Украінскі палітоляг Яўген Магда напярэдадні другой гадавіны пачатку шырокамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ацэньвае наступствы страты Аўдзееўкі, заяўляе, што Ўкраіне давядзецца часова перайсьці да абароны, і мяркуе, што наўрад ці Лукашэнка па-сапраўднаму хоча вайны.

— Як украінскае грамадзтва ўспрыняло страту Аўдзееўкі, ці лічыцца гэта сур’ёзнай паразай?

— Важнасьць Аўдзееўкі заключалася ў тым, што яна вельмі блізка ад Данецку, і адтуль можна было даставаць Данецк — у гэтым было яе галоўнае ваеннае значэньне. На працягу 10 гадоў там праходзіла лінія фронту.

Для Крамля перад «выбарамі» Пуціну патрэбны быў нейкі сымбаль, і яны не лічыліся з ахвярамі і сродкамі. Выкарыстоўвалі «крылатыя авіябомбы», каб разбамбіць там усё, што можна.

Нейкіх драматычных наступстваў унутры Ўкраіны я не назіраю. Аднак падзеньне Аўдзееўкі адбылося на фоне звальненьня галоўнакамандуючага Залужнага — гэта ўздымае пэўныя пытаньні.

— Як адстаўка Залужнага выглядае з гледзішча палітычнай барацьбы, з гледзішча наступных прэзыдэнцкіх выбараў?

— Я ня бачу Залужнага кандыдатам у прэзыдэнты, бо ягоная папулярнасьць грунтавалася найперш на тым, што ён вайсковец. Я думаю, яго і зьнялі, бо ён стаў больш папулярны за прэзыдэнта Зяленскага. Але тут яшчэ адзін момант — на сёньня кіраўнік выведкі Буданаў таксама больш папулярны за Зяленскага.

Па-другое, цяпер у нас ёсьць цэлая кагорта генэралаў, якія ваявалі з 2014 году. Новы галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі таксама з гэтай кагорты. Таму казаць, што з адстаўкай Залужнага ўсё агалілася, будзе няправільна. Але гэтую адстаўку людзям не патлумачылі, і гэта, на маю думку, сур’ёзная праблема.

Я думаю, зараз Украіне давядзецца перайсьці да абароны — гэта даволі відавочны факт.

— Перайсьці да абароны — чаму? Таму што расейцы ўзмацніліся, накіравалі на фронт сотні тысяч новых людзей і тэхнікі? Ці таму, што заходняя падтрымка ў 2023 годзе была значна меншай за 2022 год, і гэтага недастаткова для наступальных апэрацыяў?

— Заходняй дапамогі, сапраўды, было недастаткова. Бранятэхнікі не хапала, самалётаў мы дагэтуль не атрымалі — магчыма, атрымаем сёлета. Таму пераход да абароны — вымушаны крок. Нам трэба берагчы людзей і на ўсё глядзець рэалістычна. Бо Расея завальвае фронт сваімі вайскоўцамі. Украіна, відавочна, ня можа сабе дазволіць такі падыход.

— Зьяўляецца вельмі супярэчлівая інфармацыя, у тым ліку ва ўкраінскіх СМІ, пра тое, як праходзіць мабілізацыя ва Ўкраіне. Чэргаў у ваенкаматы, відавочна, ужо не назіраецца. Часьцей пішуць пра тое, як ваенкамы вылоўліваюць прызыўнікоў у самых розных месцах. Наколькі моцны на сёньня мабілізацыйны патэнцыял Украіны?

— Чэргі ва ўкраінскія ваенкаматы, сапраўды, стаялі ў першыя дні пасьля расейскага ўварваньня 24 лютага 2022 году — гэта рэальнасьць, а не прапаганда. Натуральна, што праз два гады шырокамаштабнай вайны людзі стаміліся, расчараваліся, маюць многія праблемы.

Аднак галоўная праблема ў тым, што парлямэнт аказаўся няздольны хутка прыняць закон аб мабілізацыі. Да цяперашняга законапраекту, які прыняты ў першым чытаньні, будзе некалькі тысячаў паправак. Бо многія дэпутаты проста баяцца за яго галасаваць і потым ехаць у сваю акругу.

