У мінскім офісе Руху «За Свабоду» сабраліся прадстаўнікі Руху «За Свабоду», ГК «Гавары праўду», » Маладога фронту», а таксама гісторыкі і эксперты.

Удзельнікі паседжання узгаднілі планы па арганізацыі шэрагу мерапрыемстваў па адзначэнні года Каліноўскага. Як вядома, сёлета спаўняецца 150 год вызвольнага паўстання 1863 года.

Так, 1-га лютага, у 150-ю гадавіну абвяшчэння маніфеста Кастуся Каліноўскага, запланавана правядзенне адкрытага паседжання аргкамітэта па адзначэнні года Каліноўскага, на якое будуць запрошаны дыпламаты. У межах мерапрыемства з дакладамі выступяць гісторыкі, будзе падрыхтаваны невялічкі канцэрт.

2-га лютага – на 175-ю гадавіну з дня нараджэння Каліноўскага – лідары грамадска-палітычных арганізацый плануюць публічнае падпісанне паштовак палітвязням з выявамі, прысвечанымі падзеям 1863 года.

У планах на гэты год – выданне шэрагу кніг, буклетаў і паштовак, адзначэнне бітвы пад Мілавідамі, праца з уладамі з мэтай надаць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў мясцінам, якія звязаныя з паўстаннем і шмат іншага.