухам).

Можна аб’ехаць Беларусь аднаму, альбо з сям’ёй. Можна паспрабаваць назбіраць кампанію сяброў. Але можна спланаваць свой маршрут з улікам плану талковых, вопытных педагогаў, што вязуць сваіх лепшых гадаванцаў на адпачынак. Патрабуецца толькі падтрымка і ахвота сям’і, аўтамабіль, палатка з матрасам, харч і пазітыў. Выязджаеш за аўтобусам з турыстамі, і не маючы аніякай адказнасці (галоўны мінус працы ў аздараўленчых праектах), забіраеш усе плюсы знаходжання і самога сябе, і сваіх дзяцей у кампаніі талковай спартыўнай моладзі.

Навагрудскае узвышша-2

Аб’ехаць усе найбольш цікавыя аб’екты Заходняй Беларусі з экскурсіямі, навучыцца варыць ежу на вогнішчы, с задавальненнем бачыць, як сын з дачкой знаходзяць сабе новых сяброў і засвойваюць спартыўныя і турысцкія навыкі! А вечар, што паступова пераўтвараецца ў ноч каля вогнішча з гітарай!! Паступова сям’я падзялілася на групы па інтарэсах: дачка з дзяўчынкамі засвойвала новыя прычоскі, сын гуляў у футбол, жонка дапамагала па гаспадарчай частцы і загарала з кнігай. Мне ж шанцавала ў кожнай вандроўцы “сбіваць” групку аднадумцаў, што не сядзелі на месцы і абыходзілі ўсё навокал. Так аднойчы і абыйшлі возера Свіцязь (ўсяго толькі за некалькі гадзін). Так што праблемы рабіць тое, што хочуць іншыя, а не ты, наогул не існавала. У вялікай суполцы заўсёды знойдзеш сабе аднадумцаў.

Адразу параю сярод галоўных рэчаў не забыць фатаапарат. Спыняйцеся і фоткайцеся на кожным адметным аб’екце, што трапіцца на вашым шляху. У прыемнай кампаніі ўсё будзе цікава. Таксама трэба ўмець атрымліваць асалоду ад цудоўнага заходу сонца, арыгінальнай царквы ці незвычайнага графіці. І малым дзецям частыя прыпынкі, новыя аб’екты зробяць падарожжа больш лёгкім… Часта раблю фотаздымкі “на хаду”, праз шкло аўто…

Перабіраю старыя фота і бачу стомленасць на твары пяцігадовага сына. Зразумела, што сапраўды ўспамінаюцца толькі добрыя моманты, аднак не ўсё гладка бывае ў вандроўцы. Раптоўны лівень, не нацягнутая належным чынам палатка, партызаны, якія прабраліся ў валасы твайго дзіця праз чужы грэбень, нейкі іншы форс-мажор. Але ўсё перакрываюць добрыя ўспаміны: ежа ля вогнішча, гітара, шчука на спінінгу і шок дзяцей у лодцы, першы пяціхвілінны футбольны матч, які сын не пабаяўся згуляць з іншымі дзецьмі.

Нясвиж-1

Што датычыцца маршруту, то ён быў вельмі насычаны: палац Радзівілаў у Нясвіжы — Мірскі замак – Свіцязь – Навагрудак – Лідскі замак. І заклікаю, ПРЫ КОЖНАЙ МАГЧЫМАСЦІ НАВЕДВАЙЦЕ НАШЫ МУЗЕІ, нават самыя невялічкія. Ведаеце, магчыма НЯМА БОЛЬШ ПАТРЫЯТЫЧНЫХ, ЦІКАВЫХ, ЭМАЦЫЯНАЛЬНЫХ АСОБАЎ ЧЫМ ЭКСКУРСАВОДЫ МАЛЕНЬКІХ ПРАВІНЦЫЯЛЬНЫХ МУЗЕЯЎ… Яны так імкнуцца паказаць, апавядаць, пераканаць, што ад’язжаючы з Ружан, Веткі, Навагрудку,  Міру, Гомеля (горад вялікі, але экскурсаводы таксама сапраўдныя фанаты) ты больш памятаеш апантанага аматара свайго краю, чым сам музей… І сам хочаш стаць хоць крыху лепшым, хаця б даведацца што-небудзь пра сваю мясцоваць, каб пасля было што прадставіць гасцям свайго рэгіёна.

