Саша Філіпенка — адзін з найвядомейшых у свеце сучасных беларускіх пісьменнікаў. Ён піша на рускай мове, за што атрымлівае крытыку, але пры гэтым ствараецца ўражанне, што гэтая крытыка яго зусім не кранае. На пачатку красавіка стала вядома, што два раманы аўтара — “Былы сын” (2014) і “Крэмулятар” (2023) — упершыню выйдуць на беларускай мове.

Аб унутранай свабодзе, абыякавасці да слоў, але важнасці дзеянняў, аб спакоі і бессэнсоўнасці спрэчак у сацсетках, а таксама цяперашняй актуальнасці “Былога сына” — дэбютнага рамана — “Позірк” паразмаўляў з пісьменнікам на фоне выхаду доўгачаканых перакладаў яго кніг.

“Трэба было знайсці свайго выдаўца”

— Валянціна Андрэева, рэдактар Gutenberg Publisher, у нядаўнім інтэрв’ю “Позірку” сказала, што вы адразу адгукнуліся на прапанову выпусціць свае кнігі на беларускай мове. Як даўно і чаму вы сказалі сабе — “час”?

— Заўсёды было зразумела, што час. Мае кнігі перакладаюцца на розныя мовы, цяпер амаль на 20, і дзіўна было, што яны ёсць на многіх мовах, але няма на беларускай. Нашы выдаўцы асцерагаліся, што кніжкі нібыта не будуць прадавацца, напрыклад, іх ужо ўсё прачыталі на рускай і ніхто не будзе купляць на беларускай.

Але праз дзень пасля выхаду на беларускай мы бачым па лічбах, што яны ўсе памыляліся. Лічбы добрыя.

У мяне ёсць агент, які займаецца перакладамі. Трэба было проста знайсці свайго выдаўца, які захоча гэта зрабіць. Такога выдаўца мы шукалі шмат гадоў. Але ўсё чагосьці асцерагаліся.

— Гэта значыць, калі б вам цяпер не паступіла прапанова ад Gutenberg Publisher, кнігі ўсё роўна выйшлі б на беларускай?

— Так. Больш за тое, ужо была прапанова ад іншага беларускага выдавецтва, кнігі выйшлі б проста ў іншым месцы.

— Той факт, што вашы кнігі перакладзены на многія мовы і беларуская становіцца ў іх шэраг толькі цяпер, — ці не з-за таго, што надышоў час, калі беларуская літаратура стала больш запатрабаваная ў чытача?

— Я думаю, што пасля 2020 года многія беларусы даведаліся пра беларускую мову (смяецца). А калі сур’ёзна, мне здаецца, што ў сувязі з вайной, з тым, што адбываецца вакол, у сувязі з падзеямі 2020 года, вядома, многія сталі больш пільна сачыць за тым, што адбываецца з беларускай мовай.

У гэтым сэнсе, напэўна, мы можам казаць пра рост цікавасці людзей, якія пакінулі сваю краіну. Яны спрабуюць для сябе сфармуляваць, хто яны, і мова для іх становіцца адным з маркераў разумення гэтага.

— Здаецца, што выбар вашых кніг для перакладу відавочны. “Былы сын” друкуецца па-беларуску як ваш першы раман, “Крэмулятар” — як леташні ўладальнік прэстыжнай французскай прэміі Transfuge. Ці кнігі выбіраліся паводле іншых меркаванняў?

— Выдавец вырашаў сам, якія кнігі перакладаць і публікаваць. Gutenberg Publisher будзе выдаваць усе мае кнігі. Гэтыя дзве выбраны з тых меркаванняў, што гэта мой першы раман і апошні. Але я не ведаю дакладна, у кожнага выдаўца свая стратэгія.

Мая справа была напісаць кніжку шмат гадоў таму, а далей ужо выдаўцы самі вырашаюць, як дзейнічаць. У кожнай краіне выходзяць розныя кнігі. Напрыклад, цяпер у Нідэрландах і Турцыі выходзіць “Чырвоны Крыж”, у [Паўднёвай] Карэі — “Вяртанне ў Астрог”. Заўсёды вельмі па-рознаму. Залежыць ад краіны, ад пераваг выдаўца, яго планаў.

— Кнігі перакладалі не вы самі, а перакладчык. Вы неяк каардынавалі, кантралявалі працэс? І як ацэніце пераклад?

— Вядома, чытаў, уносіў праўкі там, дзе лічыў патрэбным. Гэта сумесная праца, але перакладчыкі вельмі па-рознаму дзейнічаюць у розных краінах: ёсць перакладчыкі, якія дрэнна кантактуюць з аўтарамі, ёсць перакладчыкі, якія не кантактуюць наогул, таму што ўпэўненыя, быццам лепш аўтара ведаюць, што ён там напісаў. Ёсць тыя, якія лічаць, што аўтара не варта трывожыць. Але заўсёды ёсць нейкія тэхнічныя моманты, дробязі, дэталі, якія абмяркоўваюцца. Тут было гэтак жа: мы абмяркоўвалі тое, што я прасіў памяняць. Гэта звычайная праца, калі кніга выходзіць на новай мове. Перакладам я вельмі задаволены.

— На іншай мове кніга гучыць трошкі інакш. Ці не губляе яна ад гэтага?

— Вядома, яна гучыць інакш, вядома, нешта губляецца.

У мяне ёсць кніга “Чырвоны Крыж”, якая цяпер перакладзеная амаль на 20 моў, і ўсюды няправільна пераведзены фінал. Таму што апошнюю фразу немагчыма дакладна перадаць, яна гучыць толькі на рускай (эпітафія на крыжы “Не стойте над душой”. — “Позірк”.). Нават на блізкіх мовах — харвацкай, славацкай, чэшскай — яна ўсё роўна губляе сэнс, які ёсць у рускай. І з гэтага пункту гледжання, вядома, па-першае, у перакладзе нешта губляецца, па-другое, нешта вырашае ад сябе дадаць перакладчык. Новая мова — гэта не новая кніга, але гэта і не мова арыгіналу, гэта, безумоўна, іншае прачытанне.

“У беларускай калоніі ёсць “Былы сын” з маім аўтографам”

— Наколькі цяпер, на вашу думку, запатрабаваная кніга ў цэлым і беларуская кніга ў прыватнасці?

— Агулам мне падаецца, што кніга па-ранейшаму запатрабаваная. З’явіліся аўдыёкніжкі, з’явіліся розныя сацсеткі, але мы бачым, што ва ўсялякім разе ў Еўропе людзі вярнуліся да чытання папяровых кніг.

Відавочна, нельга параўноўваць колькасць тых, хто чытае, з колькасцю тых, хто глядзіць Netflix або бавіць час у “ЦікТоку”, але па-ранейшаму ёсць вялікая колькасць тых, хто чытае.

Мне складана ацаніць кніжны рынак Беларусі, таму што я не быў там з 2020 года. Думаю, гэта не самы буйны кніжны рынак Еўропы, але відавочна, што людзі там чытаюць — я атрымліваю велізарную колькасць водгукаў. Пастаянна.

Кніга ў Беларусі часта становіцца не толькі кнігай, раманам, але і выконвае тэрапеўтычныя функцыі. Напрыклад, я ведаю, што ў беларускіх калоніях ёсць “Былы сын”. Ёсць калонія, у якой ёсць гэты раман з маім аўтографам. “Былога сына” перадавалі з камеры ў камеру. Людзі чыталі яго ўслых.

— Валянціна Андрэева сказала, што наклад кожнай з двух перакладзеных вашых кніг складзе 300 асобнікаў. Ці абмяркоўваўся ён з вамі, і ці не здаецца ён нейкай перастрахоўкай на выпадак, калі кнігу будуць купляць не вельмі актыўна?

— Кожны выдавец сам вызначае наклад. Зразумела, што такі тыраж нельга параўноўваць з Германіяй, дзе ў мяне прададзена ўжо больш за 50 тыс. асобнікаў. Нельга параўноўваць Беларусь і Германію хоць бы таму, што Германія ў восем разоў большая. І потым, я думаю, сапраўды ёсць асцярогі, што беларусы ўжо прачыталі гэтыя кніжкі па-руску.

Мне здаецца, усе выдаўцы перастрахоўваюцца, а тым больш невялікія. Калі кніга будзе добра прадавацца, то проста будуць дадрукоўвацца новыя наклады. І мы разумеем ужо цяпер, што так і будзе.

“Пісаць па-беларуску — пытанне не жадання, а інструментара”

— У тэорыі, Саша Філіпенка, які піша па-беларуску — гэта рэальна?

— Цалкам рэальна. Пытанне, чаму Саша Філіпенка павінен гэта рабіць? Таму, што нехта гэтага хоча, ці таму што гэта дапаможа беларускай літаратуры? Ці таму, што мы вырашаем, што аўтар павінен рабіць гэта ва ўгоду грамадству? Ці ва ўгоду таму, як іншыя беларускія аўтары пішуць на рускай, адносяць кнігі для перакладу на беларускую і распавядаюць, што яны пішуць на беларускай? Гэта нейкая дзіўная пазіцыя. Саша Філіпенка ў тэорыі можа пісаць на італьянскай, на нямецкай, на англійскай, на рускай, на беларускай — на любой мове, на якой захоча.

Пісаць на беларускай — гэта не пытанне жадання, а пытанне інструментара. Нават чытаючы пераклад, я разумею, што не валодаю беларускай мовай у той ступені, не валодаю ўсім інструментарыем, як валодаюць мой рэдактар і мой перакладчык. Гэта пытанне таго, што вы можаце рабіць на гэтай мове, а што не можаце.

Мне здаецца дзіўнай пазіцыя людзей, якія думаюць, што, калі напішуць кніжку на дрэннай беларускай мове, гэта ім неяк дапаможа. Я лічу, што пераклад у гэтым сэнсе больш дапамагае беларускай мове, чым пытанне, перайду я на яе цяпер ці не перайду.

У дадзены момант я не адчуваю ў сабе сілы пісаць на беларускай мове. Як і не адчуваю ў сабе сілы пісаць на нямецкай ці італьянскай. Калі я адчую мову настолькі, што змагу на ёй пісаць — тады і буду пісаць. Мы ж гаворым пра літаратуру, а не пра пост у “Твітары”. Гэта прынцыпова іншае адчуванне, пачуццё мовы.

У гэтым сэнсе гэта не пытанне майго жадання. Я магу жадаць прама зараз напісаць на нейкай мове, пытанне — што я змагу на ёй зрабіць. Пытанне, як я яе адчуваю, пытанне рытму, пытанне велізарнай колькасці нюансаў.

“Многія “ратуюць” беларускую мову з Вільнюса, але, калі трэба выйсці на плошчу, гэтага ня робяць”

— У сацыяльных сетках, калі з’яўляецца прозвішча Філіпенкі або згадваецца Святлана Алексіевіч, якая таксама піша на рускай і яе за гэта крытыкуюць, пачынаецца тое, што называецца непрыгожым словам “бульбасрач”. Людзі і боты тыднямі высвятляюць, ці могуць называцца беларускімі аўтары, якія пішуць на рускай. Як вы ставіцеся да гэтага?

— Мы ж не можам сур’ёзна звяртаць увагу на людзей, якія марнуюць сваё жыццё на каментаванне чагосьці ў “Фэйсбуку”, і прыслухоўвацца да іх. У мяне кнігі перакладзены на 20 моў, і ў кожнай краіне, куды я прыязджаю, на выступе знаходзіцца адзін гарадскі вар’ят, які распавядае, як я павінен быў напісаць, што я павінен быў напісаць, на якой мове я павінен быў напісаць. Я вельмі рады, што ёсць людзі, якія могуць марнаваць сваё жыццё і час на абмеркаванне гэтага ўсяго.

Памятаю, выступаў у нейкім горадзе перад Днём Волі (штогод 25 сакавіка дэмакратычная супольнасць Беларусі адзначае гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. — “Позірк”.), і арганізатары мне распавялі, што перад маім выступам у групе мясцовых беларусаў пачалі высвятляць, які я пісьменнік, беларускі ці не беларускі. Яны ў выніку так усё пералаяліся, што не адзначылі Дзень Волі ў сваім горадзе, не змаглі сабрацца. Мне здаецца, што гэта больш Інфармацыя пра іх, а не пра мяне.

