• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў імшу вячэры Пана ў Ваўкавыску

Біскуп Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў імшу вячэры Пана ў Ваўкавыску

29 сакавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую святую Імшу Вячэры Пана ў касцёле св. Вацлава ў Ваўкавыску. Гэтая Імша ўводзіць у атмасферу Пасхальнага Трыдууму.

Пасхальны Трыдуум – гэта тры найважнейшыя ў гісторыі чалавецтва дні, падчас якіх здзейснілася справа збаўлення.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі, каб дзякаваць за сакрамэнты святарства і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер.

У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што ў дзень перад сваёй смерцю, якая раз і назаўсёды вызваліла ўвесь чалавечы род з няволі зла і граху, Пан Езус даў людзям сваё Цела і Кроў, значыць сябе самога, пад постацямі хлеба і віна.

«У белай Гостыі і ў келіху, напоўненым віном, сакрамэнтальным чынам Ён укрыў сваё ўкрыжаванае Цела, сваю пралітую за нас Кроў – укрыў усю сваю любоў, якая знайшла свой найбольшы выраз на дрэве крыжа», – сказаў іерарх.

Як дадаў іерарх, Хрыстус пастанавіў, каб Яго пасхальная гасціна не скончылася ў той вечар Вялікага чацвярга; Яго жаданнем было, каб усе Яго вучні, усіх часоў, ажно да сканчэння свету, маглі ўдзельнічаць у гэтай незвычайнай гасціне любові.

Біскуп заклікаў вернікаў дзякаваць Пану за цудоўны, неспасцігальны дар Эўхарыстыі і часта прыступаць да Эўхарыстычнага стала.

«Дазволім Езусу, каб сваёй боскай любоўю Ён перамяняў нас у Сябе. Тады ўжо тут, на зямлі, у нас будзе прадчуванне неба. Бо неба там, дзе ёсць любоў», – дадаў іерарх.

Пасля святой Камуніі адбылося перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў «цямніц», якая з’яўляецца сімвалам заключэння Езуса ў вязніцу ў ноч перад Мукай. Падчас працэсіі  спяваўся эўхарыстычны гімн аўтарства св. Тамаша Аквінскага «Pange lingua» («Слаў, народ, таямніцу»). Вернікі доўга трывалі на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Таксама ў гэты дзень парафіяне выказалі віншаванні прысутнаму сярод іх біскупу, свайму пробашчу кс. прэлату Антонію Філіпчыку і іншым святарам, якія служаць у парафіі, паведамляе grodnensis.by.



Комментарии от авторизованных пользователей видны всем пользователям сразу, анонимные только после модерации!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Добавить комментарий