Ужо ў 1511 г. у Шылавічах быў пабудаваны новы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. У гэтым жа годзе паўстала парафія. Прайшло 500 год, касцёл ужо іншы, але вернікі па сённяшні дзень моляцца як адна парафіяльная сям’я. У апошнія гады ксяндзы міхаліты і сёстры з супольнасці Маці Божай Міласэрнай ад св. сястры Фаустыны клапоцяцца аб духоўным развіцці вернікаў парафіі ў Шылавічах.

З нагоды 500-годдзя ўзнікнення парафіі, 1 ліпеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч быў галоўным цэлебрантам урачыстай св. Імшы. На ёй прысутнічаў таксама айцец, генерал супольнасці ксяндзоў міхалітаў. Падчас св. Імшы з гаміліяй да вернікаў звярнуўся кс. Раман Катлімоўскі. Казнадзей нагадаў вернікам пра словы бл. Яна Паўла II: “Чалавек з’яўляецца шляхам Касцёла, а шляхам Касцёла – Хрыстус”. Казнадзей заахвоціў вернікаў, каб так, як калісьці, так і цяпер яны дбалі пра свае святыні.

Падчас св. Імшы адбылася працэсія з дарамі, падчас якой яе ўдзельнікі былі апрануты ў адзенне розных эпох, паказваючы такім спосабам, колькі гістарычных перыядаў перажыла парафія ў Шылавічах.

На заканчэнне св. Імшы пастыр дыяцэзіі падзякаваў мясцоваму душпастыру кс. Мар’яну Хаменю і ўсім яго супрацоўнікам за духоўную апеку над шматлікікмі вернікамі. У гэты дзень святыня была запоўнена вернікамі з шылавіцкай парафіі, а таксама з Ваўкавыска і ваколіц. Ксёндз біскуп асвяціў копію іконы Маці Божай, на якой прадстаўлена Марыя, якая топча галаву вужа. У гэты дзень вернікі і госці ўдзельнічалі ў парафіяльнай урачыстасці, у канцэрце і артыстычнай праграме.

Паводле grodnensis.by

Фота Vladus