Я вельмі рады, што людзі знаходзяць час абмяркоўваць, які я пісьменнік. Але мне абсалютна ўсё роўна, хто што думае, таму што ў мяне няма часу на гэта.Я нядаўна быў у Парыжы і быў запрошаны ў швейцарскае консульства ўмоўна як швейцарскі пісьменнік. І ў гэтым сэнсе там, у Швейцарыі, усім усё роўна. Ты можаш быць швейцарскім пісьменнікам, які піша на рускай. І ім усё роўна. Цяпер я пішу кнігі, знаходжуся ў Швейцарыі, і ім важна тое, што я раблю, а не на якой мове я гэта раблю. Швейцарцы шануюць тое, што я раблю, больш, чым нейкія “вялікія патрыёты Беларусі”, якія змагаюцца ў “Фэйсбуку”, але я іх не бачыў ні разу ні на адным маршы.

Я вельмі шмат бачыў людзей, якія змагаюцца з Вільнюса і “ратуюць” адтуль беларускую мову, але, калі трэба прыехаць і выйсці на плошчу ці на адзіночны пікет у падтрымку беларускай мовы, яны гэта не робяць ніколі, яны працягваюць ламаць дзіды ў “Фэйсбуку”.

Я наогул зусім абыякава стаўлюся да меркавання людзей, у якіх ёсць час нешта дыскутаваць у сацсетках. Гэта проста дзіўна, я не ўяўляю, што мяне магло б прымусіць гэтым займацца.

— Ці не злуюць вас усе гэтыя абмеркаванні?

— Мне наогул усё адно, таму што ёсць столькі вялікіх праблем у жыцці, якія значна важнейшыя, чым тое, што нейкі там чувак у інтэрнэце вырашыць, беларускі ты пісьменнік ці не беларускі. На мяне і на маё жыццё гэта ніяк не паўплывае. Важна, што я адчуваю, а не што адчувае нейкі хлопец дзесьці. Выдатна, што ў нас ёсць маральна-этычныя камісіі. Спадзяюся, у новай Беларусі яны змогуць сядзець у кабінетах і вырашаць, хто беларускі пісьменнік, а хто не (смяецца).

Мне выдавец аднойчы даслаў тое, што вы называеце “бульбасрачам”, дзе людзі абмяркоўваюць нейкую нібыта маю цытату пра мову, якая ўвогуле мне не належыць. Там было вельмі шмат разбораў разумных людзей, якія тлумачаць, чаму я маю рацыю ці не маю рацыю, хоць я гэтага нават не казаў. Гэта таксама каштоўнасць выказвання, інтэрв’ю. Таму мне глыбока пляваць на тое, хто што думае, таму што людзі ці ўвогуле не чытаюць, ці бачаць у інтэрв’ю тое, што хочуць.

“Я дакладна не буду рабіць нічога з таго, што ад мяне нехта чакае”

— Вашы кнігі так ці інакш заснаваныя на рэальных падзеях. Ці можаце вы разглядаць падзеі 2020-га і наступных гадоў як матэрыял для новага твора?

— Я ніколі не ведаю, што ў мяне “вылезе”. Тое, што я цяпер пачаў пісаць, гэта не зусім пра 2020 год, але, з другога боку, калі браць 2020-ы як метафару, тое, пра што я цяпер пішу, — гэта таксама пра важны выбар.

У мяне часта пытаюцца: “Калі вы напішаце новую кніжку пра Беларусь?” І я не вельмі разумею, навошта.Таму што “Былы сын”, на жаль, па-ранейшаму актуальны, нічога не скончылася, усё тое ж самае паўтараецца цяпер. Калі мы пачнём жыць у прынцыпова іншай Беларусі, можна будзе ўзяць і напісаць новую кніжку пра прынцыпова іншую Беларусь. У “Былым сыне” апісаныя пратэсты 2010 года. Так, там няма размаху, які быў у 2020-м, але ўсе рэпрэсіі, уся кома і сон, у якія мы правальваемся, — яно ўсё паўтараецца. Таму я цяпер проста не бачу практычнага сэнсу пра гэта пісаць. Хочацца пісаць пра тое, пра што хочацца.

