Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!
Дарагія Дыяцэзіяне!
Перажываючы святы Божага Нараджэння, наша вандроўка па сцежках веры вядзе нас у Бэтлеем. Мы кленчым каля ясляў і аддаём пашану Богу, які зышоў з неба для нашага збаўлення.

Жадаю, каб сустрэча – у Год веры – Нованароджанага Збаўцы, усё больш рабіла вызнанне веры нашай штодзённай малітвай, каб сцвярджаць, разумець і паглыбляць яго заўсёды па-новаму.

Няхай малітва каля ясляў Божага Дзіцяці абуджае ў кожным з нас нязгаснае жаданне асабіста даверыць Яму сваё жыццё. Няхай Ён узмацняе нас, каб мы маглі сэрцам даваць адказ на аб’яўленыя ў Ім Таямніцы.

Жадаю, каб досвед Асобы Божага Сына, перажыты ва ўбогай стайні, фарміраваў думкі і дзеянні так, каб несці надзею і прыгажосць любові туды, дзе пануе нявер’е, каб дзяліцца тым, што для хрысціяніна самае галоўнае: Езусам Хрыстом, нашым Збаўцам, які з’яўляецца “пачынальнікам і завяршыцелем веры” (Гбр 12, 2).

Няхай у надыходзячым 2013 годзе нас вядзе Найсвяцейшая Панна Марыя, Зорка новай евангелізацыі.

Радасных Свят і бласлаўлёнага Новага года.
Усім ад усяго сэрца б л а с л а ў л я ю
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі