Лукашэнку хацелася б, каб усе наўкол верылі і прызнавалі, што прыдуманы ім УНС — гэта і ёсьць народ. Такая магія ілюзіі і самападману. Але ёсьць вялікі сумнеў, што гэты заляжалы палітычны тавар удасца «прадаць» грамадзтву. Бо ўжо занадта вялікі кантраст паміж прапагандысцкай карцінкай і рэальнасьцю сёньняшняй Беларусі, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.

Вялікі ажыятаж

Чым бліжэй паседжаньне Ўсебеларускага народнага сходу (УНС), тым больш у кіроўных вярхах палітычнага ажыятажу вакол гэтай падзеі. Сам Аляксандар Лукашэнка зь любой нагоды ўзгадвае новы дзяржаўны орган як нешта надзвычай важнае, амаль лёсавызначальнае. Вось 4 красавіка ён заслухаў першага намесьніка кіраўніка сваёй Адміністрацыі Максіма Рыжанкова пра падрыхтоўку гэтага сходу. «Трэба найперш арганізаваць працу галін улады. Асабліва Ўсебеларускага народнага сходу. Шмат новага... Галоўнае цяпер — УНС», — даваў наказ Лукашэнка.

Такім чынам, арганізацыя паседжаньня УНС цяпер стала адным з галоўных пытаньняў дзяржаўнай палітыкі. Выконваючы дырэктыву чыноўнікаў, дзяржаўныя мэдыя бясконца піяраць гэтую падзею.

Звонку ўсё гэта выглядае трохі дзіўнавата. Бо рэклямаваць тут асабліва няма чаго. Каб рэкляма працавала, патрэбен нейкі якасны тавар, які можна «прадаць». А тут няма палітычнага тавару, няма прадмета ці суб’екта.

Найперш варта зазначыць, што УНС — нявыбарны орган. Ягоная важная асаблівасьць — тое, што ён фармуецца бяз выбараў. Калі іншыя інстытуты ўлады (прэзыдэнт, Палата прадстаўнікоў, мясцовыя саветы) хаця б фармальна выбіраюцца, то Ўсебеларускі народны сход, які прэтэндуе на статус вышэйшага органа дзяржаўнага кіраваньня, не выбіраецца. Траціну яго дэлегатаў складуць высокапастаўленыя чыноўнікі, траціну — дэпутаты Нацыянальнага сходу і мясцовых саветаў, яшчэ траціну — прадстаўнікі так званай «грамадзянскай супольнасьці».

Што да апошняй катэгорыі дэлегатаў, то назва не павінна ўводзіць у зман. Рэальныя структуры грамадзянскай супольнасьці за апошнія тры гады былі ліквідаваныя. Іх месца занялі арганізацыі, якія створаныя ўладай і падпарадкаваныя ёй. У міжнароднай тэрміналёгіі яны называюцца GONGO. Правам накіроўваць дэлегатаў на УНС надзеленыя пяць грамадзкіх аб’яднаньняў: Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, «Белая Русь» (ня партыя, а грамадзкае абʼяднаньне), Беларускі саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускае грамадзкае абʼяднаньне вэтэранаў. Кожнае зь іх вылучае па 80 дэлегатаў.

Раней, у мінулыя гады, перад паседжаньнямі УНС улада хаця б імітавала выбары дэлегатаў. БТ паказвала сходы на прадпрыемствах, дзе кандыдатуры дэлегатаў нібыта абмяркоўваліся, а пасьля праводзілася галасаваньне. Цяпер ад імітацыі вырашылі адмовіцца. Мэханізмы зваротнай сувязі з грамадзтвам канчаткова дэмантаваныя. Інстытут з гучнай назвай «Усебеларускі народны сход» будзе функцыянаваць без удзелу народу. Ад слова «зусім».

Пусты парадак дня

Дзяржаўныя мэдыя адносна УНС выкарыстоўваюць штампы, кшталту «народнае веча», «непасрэдная дэмакратыя», «прамая размова з народам», «найвышэйшая форма дэмакратыі». Аднак тэрміны «непасрэдная дэмакратыя», як і «народнае веча», азначаюць прамы ўдзел усяго насельніцтва ў прыняцьці палітычных рашэньняў без усялякіх пасярэднікаў. Як, напрыклад, на полацкім вечы пэрыяду раньняга сярэднявечча.