Наогул у мяне ёсць — сапраўды гэтак жа, як пра мову і пра ўнутраную свабоду — разуменне таго, што існуе нейкая колькасць выдаўцоў і, напэўна, чытачоў, якія чакаюць ад мяне, што я зноў напішу гістарычны раман. Таму што яны атрымліваюцца і ў іх добры лёс, яны атрымліваюць прэміі і іншае. Але я дакладна не буду рабіць нічога з таго, што ад мяне нехта чакае. Я буду рабіць тое, што хачу. Калі я раптам падумаю, што нехта чакае ад мяне раман пра 2020 год — я дакладна не буду яго пісаць з-за сваёй унутранай свабоды. Мне ўвесь час вельмі важна рабіць толькі тое, што я хачу, гэта вельмі важна і для кнігі, і для адчування свабоды, якое чытач таксама атрымлівае.

— У “Крэмулятары” (у рускім выданні. — “Позірк“.) галоўны герой падчас допыту прамаўляе слова “шуфлядка”, аргументуючы гэта тым, што служыў у Баранавічах. Гэта такая “пасхалачка” беларусам?

— Так, слова “шуфлядка” пераходзіць з кнігі ў кнігу.

— Што вы зараз чытаеце? Можа, нешта парэкамендуеце беларусам?

— Беларусы хай чытаюць тое, што хочуць самі. Я наогул катэгарычна супраць рэкамендацый. Я шмат чытаю па працы, заўсёды чытаю паралельна і дакументы, якія мне патрэбныя, і мастацкі раман, і адзін нон-фікшн. Калі мяне просяць парэкамендаваць кнігі, я гэта раблю, але мне здаецца, кожны сам можа вырашыць, што яму чытаць. Я супраць спісаў накшталт “10 кніг, якія трэба прачытаць у траўні”, няхай зноў-такі кожны сам вырашае.

— Вы робіце ўражанне вельмі ўраўнаважанага чалавека. Падзяліцеся сакрэтам спакою.

— Гэта алкаголь, псіхааналіз і спорт — і тады ў вас усё добра (смяецца).

Немагчыма рэагаваць на нейкія рэчы, якія ніяк да цябе не адносяцца. Пакуль людзі нешта абмяркоўваюць, я пішу кніжку, еду ў тур. Пастаянна пішу артыкулы пра Беларусь, пастаянна сустракаюся з палітыкамі, дыпламатамі, распавядаю пра тое, што ў нас адбываецца. І ў мяне не застаецца часу думаць пра тое, што нехта лічыць, быццам я несапраўдны беларус, бо размаўляю па-руску.

Ці сапраўдныя беларусы ці не дзевяць мільёнаў чалавек, якія размаўляюць па-руску, сядзяць у беларускіх турмах? Калі майго тату водзяць на допыты на рускай з-за мяне, усе людзі, з якімі ён сядзеў у камеры, гаварылі на рускай, я не ведаю, яны сапраўдныя беларусы ці несапраўдныя.Калі пытаюцца, на якой мове я пішу, гэта для мяне вельмі дзіўнае пытанне ў 2024 годзе. Справа нават не ў тым, што я знаходжуся ў Швейцарыі, дзе людзі кожны дзень гавораць на трох ці чатырох мовах, пераходзяць з адной на іншую, а ў тым, чаму вы ж не пытаецеся ў мяне пра колер маёй скуры, пра тое, з кім я сплю. Вы не пытаецеся ў мяне пра арыентацыю, таму што гэтыя пытанні быццам бы нельга задаваць. Але пытанне пра мову чамусьці яшчэ задаваць можна.

Як быццам у той момант, калі я пачынаю размаўляць па-беларуску, я раблюся лепш, раблюся сапраўдным беларусам, а калі я размаўляю па-руску, то раблюся менш сапраўдным беларусам. А калі я размаўляю па-нямецку ці па-ангельску? Увесь разважны свет разумее, што ў чалавека можа быць шмат ідэнтычнасцяў, шмат моў, і гэта наогул усё роўна.

Вы можаце быць беларусам, які размаўляе па-польску, вы можаце быць беларусам, які жыве ў Канадзе і размаўляе па-французску і па-англійску. Гэта такі вельмі стары наратыў пра мову.

Людзі прыкрываюцца тым, што нібыта спрабуюць выратаваць Беларусь і беларускую мову, але калі яны сапраўды хочуць гэта зрабіць, ёсць прынцыпова іншыя крокі для іх выратавання. Трэба не лаяцца, беларускі я пісьменнік ці не Беларускі, а рабіць нешта. Але гэта занадта складана — нешта рабіць. Прасцей абмяркоўваць у “Фэйсбуку”, хто я.

"Позiрк"