Брытанец аб паўстанні 1863-га і этнаграфіі Ваўкавышчыны

У Кракаве выйшла кніга “Сем месяцаў у Расійскай Польшчы ў 1863 годзе”. У ёй змешчаныя дзённік брытанца Фартэск’ё Андэрсана, перакладзены з англійскай мовы на польскую. Аўтар апісаў візіт да свайго сябра, шляхціца Аляксандра Біспінга, у вёскі Масаляны і Вярэйкі Ваўкавыскага павета падчас паўстання 1863 года. Пад “Расійскай Польшчай” Андэрсан мае на ўвазе ў тым ліку і беларускія тэрыторыі Рэчы Паспалітай, якія ў выніку падзелаў 1772, 1793 і 1795 гадоў адышлі да Расійскай імперыі. “К” прапануе некалькі вытрымак з дзённіка брытанца.

Андэрсан з Біспінгам пазнаёміліся ў Боне, дзе наш зямляк вучыўся ва ўніверсітэце. Кантактуючы са святаром Фартэск’ё, студэнт удасканальваў валоданне англійскай мовай. На гэтай глебе наш шляхціц і англійскі святар пасябравалі, і Біспінг запрасіў Андэрсана ў свой маёнтак, каб працягнуць навучанне. У ноч на 23 студзеня 1863 года ў Варшаве выбухнула паўстанне, але гэта не спыніла Андэрсана і 26 лютага ён выпраўляецца па маршруце Бон — Берлін — Тчэў — Крулевец (сучасны Калінінград) — Вільня — Гародня — Вярэйкі.

У дзённіку Андэрсан апісвае гарады, што бачыў па дарозе, жыццё ў час паўстання 1863 года ў Ваўкавыскім павеце, Вільні і Гародні, свой арышт і знаходжанне ў Гарадзенскім астрогу, прыводзіць звесткі па этнаграфіі. Карацей, занатоўвае ўсё, што бачыць і што чуе.

14-1

Цікава склаўся лёс дзённіка. Ён быў апублікаваны ў Лондане ў 1864 годзе, адразу па вяртанні аўтара на радзіму. Мабыць, Андэрсан даслаў асобнік кнігі сябру ў Масаляны. Вядома, што фаліянт захоўваўся ў архіве ардынацыі да 17 верасня 1939 года. Падчас Другой сусветнай вайны сляды архіва губляюцца.

Сям’я Біспінгаў цяпер раскіданая па свеце. У 2012 годзе Аляксандр Біспінг з Манрэаля знаходзіць выданне 1864-га года ў інтэрнэце, пра што інфармуе кузэна Адама Біспінга з Кракава. Той і перакладае дзённік на польскую мову.

Ваўкавыск Андэрсан апісвае як “невялікае мястэчка”, дзе яму асабліва запомніліся рэлігійныя святы: “… у Ваўкавыску, як і ўсюды, увесь гандаль у руках яўрэяў. Яўрэйскае свята Шавуот супала па часе з нашым Спасланнем Духа Святога, і таму ў гэты дзень у Ваўкавыску было больш спакойна, чым звычайна. Усе жыхары шпацыравалі па мястэчку святочна прыбранымі, а ўсе крамы былі зачыненыя, гандаль цалкам спынены.

На нашу Тройцу… якая па рускім [юліянскім] календары прыпала на польскае Спасланне Духа Святога, быў у Вярэйках, дзе ўся вёска, каля трох тысяч чалавек, для ўдзелу ў так дарагім ім свяце сабралася ў касцёле і вакол яго. Адусюль з’ехаліся брычкі, куды было запрэжана па два і нават па шэсць коней, а за імі — шэраг сялянскіх вазоў даўжынёй каля мілі, некаторыя прыехалі на конях. Было так цесна, што задушылася трое дзяцей на руках у матак. Набажэнства адпраўляла сем ксяндзоў”.