Не хапае ўзаемаразуменьня паміж рознымі палітыкамі і галінамі ўлады. Калі б мабілізацыю сумесна абвяшчалі Зяленскі і Залужны — мяркую, быў бы зусім іншы эфэкт. Але офіс прэзыдэнта вырашыў, што яны будуць спрабаваць перакласьці палітычную адказнасьць на каго заўгодна, акрамя самога Зяленскага. Хоць паводле заканадаўства Ўкраіны мабілізацыю абвяшчае менавіта кіраўнік дзяржавы.

— Наколькі ва Ўкраіне заклапочаныя магчымым абраньнем у ЗША Дональда Трампа? Як на вашу думку, пагроза, што Вашынгтон зьменіць сваю палітыку падтрымкі Ўкраіны, нават пры Трампу на самой справе не рэальная?

— Пакуль вельмі рана казаць. Чакаем рашэньня Вярхоўнага Суду ЗША наконт таго, ці будзе Трамп удзельнічаць у выбарах у асобных штатах. Трамп, з аднаго боку, сапраўды мае тэндэнцыю дзейнічаць як папуліст. Але, зь іншага боку, я ня веру, што ён рэальна можа і хоча спыніць дапамогу Ўкраіне ці Ізраілю.

— Да выбараў у лістападзе адносна далёка, і рашэньне наконт дапамогі прымае Кангрэс ЗША. Наколькі рэальна атрымаць гэтую дапамогу сёлета, і наколькі кардынальна Ўкраіна мае ў ёй патрэбу?

— Украіна мае вельмі вялікую патрэбу ў гэтай дапамозе. Але заяўленыя аб’ёмы — каля 60 мільярдаў — атрымаць будзе цяжка. Зь іншага боку, і рэспубліканцы, і дэмакраты зацікаўленыя ў посьпеху Ўкраіны.

— Чым, па-вашаму, можна патлумачыць фактычна гістэрыю, якую нагнятае апошнім часам Аляксандар Лукашэнка, заяўляючы, што на Беларусь зьбіраюцца напасьці, супраць яе праводзяць розныя апэрацыі і гэтак далей?

— Я мяркую, па-першае, Лукашэнка імкнецца прыцягнуць увагу да парлямэнцкіх выбараў 25 лютага, зладзіць у грамадзтве рэгуляваную паніку. І я думаю, што Расея паспрабуе цалкам падпарадкаваць беларускую ваенную машыну і пераарыентаваць яе на дзеяньні супраць краінаў NATO.

Бо супраць Украіны накіраваць беларускія войскі аб’ектыўна будзе даволі цяжка. Шматлікія заявы Лукашэнкі, што ён ніколі ня пойдзе вайной на Ўкраіну, у дадзеным выпадку граюць супраць інтарэсаў Крамля.

— Але два гады таму менавіта з тэрыторыі Беларусі пайшлі расейскія войскі на Кіеў.

— Гэта было магчыма тады, калі на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся дзясяткі тысяч расейскіх вайскоўцаў. І Ўкраіна была не гатовая, Зяленскаму дакладалі, але ён ня верыў, што магчымы напад з тэрыторыі Беларусі.

— То бок Кіеў лічыць, што Лукашэнка ў пэўнай ступені самастойны гулец, ці што ён стаў поўным васалам Расеі?

— Не, самастойнасьці ў яго няма і не было. Але ў яго ёсьць разуменьне, што калі ён аддасьць усё Расеі, то стане ёй не патрэбны, і Крэмль яго «ўтылізуе». І паставіць на ягонае месца яшчэ больш прарасейскага чалавека. Некаторыя кажуць, што больш прарасейскага няма, але я перакананы, што ёсьць. І ў яго ня будзе тых абавязаньняў і той палітычнай гісторыі, якая ёсьць у Лукашэнкі.

— Дык чым тлумачыцца гэтая ваенная рыторыка Лукашэнкі? Ён ведае, што Расея рыхтуецца да вялікай вайны?

— Я ня думаю, што Лукашэнка па-сапраўднаму хоча вайны. Яму б хацелася перамагчы, але пажадана без вайны. І ў яго ёсьць сур’ёзная праблема — як даваць зброю народу, які ня мае да яго ніякай павагі і ляяльнасьці.

"Свабода"