9 траўня звыш 500 мільёнаў эўрапейцаў у 27 краінах адзначаюць Дзень Эўропы — штогадовае сьвята міру і адзінства ў Эўропе.

Першапачаткова Дзень Эўропы сьвяткаваўся 5 траўня і быў прысьвечаны заснаваньню Рады Эўропы (5 траўня 1949 г.). Гэтая дата была прызначана з 1964 г.

Але на сустрэчы кіраўнікоў краін-удзельніц Эўрапейскага Зьвязу ў Мілане ў 1985 годзе ў якасьці Дня Эўропы было прызначана 9 траўня. Менавіта ў гэты дзень, 9 траўня 1950 г., міністар замежных спраў Францыі Робэрт Шуман прадставіў свае прапановы па стварэньню арганізаванай Эўропы. Гэтыя прапановы, вядомыя пад назвай Шуманскай дэклярацыі, шматлікімі дасьледчыкамі лічацца пачаткам стварэньня таго, што цяпер завецца Эўрапейскім Зьвязам.

Эўрапейцы цяпер больш прытрымліваюцца 9 траўня, але некаторыя дагэтуль аддаюць перавагу 5 траўня, бо Рада Эўропы стваралася дзеля абароны правоў чалавека, парлямэнтарнай дэмакратыі і кіраваньня права, у той час як прамова Шумана проста ўтрымлівала прапановы па падзелу французкіх і нямецкіх вугалю ды сталі. З 2003 г. гэтае сьвята сьвяткуюць таксама і ва Ўкраіне (у трэцюю суботу траўня), з 2006 г. Дзень Эўропы адзначаюць у Малдове. Цікава, калі Беларусь далучыцца да эўрапейскіх каштоўнасьцяў.

Дзень Эўропы з’яўляецца адным з цэлага шэрагу эўрапейскіх сымбаляў, створаных для ўмацаваньня адзінства сярод эўрапейцаў.