Зразумела, трапляюцца выключэнні… І сёння мне здаецца, што трэба проста пайсці і папрасіць памяняць “шляхаводцу” ў таямніцы чарговай малой Беларусі… Каб не страціць нешта каштоўнае, асаблівае… І яшчэ, я вельмі злосны на сучасных беларускіх гісторыкаў, якія не ўпісалі ў падручнікі для дзяцей лёс яскравых дзеячаў, абмежаваўшыся толькі “нарадзіўся, напісаў, стварыў, арыштаваны, памёр”… У кожнага талковага неабыякавага музеязнаўцы ёсць у скарбонцы найцікавейшы аповед пра постаць, якую вы дакладна ўбачыце зусім па іншаму. Напрыклад, паслухайце, што вам у Навагрудку скажуць пра Адама Міцкевіча. А калі пасля экскурсіі проста падзякуеце спецыялісту асабіста і нешта запытаецеся, то вам могуць выкласць такое!!!

Я лічу, што нам пашанцавала жыць на цудоўным Ваўкавыскім узвышшы, і сам атрымаў эмацыяны катарсіс, убачыўшы прыгажосці рэльефу Навагрудку. І на кожным пагорку стаіць цікавы будынак, які робіць усё выключна дасканалым, нават калі гэта руіны нашай былой крэпасці-сталіцы.

Ліда была адметна выступленнем рыцараў, аднак усіх, мне здаецца, больш уразіла магчымаць адзець узбраенне, патрымаць сапраўдны меч, стрэліць з лука.

Нясвіжскі палац пакінуў пасля сябе непрыемнае ўражанне па прычыне экскурсавода, што была ў дрэнным настроі і больш прад’яўляла прэтэнзіі да нас, чым знаёміла з сапраўды цікавым. Калі ў наступны раз я зноў наведаў дадзены горад, дык адыйшоў ад групы і пагуляў па самому гораду… І на будучае ўсім раю не абмінуць цудоўную ратушу, дзе супрацоўнікі, не спешчаныя ўвагай, табе сапраўды вельмі рады…  Толькі, на жаль, не пусцілі на верх вежы, бо яшчэ ішоў рамонт. Манастыр, цікавыя будынкі і шыльды, драўляныя скульптуры – вынік плэнэру мастакоў… Калі ж вярнуліся мае з палаца, то таксама былі задаволены, але гэта не перашкаджае мне рэкамендаваць вам, шаноўны чытач, адыходзіць ад звыклага маршруту, асабліва калі вы тут не ўпершы раз. І сам сабе зараз пасупярэчу, прызнаўшы, што двойчы запар наведаўшы Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі ад новага экскурсавода атрымаў і новыя веды, і больш пазітыўных эмоцый чым у мінулым годзе.

І гарадскі пасёлак Мір мяне прывабіў не толькі славутым замкам (які быў вельмі запамінальны). Аматары прыгожага могуць пазнаёміцца з вялізным выбарам прыгожых рэчаў-сувеніраў, што вырабілі мясцовыя творцы і вучні вучылішча мастацтваў… Пасля царквы святога Мікалая я заўсёды пытаюся, заходзячы ў незнаёмую царкву, што ў вас ёсць адметнага… На жаль, часта ў нашых храмах сустракаюцца абыякавыя парафіяне, якія і самі не ведаюць, а не тое, што могуць з нечым пазнаёміць. А як было прыемна і цікава, калі прыхажане-міране мне з гонарам самі паказалі арыгінальны шоўкавы абраз, які ўдзячныя кітайцы даслалі ў храм… Там яшчэ цікавы касцёл, але яго наведаю ў іншы раз…

Такое цудоўнае возера Свіцязь, на якім не толькі празрыстая вада, але і мала водарасцяў, што сёння з’яўляюцца крыніцай скураных раздражненняў. Але тут толькі адна невялічкая палянка, дзе ў цеплыя святочныя дні не пераступіць. А ў 20 метрах дагніваюць руіны будоўлі, якая павінна была стаць цудоўнай базай адпачынку. Успомніўся сын, якога трасло ад холаду, але ён ну ніяк не жадаў вылазіць з вады апетага Міцкевічам возера.

Самае цікавае, што на простым беларускім вадаёме, у такім жа лесе, што і побач з роднымі Плябанаўцамі, сапраўды “перазагрузаешся” і адчуваеш сябе зусім па іншаму. Ёсць у мяне знаёмыя, што аб’ехалі Турцыі-Егіпты-Ізраілі… І цалкам з імі згодны, што дзе б не адпачываць, галоўнае – адпачываць.

 

От сайта мы благодарим столичную компанию Юмай-Тур за проведения этого розыгрыша и рекомендуем ее как надежного партнера вашего комфортного отдыха.

Все рассказы конкурса.



Комментарии от авторизованных пользователей видны всем пользователям сразу, анонимные только после модерации!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Добавить комментарий

Последение комментарии