Адным з найцікавейшых помнікаў старажытнасці на Беларусі з’яўляецца царква св.Міхаіла Архангела, што ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёну. Гэта храм абарончага тыпу адзін з самых ранніх праваслаўных гатычных храмаў краіны. Акрамя таго, што гэта помнік архітэктуры – гэта яшчэ і святыня для праваслаўных вернікаў, да якой імкнуцца паломнікі.

На сенняшні час у храме ідуць рэстаўрацыйныя работы, якія вядзе мастак Алесь Пушкін, які згадзіўся расказаць пра тое, што ён робіць у Сынкавічах.

— Алесь, што зараз робіцца у царкве?

— На сценах царквы некалькі слаёў фарбы, паперш – гэта слой фарбы 1990 года, затым слой, які быў зроблены ў 1872-1892 гг. у час апошняга рамонту пры Еўстафіі Міхайлоўскім, а ўжо пад ім ляжаць слаі болей ранейшыя, на якіх ёсць старажытныя графіці. Мая задача зняць верхнія два слаі фарбы, каб можна было даследаваць графіці. Пасля гэтага інтэр’ер храму трэба будзе распісаць у кананічных традыцыях хрысціянства.

— Алесь, а што такое графіці, у чым іх адрозненне ад фрэсак?

— Фрэскі робіць мастак, а графіці – гэта тое, што надрапалі на сценах наведвальнікі храму і святары. Гэта не надпісы тыпа “Тут быў Вася”, а надпісы, якія належаць да духоўнага жыцця, нейкіх абставін і падзей – напрыклад, цытаты з Евангелія. Я спрабаваў сам адчысціць сцены, але гэта вельмі цяжкая работа і трэба было наймаць людзей. Мы далі абвесткі ў газетах і інтэрнэце. Людзі пачалі прязджаць і аказваць дапамогу. Людзі розныя, прыязджаюць не толькі праваслаўныя, але і каталікі, і атэісты. За ачыстку 1 кв. метра сцяны царква плаціць 83 000 рублёў. Таму людзі працуюць розныя, хтосьці прыехаў зарабіць, а хто і крочыў за пазовам сэрца, каб зрабіць нешта карыснае. Прыязджаў чалавек з Менску ў выхадны дзень, адчысціў 40 санціметраў фарбы, атрымаў грошы, кінуў іх у скарбонку для ахвяравання, сеў на машыну і паехаў зноў у Менск, а хтосьці заробіць грошай і адразу набывае гарэлкі…

Аднавіць храмы вельмі цяжка, пры Саветах яны былі ў заняпадзе, у 90-х гадах святары атрымлівалі храмы, ішлі ў краму, куплялі алейныя фарбы, сайдынг і аднаўлялі храмы па-своему, адтуль і цыбуліны на помніках гатычнай архітэктуры, і алейная фарба на старажытных сцянах, якія “задыхаюцца” пад фарбай. Цяпер так нельга рабіць, павінен быць навуковы кіраўнік. Знешні від храму павінен адпавядаць гістарычнаму абліччу, а ў інтэр’еры – калі не было старажытных роспісаў, якія могуць мець гістарычную і навуковую каштоўнасць, можна зрабіць роспіс, але ў адпаведнасці з традыцыяй таго месца і таго стылю, у якім пабудаваны культавы будынак.

Напрыклад, я адчышчаю сцены, здымаю графіці, вывучаю пігменты, якімі былі пафарбаваны сцены ў старажытнасці, а потым я павінен буду зрабіць прапанову і падаць яе на навуковую раду пры Міністэрстве культуры.

Знайшлі ў сынкавіцкай царкве сіні пігмент – будуць нябесы. Нажаль, роспісу ў храме няма, але захавалася шмат помнікаў, якія былі пабудованы ў адзін час з нашым, і роспіс у Сынкавічах будзе зроблены ў адпаведнасці са стылем і традыцыямі таго часу.

Каб не згубіць свае карані, традыцыі, аднаўляць помнікі гісторыі і культуры павінны людзі свядомыя ў гісторыі краіны, гісторыі мастацтва і рэлігіі, а, галоўнае – патрыеты, якія любяць сваю краіну. Якія будуць працаваць за невялікія грошы ў глушы.

-Алесь, як доўга працягнецца рэстаўрацыя?

— Гэта пакуль невядома, прыкладна 22 жніўня будзе навукова-метадычная рада, на якой я павінен прадставіць свае прапановы і план работы. Тэрміны работы залежаць і ад фінансавых сродкаў, якія будзе даваць царква.

Запішы адну вельмі важную рэч – Алесь Пушкін вельмі ўдзячны ўсім журналістам і блогерам, якія прыязджаюць сюды і робяць інфармацыйную падтрымку, даюць абвесткі. Гэта і телеканалам Саюз і Белсат, Нашай Ніве і Міхасю Карневічу са Свабоды, блогеру Марціновічу. Дзякуючы падтрымцы СМІ і інтэрнэта да нас прыязджаюць людзі, якія працуюць на храме, дапамагаюць матэрыяльна.

— Алесь, што для цябе Сынкавічы? Месца працы?

— Я вельмі рады, што спадобіўся тут быць. Спадобіцца і выканаць містычнаю волю божую і зрабіць роспіс у храме.

— Ты адчуваеш, што гэта воля Бога?

— Так, у мяне былі зусім другія планы, але ўсе складваецца так, што я працую ў Сынкавічах. Бог дае свабоду выбару і я абіраю Сынкавічы. Праца тут для мяне вельмі важная, як для праваслаўнага чалавека.

— Алесь, ты вядомы мастак-перформер, знаходзішся ў апазіцыі да існуючай палітычнай улады, дарэчы, ты атрымаў срок за свой перформанс “Гной для прэзідэнта”, калі вываліў тачку гною каля адміністрацыі Прэзідэнта. Як табе цяпер жывецца ў краіне? Як жывецца вольнаму мастаку?

— Акрамя перформансу я скончыў факультэт манументальнага жывапісу Акадэміі мастацтваў і роспіс гэта мая прафесія, я сябра Віцебскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі. Роля нашай творчай інтылігенцыі – каб знаходзіцца тут і цяпер. Няма пагрозы фізічнага знішчэння, робяцца нейкія і станоўчыя рэчы – рэстаруюцца храмы, жнецца хлеб. Жыві ў краіне, жыві ў Смаргоні, жыві, як Пушкін, у Бабры, як Фелікс Янушкевіч у Ракаве, як Андрэй Ляхновіч у Крупках, як Міхась Казлоўскі ў Маладзечне. Вось! Тут і цяпер! Вось твая роля! І легчы ў гэту зямлю як угнаенне для будучай ружы, якая вырасце.

Можа для роспісу сынкавіцкага храму знойдзецца і болей таленавіты мастак, чым я, які распіша царкву цудоўнымі фрэскамі і ўсе скажуць – “Якая чысціня!”. Што тут грэшны Пушкін, які быў падкі да зелля і жанчын. Можа, мая роля будзе толькі адшкрабсці гэты храм і мазаць свае карцінкі ў Бабры, але тут і цяпер.

Я нават здолеў атрымаць афіцыйны дазвол ад уладаў на працу ў сынкавіцкай царкве, што не можа не здзіўляць, але ўсё ёсць, як ёсць…

так раней выглядаў храм св.Міхаіла Архангела

 

.

дазвол на працу

 

.