Папулярная перадача Юрыя Жыгамонта зь 15-гадовай гісторыяй “Падарожжа дылетанта” ўсё ж спыніла выхад на тэлеканале СТБ, нягледзячы на леташнюю хвалю глядацкага абурэння.

Сам аўтар тлумачыць такую сытуацыю складаным эканамічным становішчам у краіне – у канала папросту не знайшлося грошай, каб аплочваць далейшы выхад праграмы. Таму ад учора, 12 красавіка, пачаў працу адмыслова створаны сайт zhygamont.by. На ім ужо выкладзены першы выпуск з новае сэрыі “Падарожжаў дылетанта” – перадача, прысвечаная вёсцы Тракелі, што на Гарадзеншчыне. Новыя выпускі будуць з’яўляцца на сайце штотыдзень, як і раней на тэлевізіі.

“Нічога ня зменіцца. Праграма так і будзе доўжыцца 26 хвілінаў. Застаецца тая ж музычная застаўка ад “Старога Ольсы” ды назоў “Падарожжы дылетанта”. Ужо адзнялі 4 новыя выпускі. Будзем выкладаць і старыя запісы. А некаторыя нават будзем пераздымаць. Бо, калі передача выходзіла на БТ, то не заўсёды можна было паказаць альбо распавесці ўсё, што хацелася”, — прызнаецца Юры Жыгамонт. – “У Беларусі па-ранейшаму шмат мясцінаў, якія я яшчэ не наведаў. У пэрспэктыве мы з маёй камандай маглі б сабраць гэткую відэа-энцыкляпэдыю беларускіх вёсак”.

Перадача “Падарожжы дылетанта” пачала выходзіць у 2001 г. спачатку на тэлеканале БТ, а потым на СТВ. За гэты нас выйшла некалькі соцень выпускаў. Кожны распавядае пра канкрэтную беларускую вёску ці мястэчка. Здымкі традыцыйна адбываюцца на тым мейсцы, пра якое ідзе расповед.

У хуткім часе гледачоў чакаюць яшчэ сюжэты пра Шылавічы, што на Ваўкавышчыне, і Шчэчыцах Мастоўстага раёна. Таксама зроблены шэраг перадач пра Куплін, што на Пружаншчыне.

У 2012 г. аўтар й вядоўца праграмы Юры Жыгамонт быў узнагароджаны нагрудным знакам Мінкульту «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».