У дадзеным выпадку ўсё адбываецца дакладна наадварот. Напрыклад, дэлегатаў на УНС ад мясцовых саветаў абіраюць у два прыёмы. Спачатку «выбіраюцца» (вынесем за дужкі пытаньне аб тым, што рэальных выбараў не было) мясцовыя дэпутаты. А потым абласныя саветы выбіраюць дэлегатаў ад мясцовых саветаў. Таму называць УНС «непасрэднай дэмакратыяй» — праява невуцтва.

І парадак дня паседжаньня УНС, па вялікім рахунку, пусты. У першы дзень прымуць рэглямэнт працы УНС, выберуць кіроўныя органы сходу: прэзыдыюм, старшыню і інш. Сам Лукашэнка плянуе выступіць зь вялікім дакладам. Можна меркаваць, што гэта будзе названа пасланьнем. Звычайна кожны год ён выступае з пасланьнем перад Нацыянальным сходам. Цяпер гэта будзе выступ перад УНС. То бок статус пасланьня гэтым нібыта падвышаецца.

І толькі ў другі дзень УНС распачне працэс «кіраваньня дзяржавай». Будуць прынятыя новая Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі і Ваенная дактрына Беларусі. Нічога лёсавызначальнага.

На гэтым бурная кіраўнічая дзейнасьць УНС скончыцца да наступнага паседжаньня, якое, магчыма, пройдзе праз год. І зноў скончыцца на працягу двух дзён.

Навошта ж такі ажыятаж і піяр?

Суцэльная імітацыя

Як вядома, палітычная сыстэма Беларусі — гэта суцэльная імітацыя. Шмат якія дзяржаўныя інстытуты — дэкарацыі, муляжы, іх вонкавая форма зусім не адпавядае зьместу. Прыкладаў вельмі шмат. Фармальна ў Беларусі нібыта адбываюцца выбары, а насамрэч іх няма. Нібыта існуе парлямэнт — двухпалатны Нацыянальны сход. Але насамрэч яго дзейнасьць — гэта суцэльная прафанацыя. Такі ж сурагат — мясцовыя саветы.

Ці вось: навошта ў Беларусі патрэбен Канстытуцыйны суд? Калі дэпутаты Нацыянальнага сходу хоць неяк імітуюць дзейнасьць, зьбіраюцца на сэсіі, прымаюць нейкія законы, то Канстытуцыйны суд увогуле нічога ня робіць.

Адбываецца імітацыя правасудзьдзя. Бо, як вядома, суды ў Беларусі амаль не выносяць апраўдальных прысудаў, яны проста штампуюць прапановы сьледчых органаў. І адвакаты патрэбныя, калі існуе сыстэма правасудзьдзя.

Імітуецца грамадзянская супольнасьць, дзейнасьць партый, якія не ствараюць партыйных фракцый у парлямэнце (не прадугледжана рэглямэнтам). Больш за тое, сам сувэрэнітэт Беларусі становіцца ў пэўным сэнсе нейкай дэкарацыяй.

А УНС — гэта імітацыя, даведзеная да лягічнага канца. Сход імітуе народ, выконвае ролю ўсёй беларускай грамады. Лукашэнка імкнецца вярнуць сабе вобраз «народнага прэзыдэнта». І раней ён пачаў падмяняць сапраўдную падтрымку насельніцтва яе больш-менш праўдападобнай імітацыяй, якая нарастала па меры згасаньня народнай любові. З рэальным народам ён не сустракаўся, яго ролю выконвалі адмыслова падабраныя і падрыхтаваныя людзі. А пасьля 2020 году Лукашэнка проста баіцца народу. Асабліва пасьля таго, як у гарачыя дні жніўня таго гістарычнага году рабочыя МЗКЦ сталі скандзіраваць яму «Сыходзь!».

Падаецца, цяпер Лукашэнку ўдалося самога сябе ўпэўніць, што УНС — гэта і ёсьць народ. Такая магія самападману. Але ёсьць вялікі сумнеў, што гэты заляжалы палітычны тавар удасца «прадаць» грамадзтву. Надта ж вялікі кантраст паміж прапагандысцкай карцінкай і рэальнасьцю. Бо ў гэтым спэктаклі галоўным зьяўляецца не безгалосая і шэрая масоўка, якая імітуе народ, а толькі адзін актор. І гэта відавочна для ўсіх.

"Свабода"