30 красавіка Ваўкавыская пярвічная арганізацыя Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам правяла чарговую сустрэчу, прысвечаную Вялікадню.

У праграме мерапрыемства галоўнай падзеяй стала прэзентацыя новага спектакля, у пастаноўцы якога ўдзельнічалі і людзі з абмежаванымі магчымасцямі, і валанцёры. Гэта ўжо не першая пастаноўка, яе ўдзельнікі маюць вопыт выступлення ў тым ліку і на мінскіх падмостках. Прыемна бачыць як людзі змагаюцца са сваімі праблемамі і імкнуцца сябе рэалізаваць як творчую асобу.

Дазвольце выказаць некалькі асабістых думак. У нармальным грамадстве на такім выступленні было б не каля 30 чалавек (пераважна інваліды і іх родныя), а вялікая колькасць неабыякавых людзей. І яно павінна праводзіцца не ў падвальным памяшканні, а на сцэне, пасля вялікай кампаніі па запрашэнню гледачоў. Нездарма гавораць, што ўзровень краіны ацэньваецца па адносінах да найбольш неабароненых грамадзян. А ў нас вельмі часта робіцца не для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а як прасцей кіраўніцтву і адказным за дадзеную працу. Самі прадстаўнікі БелАДДІіМІ не жадаюць выходзіць за межы афіса, у нашым “адукаваным і гуманістычным” грамадстве, у якім людзі пазбягаюць сутыкацца з праблемамі пацярпелых асоб.