4 лістапада 2010 г. з’явілася распараджэньне № 199р «Аб парадку паведамленьня па выездзе ў службовыя камандзіроўкі за мяжу» за подпісам старшыні аблвыканкаму Шапіры. Згодна зь ім кіраўнікі прадпрыемстваў мусілі загадзя папярэдзіць аблвыканкам пра заплянаваны выезд за мяжу па службе. 16 сьнежня было прынятае распараджэньне № 227р, якое скасоўвала папярэдні дакумант. Новае рашэньне было разьмешчана на сайце аблвыканкаму ў раздзеле «Афіцыйныя дакументы» (11 студзеня яго зьнялі з сайту). У ім гаварылася, што яно прынята «ў мэтах забеспячэньня стабільнай працы арганізацый, разьмешаных на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці».

Згодна распараджэньню, для атрыманьня дазволу на выезд на імя старшыні аблвыканкама неабходна прадставіць ліст з указаньнем зьвестак пра дзяржаву і тэрмінах камандзіраваньня, мэты – і крыніцы фінансаваньня камандзіроўкі. Кантроль за выкананьнем дадзенага распараджэньня ўскладзены на Камітэт эканомікі аблвыканкаму. Сюды па выніках камандзіроўкі кіраўнікі арганізацый ў 10-дзённы тэрмiн мусяць даслаць інфармацыю аб выніках камандзіроўкі, у тым ліку пра яе эфектыўнасьць.

Скандальная ініцыятыва губернатара нарабіла шмат шуму. Старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра ў інтэрв’ю «Комсомольской правде» пракаментаваў акалічнасьці прыняцьця распараджэньня № 227р «Аб парадку выезду ў службовую камандзіроўку за мяжу». Па яго словах, яго рашэньне датычыць толькі тых кіраўнікоў, што працуюць на дзяржаўнай службе і атрымліваюць заробак з бюджэту. Наяўнасьць у распараджэньні фармулёўкі «незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасьці і формы ўласнасьці» кіраўнік вобласьці патлумачыў тым, што супрацоўнікі апарата аблвыканкаму маглі перастарацца.

І сёньня на сайце аблвыканкама з’явіўся пералік арганізацый, кіраўнікі якіх узгадняюць выезд у службовыя камандзіроўкі за мяжу са старшынёй Гарадзенскага аблвыканкама. У лік іх трапілі кіраўнікі ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат» і Ваўкавыскага ААТ «Беллакт».

Дзіўна, але чыноўнікі аблвыканкама прызналі сваю памылку і, як паведамляе сайт аблвыканкама, у сувязі з тым, што ў тэксце распараджэньня палажэньне аб парадку выезду ў службовыя камандзіроўкі за мяжу кіраўнікоў арганізацый вобласьці сфармулявана невыразна, у бліжэйшы час у распараджэньне будуць унесены дапаўненьні і  інфармацыя будзе разьмешчана на сайце аблвыканкама.