Уразіла англійскага пастара, што на Вялікдзень дужа шмат елі: “не менш за трыццаць страў: індычына, вяндліна, свіныя лычы… ягняты, запечаныя цалкам, баранія лыткі, гусі, рабчыкі, глушцы, зайцы, мясныя філе з рознай начынкай, пірожныя і мусы, віны і каньякі”. Падрабязна апавядае пра разгаўленне яйкам, праводзіць паралелі з вядомымі яму нямецкімі звычаямі. Падкрэслівае, што звычай дзяліцца яйкам аб’ядноўвае ўсе слаі грамадства: “Нават дамы з вышэйшага саслоўя мусяць пакланіцца селяніну, калі той захоча з імі падзяліцца яйкам”. Згадваюцца яйкі з парцаляны, што даравалі адна адной на Вялікдзень шляхцянкі.

Вось як Андэрсан апісвае жыхароў Ваўкавыскага павета: “Селянін абыходзіцца без крамных рэчаў у адзенні. Вырошчвае лён, з якога яго жонка прадзе, тчэ, а потым шые кашулі. Авечкі забяспечваюць яго воўнай, з якой ён вырабляе сукно, і трэба згадзіцца, што некаторыя рэчы, пашытыя з яго, выглядаюць вельмі выкшталцона. З кары дрэў робіць сабе лапці, а ўлетку пераважна ходзіць басанож. Зімой абгортвае ногі льняным палатном і саломай, а наверх абувае лапці. Зімовай вопраткай слугуе кажух, што зашпільваецца на левы бок. Я бачыў шмат сялянаў у высокіх ботах з халявамі, але іх носяць толькі тыя, што больш заможныя. Улетку селянін носіць саламяны капялюш з шырокімі палямі; амаль усе без вынятку хлопцы, якіх мы сустракалі падчас вандровак, трымалі ў руках жгуцікі, якія хутка вілі з саломы. Узімку селянін носіць звычайную сялянскую шапку”.

Апісанне Фартэск’ё Андэрсана па стылістыцы падобнае да нататак рускіх навукоўцаў. Брытанец, як бачым, досыць назіральны. Яго здзіўляе, што на Ваўкавышчыне жанчыны мыюць і стрыгуць авечак. У Англіі на той час гэта лічылася мужчынскай працай. Зразумела, што аўтар глядзіць на рэаліі наведаных беларускіх зямель як адукаваны чалавек. Асабліва ён адзначае, што сяляне не пускаюць дзяцей у школу, бо там іх прымушаюць вучыцца па-руску. Гарэлку заве “віскі”, хоць слова “водка” таксама ведае.

“Яўрэі ў Польшчы працавітыя і з веданнем спраў робяцца пасярэднікамі між сялянамі і панамі… У мястэчках расійскай Польшчы складаюць большасць насельніцтва… ніводная справа між месцічамі не абыдзецца без іх удзелу. Хто што купляе ці прадае, ад шклянкі віскі да статку быдла, справа абавязкова праходзіць праз яўрэйскае пасярэдніцтва. Ніколі не ходзяць па адным, але па двое ці трое. Калі ў большай колькасці, маюць звычай ісці адзін за адным гуськом…

Тое, што яўрэі ўрачыста святкуюць шабат, не патрабуе падкрэслівання. У пятніцу каля шостай вечара пачынаюць замыкаць крамы, потым мужчыны невялікімі групкамі ідуць на раку, дзе паспешлівым абмываннем твару і рук некалькімі кроплямі вады выконваюць штотыднёвае ачышчэнне. Кабеты апранаюць найлепшае адзенне, і а сёмай пачынаецца шабат. Ва ўсіх дамах запальваюць свечы, найменей тры, у бяднейшых, у заможных — больш. Жанчыны пачынаюць чытаць Яўрэйскую Біблію, што аж да сёмай вечара суботы робіцца іх галоўным заняткам… Суботнія строі як мужчын, так і жанчын характарызуюцца яскравасцю фарбаў, акрамя таго, аздабляюць іх штучнай… біжутэрыяй.

