• Сайт города Волковыска - новости города, района, Беларуси.

Ваўкавыскія футбалісты - сярэбраныя прызёры абласнога першынства сярод сельскіх жыхароў

Ваўкавыскія футбалісты - сярэбраныя прызёры абласнога першынства сярод сельскіх жыхароў

11-12 жніўня адбыліся чарговыя абласныя спаборніцтвы «Каласок» паміж футбалістамі 2001-2003 года нараджэння, што пражываюць ў сельскай мясцовасці.

Ваўкавыскія футбалісты на чале з трэнерам Паўлам Букрабай пачалі турнір вельмі напружана, калі не сказаць правальна: з прадстаўнікамі Ашмян, дзе ніхто не меў вопыту навучання ў спортшколе, мы к сярэдзіне гульні «гарэлі» 0:2. Толькі вялікімі намаганнямі напрыканцы гульні нашы землякі здолелі выраўняць лік, і тут жа чарговы правал у абароне прывёў да прызначэння адізнаццацімятровага. Прызнаемся, фартуна была на нашым баку, мяч прасвісцеў міма і пакінуў нам шанец на далейшы ўдзел у турніры.

У гэты час адны з фаварытаў турніра Іўе спачатку перамагалі Масты, але не здолелі ўтрымаць перамогу ў ліку (3:3). У суседняй групе на роўных дужыліся Шчучын, Гродзенскі раён і Смаргонь (апошняя толькі з-за спазнення на гульню, атрымаўшы гол на першых хвілінах літаральна з колаў, мінімальна прайграла галоўнаму прэтэндэнту на перамогу).

Нажаль, у сучасным беларускім грамадстве прынята пры пустых трыбунах, без усялякай рэкламы, праводзіць дзіцячыя турніры. Таму акрамя саміх удзельнікаў ніхто не мог убачыць тую класную барацьбу, інтрыгу, прыгожыя галы, у выніку якіх Гродна і Ваўкавыск мінімальна вырвалі сабе пуцёўку ў галоўны фінал. Акрамя першага месца на кану стаяла паездка на фінал у Воршу.

Можна ныць пра жэрабя, у выніку якога Гродна гэтай спякотай спакойна ў пятніцу рыхтавалася да фіналу, а Ваўкавыск у вельмі цяжкай барацьбе вырываў у Іўя (вось каму не пашанцавала на турніры) перамогу. Таксама цяжка за два дні запар згуляць па дзве гульні не маючы заменаў (вялікі дзякуй пацанам, якія прыехалі, а галоўны плэй-мэйкер каманды захварэў). Але прызнаем чэсна, Гродзенскі раён вельмі якасна выключыў нашых лідэраў, і як толькі мы падцягваліся ў ліку, гуляў вельмі ўважліва і настойліва, не даўшы нам стварыць амаль нічога.

Таму ехалі мы дахаты з пачуццём дасканаласці, свядомасці «што маглі, тое зрабілі», з кубкам за другое месца, медалямі і дыпломамі. З надзеямі, што настаўнікі фізкультуры будуць якасней выконваць свае абавязкі і на наступныя гады ўмацуюць каманду новымі, калі не зоркамі, дык проста хлапчукамі, што не будуць баяцца мяча (толькі 5 хлоцоў з 11 у нас былі 2001 года і астатнія могуць гуляць у дадзеным турніры яшчэ год (3 чалавека) ці два (яшчэ 4).

Дзякуй кіраўніку бацькоўскага камітэта каманды Яўгену Швяцову, які напоўніў кубак кока-колай і зрабіў у аўтобусе для дзяцей маленькі працяг футбольнага свята, якое было б значна эпічней, калі на турнір паехалі б тыя, хто мог паехаць і падтрымаць каманду, але гэтага не зрабіў, і не даў нам шанс перамагчы і паехаць на фінал рэспублікі ў Воршу.

Асабіста мне гэты турнір падаецца вельмі карысны, таму што на яго прыязджаюць не толькі гадаванцы спартыўных школ, што пражываюць у сельскай мясцовасцім (гонар і хвала бацькам, якія не шкадуюць часу і сродкаў на падвоз падлеткаў на трэніроўкі ў райцэнтр). Нажаль, такіх сем’яў няшмат, і, нават, у самых моцных каманд былі хлопцы, якіх дабіралі праз маніторынг школаў раёнаў. І такія абставіны дазваляюць больш-менш валодаючым мячом хлапчукам з рэгіёнаў паказаццца на вочы спецыялістаў, параўнаць свой узровень з футбольна-падкаванымі аднагодкамі і ўсвядоміць: футбол – гэта маё?

І адзначу, што глядзець было на каго. Сем з васьмі фіналістаў паказалі даволі цікавы, змястоўны футбол, і у кожнай сустрэчы былі пацаны, на кім мог спыніцца погляд спецыяліста (а ў гэтым годзе 2002 год дэбютуе ў першай лізе на ліцэнзійнае першынство рэспублікі). Нават у самай слабай камандзе брамнік узяў запар два пенальці, знаходзіліся таленты з Мастаўскога, Ашмянскага раёнаў, якіх не лічылі фаварытамі. Але ні на адной гульні нікога з так званых скаўтаў не было.

Аднак мала хто робіцца прафесійным футбалістам, нават скончыўшы найлепшыя спартыўныя школы, заваяваўшы ў дзіцячыя гады разнастайныя кубкі і медалі. А вось атрымаць вопыт барацьбы, супрацоўніцтва ў камандзе, умацаваць сваё цела і дух – гэта адна з галоўных задач спорта ў нашыя часы, часы дэградацыя суткамі напралёт у гаджэтах… І вельмі класна, што ваўкавыскія футбалісты, незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці перамог выклікаюць у суперніка павагу.

Мы перагарнулі яшчэ адну класную старонку нашага футбольнага жыцця. Дарэчы, турнір быў нармальна арганізаваны ў Шчучыне, дзякуй арганізатарам, спецыялістам і дзецям, якія, у адрозненні ад іншых спаборніцтваў не дралі адзін перад адным насы (вёска і сёння з’яўляецца асновай чалавечнасці).

Дзякуй ваўкавыскаму спартыўнаму клубу, дзякуючы якому ўсё гэта з намі адбылося.

Аляксандр Бубноў



Комментарии от авторизованных пользователей видны всем пользователям сразу, анонимные только после модерации!

Войдите Или зарегистрируйтесь

Добавить комментарий