2 сакавіка 1893 г. у Ваўкавыску нарадзіўся Эліяху ГАЛОМБ — арганізатар габрэйскай абароны ў падмандатнай Палестыне, адзін з заснавальнікаў Хаганы і яе найбольш аўтарытэтны кіраўнік, грамадскі і прафсаюзны дзеяч.

Прыехаў у Палестыну ў 1909 годзе з Ваўкавыска. У 1913 г. скончыў гімназію Герцля ў Тэль-Авіве. Удзельнік Першай Сусветнай вайны ў складзе Габрэйскага легіёна. Ён распрацаваў канцэпцыю габрэйскай самаабароны ў Палестыне. Прадстаўляў Хагану як ядро габрэйскай арміі, здольнай выконваць галоўную задачу: ахоўваць права габрэяў прыязджаць у Палестыну і весці ў Палестыне вольнае жыццё. І Хагана, падрыхтаваная Галомбам, стала, калі гэта спатрэбілася ў 1948 годзе, асновай арміі краіны.

У 1918 г. узначаліў рух за масавае ўступленне габрэяў у Легіён. У войску пасябраваў з Б. Кацнельсонам, пад уплывам якога ўступіў у 1919 г. у партыю  Ахдут ха-Авода. Пасля дэмабілізацыі пасяліўся ў Дганіі і стаў членам камітэта па арганізацыі Хаганы. Неаднаразова сустракаўся з І. Трумпельдорам, у 1920 г. арганізаваў дапамогу абаронцам Тэль-Хая. З 1921 г. Галомб — член камітэта Хаганы пры Гістадрудзе. У 1922-1924 гг. накіроўваецца ў Еўропу для закупкі зброі. Ад 1931 г. — член цэнтральнага камандавання Хаганы. У перыяд арабскіх беспарадкаў (1936-1939) быў адным з ініцыятараў стварэння «палявых атрадаў», якія змагаліся з арабскімі тэрарыстамі. Будучы прыхільнікам актыўнай абароны, Галомб разам з тым выступаў супраць карных дзеянняў у адказ. У 1939-1940 гг. Галомб і Б. Кацнельсон спрабавалі дасягнуць пагаднення з В. Жабацінскім адносна аб’яднання сіянісцкага руху і зліцця ўсіх узброеных груп ішува пад адзіным камандаваннем. Галомб ускладаў надзеі на супрацоўніцтва з Вялікабрытаніяй і лічыў, што Хагана пад кантролем цэнтральнага нацыянальнага кіраўніцтва павінна быць адзінай ваеннай сілай габрэйскага народа. Барацьба з іншымі падпольнымі ваеннымі арганізацыямі (Лахамей херут Ісраэль і Іргун цваі ляўмі), якую Галомбу прыйшлося весці ў апошнія гады жыцця, выклікала ў ім глыбокае пачуццё гаркаты.

Памёр 11 чэрвеня 1945 г. у Тэль-Авіве. У доме, у якім Галомб жыў у Тэль-Авіве, створаны музей Хаганы, названы яго імем.