У мінулую нядзелю каталікі Росі адсвяткавалі 400 год Росскай парафіі. У Траецкім касцёле адбылася урачыстая імша. Трэба адзначыць, што сам касцёл значна маладзейшы і яго пабудова была скончана у 1807 годзе.

З нагоды свята, мы прапануем Вам прачытаць гістарыную даведку пра пабудову касцёлу ад Вітольда Карпызы і здымкі:

У Роскім касцёле на бабінцу вісіць дашка з надпісам аб тым, што гэты касцёл пабудавала Несялоўская ў 1807 г., але гэта не зусім так.
Стары Роскі касцёл, які ў свой час фундаваў Агіньскі, прыйшоў у заняпад. Яго нават немагчыма было адрамантаваць, а трэба было будаваць новы. 26 сакавіка 1765 г. ксёндз Шымон Мачарскі дамовіўся з Яўхімам Патоцкім і ягонай жонкай Тарэзай з роду Сапегаў, тагачаснымі уладальнікамі Росі, аб будаўніцтве імі ў Росі мураванага касцёла. Патрэбныя на рыштаванне і дошкі дрэва меўся даць сам ксёндз з касцёльнага гаю. Акрамя дрэва ксёндз выдзяліў на будаўніцтва 10 тысяч польскіх злотых, але будоўля з-за невядомых прычын была спынена. Толькі пры Францішку Патоцкім у 1776 г. касцёл пачалі будаваць зноў, але ўжо на новым месцы. Пабудаваўшы муры да акон, будоўля зноў прыпынілася. Дрэва пагніло, а 20 тысяч польскіх злотых прапалі.
Нарэшце, ў 1807 г., намаганнямі ксяндза Шымона Іваноўскага і Соф”і Несялоўскай з роду Пацаў, жонкі наступнага гаспадара Росі Фелікса Патоцкага, касцёл быў пабудаваны. Гэта быў той касцёл, які існуе і зараз. Гэты касцёл , які пачалі будаваць у 1776 г., быў пабудаваны па іншаму праекту, што планавалася спачатку. Доўгі час пабудаваны касцёл стаяў без агарожы і добрай званніцы. Званніца была старой, якую перанеслі са старога касцёла. Па левым баку касцёла пабудавалі будынак, у якім памясціліся школка і шпіталь. Калі будынак згарэў, на гэтым месцы быў пабудаваны дом для арганіста. Унутры касцёл меў убогі выгляд, а падлога была з цэглы. Па гэтай цаглянай падлозе веруючыя хадзілі дзесяткі гадоў, каб перад абліччам цудоўнай фігуры Хрыста маліцца Богу аб прадухіленні ягоных выракаў, аб вяртанні былой Рэчы Паспалітай.
Сумеснае жыццё Соф”і Несялоўскай з Феліксам Патоцкім было кароткім, бо гэты высакародны чалавек хутка памёр ад сухотаў, пакінуўшы пасля сябе дачку Ізабелу. Такім чынам, Соф’я Патоцкая стала пажыццёвай уладальніцай Росі.
Яшчэ пры жыцці Фелікса Патоцкага роскі палац быў поўны жыцця, пышнасці і элегантнасці. Апроч шматлікіх гасцей да найбліжэйшага атачэння графіні належала Людвіка Пац, дачка Людвіка Паца, якая пасля заканчэння выхавання ў Рыме вярнулася на радзіму і пасялілася ў Росі пры цётцы. Пасля смерці Соф’і Патоцкай яна паставіла ей цудоўны саркафаг з белага мармура, які быў зроблены ў Італіі і прывезены ў Рось. 

Фота:Vladus