Сярод яўрэяў не рэдкасць раннія шлюбы, часта ў трынаццаць-чатырнаццаць гадоў. Па шлюбе маладая павінна пагаліць галаву і насіць парык. Некаторыя старэйшыя кабеты носяць парыкі з чорнага і карычневага аксаміту, прашытыя белым швом… Мужчыны ў шабат пераважна носяць высокія чорныя капелюшы, у якіх, здаецца, пачуваюцца досыць нязручна. Іх доўгія плашчы нагадваюць фасонам плашчы на ляльках Ноя і яго сыноў, якімі мы бавіліся ў дзяцінстве.

Вялікія святы Пэсах, Шавуот (“тыдні”), Сукот (“буданы”), зразумела, яўрэі святкуюць заўсёды найбольш урачыста, а па маіх назіраннях і меншыя святы шануюць падобным чынам. Падчас Пэсаху частуюць сямейнікаў ды слуг віном з праснакамі. Падчас Сукоту ставяць невялікія буданы, якія пакрываюць галінкамі ядлоўцу і ў якіх тры-чатыры дні робяць трапезы і чытаюць малітвы.

Хлопчыкі без вынятку павінны хадзіць у школу… У школе вывучаюць яўрэйскую мову…”

Андэрсан апісвае яўрэйскія пахавальныя звычаі, якія лічыць незвычайнымі: аб працэсіі вуліцу апавяшчаў той жа чалавек, які штодня а шостай клікаў дзяцей у школу, а штопятніцы а сёмай вечара абвяшчаў шабат. Нябожчыка неслі без труны, у саване, і кожны яўрэй, мужчына ці жанчына, што сустракаўся па дарозе, павінны быў кінуць свае справы і далучыцца да пахавальнай працэсіі.

Пра стан яўрэяў Андэрсан піша: “Няма, мабыць, ва ўсёй Еўропе краіны, у якой доля яўрэйскага народу была б больш відавочная, чым у Расійскай Польшчы” і нават кажа, што стаўленне да яўрэяў “нечалавечае”.

Строй быў істотнай часткай шляхецкай ідэнтычнасці, з якой змагалася ўлада: “Сярод шматлікіх пастаноў, якія павінны былі абмежаваць бунтаўнічыя настроі, быў загад аб галенні вусоў і барады. Спачатку пастанова тычылася ўсіх, потым — толькі людзей на дзяржаўнай службе. Колькасць загадаў, што рэгламентавалі выгляд, была бясконцай. Цалкам забаранілі насіць традыцыйны польскі строй, і жанчынам, і мужчынам… Забаранілі насіць польскую шапку, якая з’яўляецца вельмі выкшталцоным галаўным уборам. Мае квадратны верх з чатырма рагамі тырчком і аточку з футра ці лебядзінага пуху. Калі каго зловяць у польскай шапцы, адразу лічаць за паўстанца. Забароненыя таксама характэрныя гузікі на камізэльках і пры гадзінніках… Забароненыя стальныя ланцужкі з гіркай. Паліцыя сцвярджае, што ланцужок сімвалізуе кайданы, а гірка — пушачныя ядры…

Адразу калі прыехаў, я заўважыў, што ўсе жанчыны носяць жалобу, некаторыя нават цалкам жалобны строй. Усе, ад вышэйшых да ніжэйшых слаёў насельніцтва, мелі ў адзенні нейкую адзнаку жалобы. Тры гады і нават болей пазбягалі баляў, не з’яўляліся ў оперы і на гучных забавах, у той жа час рэгулярна ўдзельнічалі ва ўсіх масавых набажэнствах — і галоўнай іх малітвай была просьба аб выратаванні Айчыны з-пад прыгнёту. Падобныя настроі панавалі сярод усіх палякаў, дзе б ні былі, у якой краіне б ні жылі. Памятаю, як у Боне — яшчэ да таго, як блізка пазнаёміўся з Біспінгам — да мяне даходзілі чуткі, што некалькі польскіх студэнтаў тамтэйшага ўніверсітэта заўсёды адмаўляюцца ад удзелу ў танцах. Яны аргументавалі гэта жалобай, у якой знаходзіцца іх прыгнечаная Айчына. Яны так паводзілі сябе не для таго, каб выдзеліцца, але ад сэрца і з пачуцця абавязку”.

Спадзяемся, калі-небудзь кніга Андэрсана выйдзе і па-беларуску.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, газета Культура