Юрый Жыгамонт — апошнія 14 гадоў — вядучы праграмы «Падарожжа дылетанта». Актор, працаваў у тэатры «Вольная сцэна». У 2012 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

Кажуць, што большасці беларусаў, насамрэч, не патрэбна ні беларуская культура, ні беларуская мова. Але давайце разбяромся — самыя цікавыя ідэі, самыя важныя інтэлектуальныя багацці заўсёды знаходзіліся ў руках меншасці. Адвечнае пытанне, чыя праўда: інтэлігенцыі, якой невялікая жменька, ці большасці, якая верыць рознай лухце, — нягледзячы ні на што, вырашаецца ўсё ж такі на карысць першай. Беларуская мова — гэта… свой асаблівы колер. Мне падаецца, што людзі, якія прапаноўваюць абмежавацца рускай мовай у межах усёй постсавецкай прасторы, падобныя да тых, хто хоча, каб вясёлка мела адзін колер.

Прыгажосць ёсць у розных культурах. Тое, што мы з вамі можам гаварыць на дзвюх мовах, — гэта ж вялікі дар. Я адчуваю, што родную мову мне падарыла гэтая зямля. Яна дае мне асаблівыя думкі — думкі беларуса, так са мной размаўляюць продкі. І я не магу адмовіцца ад гэтага.

Разумею, што многім цяжка чытаць на беларускай мове, таму што яны яе не вучылі. Адно толькі гэта, дарэчы, падкрэслівае, што беларуская мова — ні ў якім разе не сапсаваная руская, як часта кажуць. Да беларускай мовы трэба дарасці. Яе веданне — гэта высокі ўзровень, які дазволіць вам яшчэ больш паважаць сябе.

Беларускую мову выратавала «глыбінка», таму што раней, калі яшчэ не было тэлевізара, радыё, інтэрнэту, жыхары мястэчак не судакраналіся з «рускім светам», размаўлялі на мове, якую чулі здаўна. Яны яе захавалі. Але сёння наша нацыянальная мова перайшла ў іншы свет. Яна стала мовай інтэлігенцыі. Атрымліваецца, што сёння мова ідзе зверху ўніз, а не знізу ўверх.

Беларуская мова цяпер — гэта мова выдатных музыкантаў, паэтаў, мастакоў, драматургаў. І я лічу, што сёння яна перайшла ў стадыю росту. Яна шліфуецца, даводзіцца да найвышэйшага ўзроўню і паступова становіцца сапраўднай нацыянальнай каштоўнасцю.

Я часта падарожнічаю па Беларусі і бачу, што ў «глыбінцы» з’яўляецца ўсё больш людзей, якія цікавяцца беларускай мовай і культурай. Яны гавораць на нацыянальнай мове не толькі з-за таго, што гэта мясцовы дыялект, але і таму, што адчуваюць у ёй унутраную неабходнасць. Гэтыя людзі адчуваюць неабходнасць захаваць усё тое, што дазваляе ім называць сябе тутэйшымі.

Зразумела, намаганняў гэтых адзіночак пакуль яўна недастаткова. Але адно тое, што вучні разам з настаўнікам добраахвотна прыходзяць да напаўразбуранага касцёла, царквы, маёнтка і прыкладаюць намаганні для таго, каб іх захаваць, дазваляе спадзявацца, што яшчэ не ўсё страчана. Ім нялёгка! Неаднаразова, прыехаўшы ў вёску і зрабіўшы рэпартаж, я чуў водгукі: «Дзе вы пра ўсё гэта даведаліся? Падзяліцеся з намі нашай гісторыяй яшчэ!» Людзі шукаюць сваю гісторыю, яны гатовы яе ўспрымаць.

Я бачу гэта так: падзьмуў моцны вецер, знішчыўшы практычна ўсё, аднак засталіся некалькі чалавек, якія захавалі ў сабе агонь. І вось менавіта яны цяпер пачнуць дзяліцца гэтым агнём з іншымі. Раней ці пазней гэтага агню стане столькі, што святло пераможа цемру.

Што могуць знайсці ў мове і нашай культуры тыя, хто іх сёння адмаўляе? Ад чаго яны адмаўляюцца? Шмат ад чаго. Нельга ўсё жыццё абмяжоўвацца адным горадам, падарожжам у Турцыю і паездкай на «закупы» ў Беласток. Вас акаляе цудоўны свет. Вы не адчуваеце і не ведаеце сваіх каранёў. Вы чулі пра Пятра Першага і Кацярыну Вялікую, але не ведаеце пра князя Вітаўта, Гедыміна, Жыгімонта, Аўгуста, не памятаеце пра каралеву Бону, Барбару… Чалавек, які не ведае зямлі, па якой ён ходзіць, — без каранёў. А чалавек без каранёў наўрад ці зможа да канца зразумець, хто ён насамрэч. Скажу болей — чалавек, які не паважае сваю зямлю, не паважае культуру, сярод якой жыве, не паважае родную мову, раней ці пазней прыйдзе да таго, што зямля адплаціць яму тым жа.

Вялікае шчасце паварочвацца назад і бачыць тысячагадовую гісторыю, мноства вялікіх прадзедаў, думаць пра сучаснасць і будаваць планы на будучае. Твая гісторыя, твае продкі дораць табе сапраўднае жыццё. Калі ты жывеш толькі сённяшнім днём (табе ўсё роўна, што будзе заўтра, і пляваць, што адбылося ўчора), то, у рэшце рэшт знікнуўшы, ты знікнеш назаўсёды. Тыя ж, хто ўсхваляе сваю зямлю, помніць продкаў і дбае пра нашчадкаў, — жывуць у вечнасці. Я лічу, што найцікавей жыць менавіта ў вечнасці.

onliner.by